«Ад Кітая камусьці хочацца вялікай чыстай любові, і каб грошай. Але ўзаемнасці няма»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра апошнія кантакты Лукашэнкі з Пекінам і намаганні правесці «карэкцыю геапалітычнай арыентацыі».

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_novy_czas__2__logo_1.jpg

Пасля дарагога кітайскага госця сёй-той учора сустрэў пасланца Папы Рымскага, піша тэлеграм-канал. З кітайскім госцем усё зразумела. Кітайскі госць камусьці не проста так дарагі. Кітайскі госць камусьці вельмі дарагі.

Таму што бескарыслівая любоў да братэрскага кітайскаму народу ў апошні час неяк перастала акупляцца. Братэрскі кітайскі народ даўно кагосьці не цешыў сваімі інвестыцыямі. Экспарт беларускага калію ў Кітай за сем месяцы ўпаў у два разы, а за ліпень дык увогуле ў тры.

Таму ад Кітая камусьці хочацца вялікай чыстай любові, і каб грошай. Але ў гэтых светлых пачуццяў ніяк не атрымліваецца знайсці сабе ўзаемнасці.

Але Папа Рымскі гэта табе не Кітай. У Папы Рымскага грошай не дапросішся, нават калі ў яго ёсць. А беларускім калійным угнаеннем у Ватыкане проста няма дзе разгарнуцца. Так што тут, як я сабе разумею, сёй-той пасля раптоўнага прыступу гуманізму вырашыў зладзіць геапалітычныя манеўры.

Таму што адзін раз сёй-той такое з Папам Рымскім ужо рабіў і, мабыць, вырашыў, што можа паўтарыць. Правесці карэкцыю сваёй геапалітычнай арыентацыі. І гэта, вядома, выключна выпадковае супадзенне, што жаданне зрабіць геапалітычнай арыентацыі карэкцыю з'явілася на фоне поспехаў УСУ ў Курскай вобласці.


Глядзіце таксама

Не. Думаю, гэта выпадковае супадзенне. Што карэкцыяй сваёй геапалітычнай арыентацыі сёй-той хацеў заняцца даўно і па іншых прычынах. Але падазраю, што ўкраінскія танкі ў Курскай вобласці гэта жаданне прастымулявалі.

Таму што сёй-той жа пагражаў НАТО не толькі сваімі генераламі. Сёй-той яшчэ пагражаў, што саюзнік будзе абараняць яго межы як свае ўласныя. Што калі хто-небудзь, калі-небудзь, хоць адным пальцам наступіць на святыя рубяжы, то яму адкажа ўся ваенная моц Саюзнай дзяржавы.

І вось я хачу табе сказаць, што калі саюзнік будзе абараняць кагосьці як ён абараніў Курскую вобласць, то лепш не трэба. Курскую вобласць саюзнік абараняе ўжо тры тыдні. І чым даўжэй ён абараняе сваю Курскую вобласць, тым менш ад гэтай Курскай вобласці застаецца. З такімі поспехамі ўсё ідзе да таго, што пасля Курска саюзніку хутка прыйдзецца абараняць Белгарад. А пакуль да кагосьці дойдзе чарга, ад кагосьці наогул нічога не застанецца.

І атрымліваецца, што абараніць кагосьці няма каму, акрамя яго, даруй, Госпадзе, генералаў. Ну гэта значыць, ты ж бачыла гэтых генералаў. Вось нават мне смешна. А сёй-той ведае сваіх генералаў лепш за мяне. Беларускія генералы ўмеюць абараняць стэлу ад нападу неверагоднага праціўніка. А на верагоднага праціўніка беларускія генералы не падпісваліся.

Так што геапалітычную арыентацыю сапраўды лепш злёгку падкарэктаваць. І пажадана з гэтай справай доўга не зацягваць. Таму што калі доўга цягнуць, то можа так атрымацца, што карэктаваць будзе няма каму.