Візіт прэм'ера Кітая на фоне гістарычнага абвалу экспарту
Ці здарыццы вялікі прыход кітайскіх тэхналогій ў Беларусь? За паўгады беларускі экспарт у Кітай скараціўся на 37,2%. У выніку адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем наблізілася да 2 мільярдаў долараў.
У Мінску прайшлі перамовы са старшынёй Дзяржсавета Кітая Лі Цянам. У бакоў з'явілася магчымасць абмеркаваць праблемы ва ўзаемным гандлі, якія назіраюцца сёлета. А паводле дадзеных Галоўнага мытнага ўпраўлення Кітая (GACC), якія вывучыў партал «Беларусы і рынак», праблемы ў гандлі з Кітаем вельмі сур'ёзныя.
Як падае тавараабарот?
Так, па выніках студзеня-чэрвеня тавараабарот Беларусі з Кітаем да аналагічнага перыяду мінулага года абваліўся на 13,2% — да 3,9 млрд долараў.
Калі браць дзяржавы постсавецкай прасторы (без краін Балтыі), большае падзенне тавараабароту Кітая назіралася ў гэтым перыядзе толькі з Арменіяй і Таджыкістанам. З Арменіяй ён сышоў у мінус на 14,9%, з Таджыкістанам – на 14,4%.
Але для гэтых дзвюх краін, у адрозненне ад Беларусі, у сукупным тавараабароце «кітайская прысутнасць» не з'яўляецца істотнай.
Але галоўнае ў тым, што пры росце імпарту з Кітая (2,9 млрд долараў) рэзка пікіруе беларускі экспарт. Паводле звестак GACC, за паўгоддзе ён скараціўся на 37,2% (да 994,9 млн долараў). У выніку адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем наблізілася да 2 млрд долараў.
Што падае?
«Мінус» сёлета ўтварыўся амаль па ўсіх ключавых таварных групах.
- Па выніках студзеня-мая пастаўкі Беларуссю калійных угнаенняў склалі 393 млн долараў. У грашовым выражэнні гэта амаль на 50% менш чым летась.
- Галоўнай прычынай праблемы ў дадзеным сектары з'яўляецца абвал сусветных коштаў на гэты від прадукцыі. Дабраць да леташняга ўзроўню не ўдаецца нават істотным нарошчваннем экспарту ў фізічным выражэнні.
- Прыкметнае прасяданне назіраецца сёлета па харчаванні, што адносна нядаўна ператварыўся ў важны складнік беларускага экспарту ў Кітай.
- Закупкі Кітаем айчыннага рапсавага алею ў першым паўгоддзі 2024 года скараціліся ў больш чым два разы – з 130 да 45 млн долараў.
- Таксама прыкметна ўпалі адгрузкі ў студзені-чэрвені мяса і харчовых субпрадуктаў хатняй птушкі — з 172,2 млн да 94,4 млн долараў.
- Не такія значныя, але з'явіліся мінусы па замарожанай ялавічыне, малочнай сыроватцы і згушчаных малаку і вяршках.
Што рабіць?
Што цікава, прынамсі ў афіцыйных паведамленнях, тэма падзення тавараабароту не гучала. У іх пераважалі палітыка, спорт, гістарычная памяць, гуманітарныя пытанні і вельмі акцэнтавана з боку Аляксандра Лукашэнкі — інвестыцыі. Дакладней, патрэба Беларусі ў кітайскіх інвестыцыях.
«Прапаную вызначыць стрыжнёвай задачай урадаў дзвюх краін на сярэднетэрміновую перспектыву, да 2030 года, рэалізацыю вялікага прыходу кітайскіх тэхналогій у нашу рэспубліку, — сказаў Лукашэнка. — Развіццё Беларусі мы бачым у спалучэнні з канцэпцыяй новых прадукцыйных сіл Кітая на аснове тэхналогій, інавацый і якаснага чалавечага патэнцыялу».
Са слоў Лукашэнкі, цяпер «у актыўнай прапрацоўцы з кітайскімі партнёрамі» знаходзяцца «15 новых інвестпраектаў стратэгічнага ўзроўню на суму да трох мільярдаў долараў». Ён пералічыў важнейшыя з іх: трэці этап праекта па глыбокай перапрацоўцы збожжа беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, будаўніцтва заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і ДСП, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцця, вытворчасці рухавікоў, поліпрапілену, карбаміду, хлорату натрыю, перакісу вадароду, кальцыніраванай соды.
«Мы мяркуем, што гэтыя прадпрыемствы, якія будуць пабудаваны ў Беларусі, спатрэбяцца і кітайскай эканоміцы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас візіту, паводле яго слоў, плануецца падпісаць »гістарычны« дакумент — пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Ад яго рэалізацыі ў Беларусі чакаюць росту на працягу бліжэйшых пяці гадоў экспарту беларускіх паслуг у Кітай як мінімум на 12-15%. Таксама за гэты перыяд чакаецца прырост інвестыцый на 30%.