«Людзі такога гарту й перакананняў пакутавалі за Беларусь пры любой уладзе». Юльян Саковіч

Ён прайшоў шлях ад камуніста да беларускага нацыяналіста, выстаяў у польскіх і бальшавіцкіх катоўнях, «бясстрашна бараніў беларускі народ перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі». У дзень народзінаў Юльяна Саковіча распавядаем пра яго. 

Юльян Саковіч

Юльян Саковіч

Са школьных гадоў быў звязаны з камуністычным рухам

Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 году ў фальварку Баўдыры Крэўскае воласьці Ашмянскага павету, у заможнай сялянскай сям’і Антонія і Міхаліны Саковічаў.

Гісторык Сяргей Ёрш піша: «Бацька хацеў бачыць сына адукаваным і нацыянальна сьведамым ды накіраваў яго вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. Тут Юльян знаёміцца з падпольнымі камуністычнымі выданьнямі, уступае ў камсамол».

Выпускнікі Віленскай беларускай гімназіі. Юльян Саковіч, Янка Хвораст, Марыя Скурко

Выпускнікі Віленскай беларускай гімназіі. Юльян Саковіч, Янка Хвораст, Марыя Скурко

У 19 гадоў яго ўпершыню арыштоўвае польская паліцыя і трымае ў турме цэлы месяц

З асабістай справы вязня Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера Юльяна Саковіча даведваемся, што 8 снежня 1925 ён быў «арыштаваны за камуністычную дзейнасць на вакзале з перавозам камуністычнай літаратуры».

«Справа Саковіча была ўзьнята ў польскім Сойме паслом Юрыем Сабалеўскім 24 сакавіка 1926 году», — піша Сяргей Ёрш. «Сабалеўскі прыводзіў у сваім выступленьні паказаньні Саковіча пра зьдзекі над ім польскіх паліцыянтаў:

«Пасьля арыштаваньня... хочучы змусіць мяне да фальшывых паказаньняў проці маіх зьверхнікаў, агенты палітычнай паліцыі нялюдзкім спосабам зьдзекаваліся нада мною... Білі мяне па твары, потым зьнялі гамашы і гумовымі прутамі білі ў пяты».

Гэтыя пакуты ўмацавалі веру Юльяна Саковіча ў камунізм.

У 1928-м выключаны з Беларускага студэнцкага саюза за камуністычную прапаганду

«Старэйшыя таварышы», насланыя ў Заходнюю Беларусь з БССР, вельмі актыўна працавалі сярод беларускай моладзі. Асабліва вялікую ўвагу яны надавалі беларускаму студэнцтву, як найбольш актыўнай частцы моладзі.

У існуючы пры Віленскім унівэрсытэце незалежніцкі Беларускі студэнцкі саюз засылаліся камсамольцы, якія павінны былі або захапіць БСС, або яго ліквідаваць. Уступіў у Саюз і Юльян Саковіч, які вучыўся ва ўнівэрсытэце на агранома, прайшоўшы добрую школу Беларускай сялянска-работніцкай Грамады», — піша Сяргей Ёрш.

За камуністычную дзейнасць зазнаваў няспынны пераслед, быў зняволеным Бяроза-Картузскага лагера

З асабістай справы Юльяна Саковіча даведваемся пра пастаяныя затрыманні:

1 чэрвеня 1926 асуджаны Акруговым судом у Вільні да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Прысудам акруговага суда ў Вільні ад 19 снежня 1930 асуджаны да года пазбаўлення волі.

У 1930 арыштаваны па абвінавачанні ў камуністычнай дзейнасці.

22 красавіка 1931. Паведамленне. П.П. у Крэве Саковічу загадалі захоўваць сакрэтнасць назірання, аб выніках якога далажыць у мясцовы Штаб

11 ліпеня 1931 арыштаваны і зняволены ў Віленскай турме за падрыўную камуністычную дзейнасць у Вільні. 15 ліпеня 1931 вызвалены з турмы ў сувязі з падачай скаргі.

18 мая 1935 выйшаў з віленскай турмы на Лукішках выйшаў на волю, адбыўшы 3 гады зняволення.

У тым жа годзе пакараны судом да 3 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у грамадскіх правах на 5 гадоў (з прыпіскай: «мае ў сваёй кватэры ўсталяваны радыёпрыёмнік, з якога пастаянна прымае перадачы з Савецкай Расіі, якія ён, яго сям'я, хатняя прыслуга слухаюць»).

24 красавіка 1936 пастановай віленскага ваяводы быў затрыманы і зняволены на неабмежаваны тэрмін у Бярозе-Картускай. 8 чэрвеня 1936 Саковіч Юльян вярнуўся з Бярозы-Картузскай.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны Юльян Саковік у чарговы раз быў арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскім канцэнтрацыйным лагеры. У верасні 1939 вызвалены.

Беластоцкая газэта «Новая дарога» пісала ў 1943 годзе, пасля забойства Юльяна Саковіча: «Сын багатых бацькоў, ён ніколі ня думаў аб тым, каб пайсьці на кампраміс з ненавіснай яму польскай уладай і забясьпечыць сабе спакойнае, добрае жыцьцё. Не, яго лёзунгам было дабро цэлага беларускага народу. Дзеля гэтага дабра ён працаваў, змагаўся. За гэта сядзеў ня раз у польскіх турмах. Але гэта яго не зламала. Якія толькі беларускія арганізацыі ў Вільні існавалі, ён у кожнай быў дзейным сябрам, заўсёды радасны, заўсёды з усьмешкай, поўны запалу. Усе беларусы, працуючыя разам зь ім, шанавалі яго, любілі за самахвярнасьць, за шчырую працу».

Імкнуўся дамагчыся незалежнасці Заходнебеларускай рэспублікі

«На пачатку 1939 году ў Баранавічах на нелегальную нараду сабраліся былыя актывісты Грамады. Яны прагназавалі хуткі пачатак вайны Нямеччыны з Польшчай, і таму абмяркоўвалі сваю тактыку дзеяньняў у гэтых умовах.

Быў прыняты плян антыпольскага паўстаньня на выпадак вайны, з мэтай абвяшчэньня незалежнае Заходнебеларускае рэспублікі.

Юльян Саковіч удзельнічаў у гэтай нарадзе, аднак прыняць удзелу ў паўстаньні ня змог, бо быў у чарговы раз арыштаваны польскай паліцыяй», — кажа Сяргей Ёрш.

У верасні 1939-га вызвалены, вярнуўся на Віленшчыну, дзе быў арыштаваны органамі НКУС

Даследчык Аляксандр Ільін піша: «Логіка тагачасных сталіністаў была парадаксальнай: чым больш камуніст сядзеў у польскіх турмах і канцлагерах, тым верагодней, што ён завербаваны дэфензівай. Таму многія перакананыя камуністы і грамадаўцы, у прыватнасьці Юльян Саковіч, якія прасядзелі ў польскіх турмах палову свайго жыцьця ў міжваеннай Польшчы, у 1939 годзе былі пасаджаныя ўжо ў савецкія турмы. Так, сваёй недалёкай і злачыннай палітыкай савецкія ўлады падштурхнулі да супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі многіх былых сяброў КПЗБ і ператварылі іх у перакананых беларускіх нацыяналістаў».

«Пачатак нямецкай агрэсіі вызваліў Саковіча з канцлягера ў Бярозе-Картузскай. Ён вяртаецца ў родныя мясьціны, дзе ўжо ўсталёўвалася савецкая ўлада.

Здавалася, што нарэшце настаў той час, калі спраўдзіцца ўсё тое, за што ён змагаўся ўсе гэтыя гады, але настала вялікае расчараваньне. Юльян Саковіч трапляе ў турму НКУС, дзе ў яго самымі жорсткімі мэтадамі выбіваліся патрэбныя чэкістам паказаньні.

Гэта быў крах рэшты ілюзій наконт «беларускага дому» ў БССР. Зьдзекі й катаваньні доўжыліся месяцамі й скончыліся 22 чэрвеня 1941 году», — сцвярджае Сяргей Ёрш.

«З прыходам немцаў на яго распачынае паляваньне польская паліцыя, якая была на службе ў акупантаў»

Краязнаўца Уладзімір Хрыштановіч піша: «На Лідчыне, як і на ўсёй Заходняй Беларусі, пасьля разгрому арміяў Савецкай Расіі ў чэрвені 1941 г. і акупацыі яе нямецкімі войскамі, палякі разгарнулі надзвычайную дзейнасьць. Яны неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіруючымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе становішчы ў акруговай, паветавай і валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама і ў нямецкіх установах: мясцовых вайсковых камэндантурах, а пазьней і ў акруговым камісарыяце нямецкае цывільнае адміністрацыі. Адначасна палякі ахапілі пэрсанальную абслугу мясцовых нямецкіх кіраўнікоў. Такім чынам, ад самага пачатку нямецкае акупацыі, уся адміністрацыйная і паліцэйская ўлада ў паветах і валасьцёх апынулася поўнасьцю ў польскіх руках. Мясцовыя крайсляндвірты-немцы былі акружаныя полькамі машыністкамі, перакладчыцамі, сакратаркамі; а ў нямецкай акруговай адміністрацыі палякі таксама поўнасьцю ахапілі сваімі людзьмі дапаможныя становішчы перакладчыкаў і г. д., а нават і другарадныя кіраўнічыя становішчы.

Палякі адразу распачалі акцыю вынішчэніня беларускага нацыянальнага актыву як сваімі рукамі, так і рукамі немцаў. Рабілася гэта вельмі проста. Досыць было паляку-паліцэйскаму затрымаць каго-небудзь і, прывёўшы да нямецкіх уладаў, сказаць, што гэта камуністы, як затрыманага бяз допыту і суда выводзілі ў недалёкія кусты і расстрэльвалі».

Юльян Саковіч здолеў уцячы ў Менск.

Кіраваў аддзелам Беларускай народнай самапомачы

Сяргей Ёрш паведамляе: «Ён і шмат іншых беларускіх патрыётаў, ацалеўшых у турмах НКВД або прыехаўшых з эміграцыі, распачынаюць актыўную дзейнасьць па стварэньні беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў, грамадзкіх арганізацый і школьніцтва. Саковіч быў камэндантам паліцыі Менскае акругі, а пасьля гораду Менску. У кастрычніку 1941 году яго прызначаюць начальнікам адміністрацыйнага аддзелу Беларускае народнае самапомачы (БНС).

Многія ведалі пра камуністычнае мінулае Саковіча, і ў СД на яго пасыпаліся даносы. Але немцы да былога вязьня бальшавіцкіх турмаў адносіліся з даверам.

Пазьней яны ўспомняць пра гэтыя паперы, калі будуць падпісваць Саковічу сьмяротны прысуд...».

Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі

У 1942 годзе Юльян Саковіч стаў адным з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраваў яе Мінскім акруговым камітэтам.

«На менскай кватэры Саковіча праходзілі канферэнцыі і зьезды БНП. Адначасова Ю. Саковіч зьяўляўся правадыром нелегальнай арганізацыі Беларуская Народная Грамада, у якую ўваходзілі былыя сябры БСРГ.

У 1942 годзе на Палесьсі, дзякуючы грамадоўцам, удалося аб’яднаць некалькі дзесяткаў патрыятычных атрадаў і груп у Беларускую народную партызанку, камандзірам якой стаў былы савецкі афіцэр Іван Шанько.

rc3w7clgoqw.jpg

Летам 1942 году Ю. Саковіч уваходзіць у штаб па фармаваньні вайсковых частак Беларускае самааховы (БСА), падпісвае адпаведны заклік да беларускага народу», — піша даследчык.

Нямецкія спецслужбы ведалі пра беларускую канспірацыю

Спадар Сяргей кажа, што Юльян Саковіч не баяўся нямецкіх рэпрэсій і пратэставаў супраць спальвання эсэсаўцамі беларускіх вёсак і масавых забойстваў мірнага жыхарства, чым моцна настроіў супраць сябе нямецкія эсэсаўскія ўлады.

Немцы выслалі яго ў Ліду, на пасаду акруговага старшыні БНС.

«Немцы ведалі, што жывым Саковіч адтуль ня вернецца і, такім чынам, чужымі рукамі зьнішчалі аднаго з правадыроў беларускага падпольля», — адзначае даследчык.

Забіты 13 чэрвеня 1943 года польскімі падпольшчыкамі

Юльян Саковіч быў забіты стрэлам ва ўпор.

«Забойцы пасьпяхова схаваліся, а мясцовая паліцыя, складзеная з палякаў, нават і не зьбіралася іх шукаць», — паведамляе Сяргей Ёрш.

Беластоцкая «Новая дарога» пісала: «Ня стала Яго. Ён адыйшоў ад нас.

Памяць аб ім застанецца вечна жыць у нашых сэрцах, у сэрцах беларускага народу. А ворагі нашы, яго забойцы, няхай ведаюць — назаўсёды прайшоў ужо час, калі яны маглі бяскарна нішчыць лепшых яго сыноў. Цяпер караючы меч нашых узброеных аддзелаў цяжка ўпадзе на іх праступніцкія галовы.

Сьпі спакойна, дарагі сябра, дарагі змагар! Мы споўнім твае запаветы! Вольная Беларусь ніколі не забудзе сваіх ахвяраў на шляху змаганьня!».

«Юльян Саковіч імкнуўся аб’яднаць увесь беларускі нацыянальны актыў: і сацыялістаў, і нацыяналістаў, ды скіраваць іх агульныя высілкі на барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі», — зазначаў Сяргей Ёрш.

«Людзі такога гарту й перакананьняў пакутавалі за Беларусь пры любой уладзе», — упэўнены Уладзімір Арлоў.