«Італьянец па крыві і ліцьвін па духу». Міхал Эльвіра Андрыёлі
Ён мог весці бесклапотнае жыццё італьянскага мастака, але гарачае сэрца ліцьвіна прывяло яго да паўстання. У дзень памяць Міхала Андрыёлі прасочым ягоны насычаны лёс.
Бацька Міхала служыў у арміі Напалеона
Франчэска Андрыёлі (1794-1861) нарадзіўся на поўначы Італіі. У 1812 годзе ён ваяваў у Вялікай арміі Напалеона, за што быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. Пазней старэйшы Андрыёлі трапіў у расійскі палон. Вяртаючыся з палону ў 1818 годзе, асеў у Вільні, дзе распачаў новае жыццё. У 1827 прыняў расійскае падданства і ажаніўся.
Франчэска і Петранэля Андрыёлі мелі пяцёра дзяцей. Міхал Эльвіра Андрыёлі, якому было наканавана праславіць сям’ю, быў чацвёртым з іх. Ён нарадзіўся ў 1836 годзе ў Вільні.
Андрыёлі старэйшы адправіў сына вучыцца медыцыне. Але той не паслухаўся
Бацька марыў, каб Міхал атрымаў медыцынскую адукацыю, а разам з ёй, верагодна, «нармалёвую» прафесію. З такімі пажаданнямі ён адправіў сына навучацца на спецыяльных курсах у Маскве. Але душа маладзёна прагнула творчасці. Праз год ён наважыўся пайсці супраць бацькоўскай волі і паступіць у Маскоўскую вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1858 годзе Міхал Эльвіра Андрыёлі атрымаў дыплом Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга.
У 1858 годзе малады мастак вяртаецца да Вільні, дзе на публічнай выставе экспануе адзін са сваіх першых твораў – «Бітву ліцвінаў з крыжакамі».
У Рыме пасябраваў з сынам Адама Міцкевіча
У 1859 годзе Міхал Андрыёлі скіраваўся ў Рым, дзе ўдасканальваў здольнасці ў Accademia di San Luca. Менавіта ў Рыме Андрыёлі пазнаёміўся з сынам Адама Міцкевіча, Уладзіславам, з якім яны сталі добрымі сябрамі.
Вось што піша пра прыезд Андрыёлі ў Рым гісторык Уладзімір Арлоў:
« Мне ўяўляецца, як агаломшыў яго прыезд у 1860-м на радзіму бацькі, каб працягваць мастацкую адукацыю ў славутай Акадэміі сьвятога Лукі ў Рыме. Паўднёвае сонца, насычаныя колеры, шматлікія маляўнічыя помнікі былых стагодзьдзяў... Але думка пра тое, што гэтая зямля можа стаць новай Айчынай, толькі мільганула й растала лёгкай аблачынкаю. Домам была Літва-Беларусь, а родным горадам — любая Вільня, у лябірынце чыіх вулачак заблукаўшы, можна, здаецца, сустрэць самога сябе. Яны ўсё больш уладна клікалі назад. Пагатоў сябры рыхтавалі там паўстаньне супроць расейскага прыгнёту».
Сам мастак зафіксаваў у сваіх нататках:
«Аглядаючы з гары святога Пятра Рым, я неспадзявана засумаваў па Вільні так моцна, што паўсталі ўваччу родныя гаі, пагоркі і пясчаныя сцежкі».
Вясной 1863 года Андрыёлі прысягае на вернасць паўстанню
Пра абстаноўку на радзіме, што становіцца ўсё больш гарачай, Андрыёлі даведваўся з сяброўскіх лістоў. Мастак не мог заставацца бяздзейным, ён вярнуўся ў Літву і вясною 1863-га прысягнуў на вернасць паўстанню.
«Андрыёлі падзяляў погляды таго крыла патрыётаў, якіх называлі «чырвонымі» — Кастуся Каліноўскага, Валера Ўрублеўскага, яшчэ аднаго італійца па крыві і ліцьвіна па духу Ахіла Банольдзі, якія марылі не пра аднаўленьне Рэчы Паспалітай, а пра дэмакратычныя зьмены, у выніку якіх народы гэтай былой дзяржавы здолеюць самі вырашаць свой лёс», — зазначае Уладзімір Арлоў.
Міхал Андрыёлі ўзначаліў атрад паўстанцаў, з якім пазней перайшоў пад кіраўніцтва аднаго з кіраўнікоў паўстання Людвіка Нарбута. У тым жа атрадзе змагаўся і Францішак Багушэвіч.
Людвік Нарбут быў забіты 4 траўня 1863-га. Трагедыя стала асновай сюжэту аднаго з найбольш знакамітых твораў Андрыёлі «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў».
Спадар Арлоў падзяліўся асабістымі ўражаннямі наконт гэтай працы: «Невялікі аддзел інсургентаў вядзе жорсткі бой з шматкроць большымі сіламі расейскіх карнікаў. Поплеч з шляхцічамі б’юцца з ворагам і сяляне ў кажушках. Цяжка параненага камандзіра паўстанцы на руках нясуць у лес. Яго пакідаюць апошнія сілы, але іх яшчэ стае на тое, каб рука ня выпусьціла пісталета. Твор з разраду тых, у якія ў дзяцінстве мне хацелася трапіць, каб дапамагчы “нашым”».
Пасля паразы паўстання быў арыштаваны, але здолеў збегчы
Пасля паразы паўстання Андрыёлі быў вымушаны хавацца за іншымі прозвішчамі – назваў сябе Маліноўскім, Бжазоўскім. Расійцы ўсё ж схапілі яго. Але ў лютым 1864 «па апоўдні, падчас агульнага шпацыра пад вокам варты» Андрыёлі ўцёк з няволі, і праз Вільню, Рыгу, Капенгаген дабраўся да Лондану, а адтуль у чэрвені пераехаў у Парыж.
Галоўнай тэмай творчасці мастка ў эміграцыі было паўстанне.
Па вяртанні на радзіму ізноў быў схоплены і сасланы
«Душа мастака бунтавала супроць спакойнага жыцця ў замежжы. Ён кінуў выклік лёсу і перайшоў расейскую мяжу, але апынуўся ў руках жандараў», — піша Уладзімір Арлоў.
Мастака выдаў паліцыі кантрабандыст, які перавозіў Андрыёлі да Хоціма. Паўстанец ізноў спрабаваў збегчы, але гэтым разам яму не пашчасціла. Ён быў схоплены, збіты і перавезены ў Вільню, дзе чакаў прысуду.
«За збройны ўдзел у паўстанні, выкананне абавязкаў камісара рэвалюцыйных уладаў у Ковенскай губерніі» Міхал Эльвіра Андрыёлі быў пазбаўлены ўсіх правоў і асуджаны на 15 гадоў катаргі. Крыху пазней прысуд змянілі на высылку.
У верасні 1868 Андрыёлі прыбыў у Вятку (сёння Кіраў), дзе прабыў тры гады, да памілавання.
У высылцы Андрыёлі распісваў цэрквы. Яго памочнікам быў мастак Васняцоў
У высылцы Міхал Андрыёлі ратаваўся творчасцю. Ён распісваў цэрквы, у прыватнасці катэдральны сабор. Таксама Андрыёлі даваў урокі маладым мясцовым мастакам – Віктару і Апалінарыю Васняцовым, якім было наканавана стаць сусветна вядомымі.
Віктар Васняцоў казаў: «Дзіўныя справы здараюцца ў нас на Русі. Мне, напрыклад, дапамаглі прасунуцца ў мастацтве польскія патрыёты, высланыя ў Вятку».
І яшчэ з ягоных успамінаў: «Андрыёлі, прагледзеўшы прынесеныя мною малюнкі, запрасіў дапамагаць яму ў працы. У нас неўзабаве ўсталяваліся сяброўскія адносіны. Аднойчы Андрыёлі сказаў мне: «Навошта вы рыхтуеце сябе да святарскага сану? Святароў і без вас шмат, а з мастацкай здольнасцю людзей значна менш. Кідайце семінарскія заняткі і адпраўляйцеся ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Там вы навучыцеся ўсяму, што трэба ведаць мастаку».
У 1871 Андрыёлі быў памілаваны. Але жыць на радзіме яму забаранілі
Пасля высылкі Міхал Андрыёлі, маючы забарону на пражыванне ў беларускіх землях, пераязджае ў Варшаву.
«У той час мастак стварыў ілюстрацыі да паэмаў Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод» і «Пан Тадэвуш», да кніг Уладзіслава Сыракомлі, Язэпа Крашэўскага, Элізы Ажэшкі. З-пад ягонага пэндзля і алоўка выходзяць партрэты Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Яна Снядэцкага, Францішка Багушэвіча, з якім Міхал у 1863-м ваяваў у адным аддзеле. Вабіла мастака і даўняя гісторыя, адлюстраваная на карцінах «Смерць князя Кейстута», «Бітва ліцьвінаў з крыжакамі», «Гусляр», «Хрышчэнне ліцьвінаў», — піша Уладзімір Арлоў.
Цікава, што летам 1872-га Андрыёлі па сваёй волі вяртаўся ў месца высылкі –
Вятку – каб завершыць працу па аздабленню
цэркваў.
Ілюстрацыі да «Пана Тадэвуша» былі высока ацэненыя крытыкамі, але сам Андрыёлі лічыў, што яны яму не ўдаліся: «Я гэта рабіў пры ложку маці, якая памірала, і незадоўга пасля страты дзіцяці».
Стаў вядомым і запатрабаваным еўрапейскім мастаком
У сакавіку 1883 года Андрыёлі быў запрошаны ў Парыж, дзе заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з найбуйнейшымі французскімі выдавецтвамі. Ён ілюстраваў кнігі Віктора Гюго, Уільяма Шэкспіра, Аляксандра Дзюма, Ганса Хрысціяна Андэрсана.
Міхал Андрыёлі памёр у 1893 годзе, у шпіталі горада Налэнчаў, што пад Варшавай.
«Лёс адмераў яму крыху болей за паўстагодзьдзя. Героямі ягоных твораў найчасьцей былі асобы, надзеленыя шляхетным, рыцарскім духам. Па-рыцарску пражыў сваё кароткае вірлівае жыцьцё і сам Міхал Эльвіра Андрыёлі. Італіец, якога Беларусь зрабіла сваім мастаком», — надзвычай трапна заўважаў Уладзімір Арлоў.