Людвік Нарбут. 10 фактаў пра героя паўстання

У гэты дзень у змагарным 1863-м у баі з расійцамі пад вёскай Дубічы загінуў адзін з кіраўнікоў паўстання Людвік Нарбут. Прасочым лёс годнага суайчынніка ў дзесяці фактах.



Мастак Міхал Эльвіра Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута ў Дубічах. 1864-1865. Літаграфія

Мастак Міхал Эльвіра Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута ў Дубічах. 1864-1865. Літаграфія


Бацькам Людвіка быў знакаміты даследчык гісторыі ВКЛ Тэадор Нарбут

Людвік Нарбут Нарадзіўся 31 жніўня 1832 года ў маёнтку Шаўры Лідскага павета ў сям'і вядомага гісторыка ВКЛ Тэадора Нарбута.

Тэадор Нарбут нарадзіўся ў 1784-м. У 1835 і 1841 гадах у Вільні пабачыла свет найбольш значная ягоная праца ў 9-ці тамах, выдадзеная пад назвай «Гісторыя літоўскага народа» .

«Нарбут заслугоўвае вялікай пашаны, як адзін з піянераў у даследаванні мінуўшчыны Літвы і тым, што сваім прыкладам заахвоціў іншых да далейшага вывучэння гісторыі краю», — пісаў краязнаўца Леанід Лаўрэш.

«Пасля паўстання 1831 г. «адстаўны капітан-інжынер» Тэадор Нарбут абвінавачваўся расійскімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Дызыдэры Адама Хлапоўскага ў Лідскім павеце (23 траўня 1831 года) напісаў «пасквіль супраць Расеі». За гэта атрымаў зняволенне ў турэмнай вязніцы. Але хутка быў вызвалены са спадзяваннямі, што ў яго знікне ахвота да такой творчасці», — пісаў гісторык Алесь Хітрун.

Шаўры. Родавы маёнтак Нарбутаў

Шаўры. Родавы маёнтак Нарбутаў

У паўстанні 1863 года прынялі ўдзел і абяссмерцілі свае імёны дзеці тады ўжо 80-гадовага Тэадора Нарбута.

У 18 гадоў Людвік Нарбут быў арыштаваны за спробу стварыць таемную антырасійскую арганізацыю з мэтай вызвольнага паўстання.

За спробу стварыць «таварыства патрыётаў з мэтай зрабіць паўстанне» у сакавіку 1851-га года вучань апошняга класа Віленскай гімназіі быў публічна пакараны розгамі і аддадзены ў салдаты.

«Прысутнічалі пры экзекуцыі прадстаўнікі адміністрацыйнай, судовай і школьнай улады, маршалкі і куратары. Вучні, якія не падлягалі пакаранню, стаялі ў шэрагах адзетыя ў школьныя мундзіры, і павінны былі глядзець на пакаранне гэтак жа, як бацькі і апекуны асуджаных.

На гэтую бацькоўскую Галгофу прыбылі з Шаўроў і Нарбуты, яны стаялі ў шэрагу з іншымі і глядзелі на мукі свайго сына. Многія маці млелі. Крысціна Нарбут стаяла, як каменная статуя з сухімі вачамі, якія палымнелі глыбокім болем. Людвік не выдаў ані аднаго енку. Пасля экзекуцыі схіліўся да ног бацькоў. І тады іх вусны прыпалі да збляднелага ілба сына, а дрыжачыя рукі складалі дабраслаўленне на гэтую ўлюбёную галаву», — пісала даследчыца паўстання Зоф’я Кавалеўская.

Атрымаў званне афіцэра расійскай арміі

У якасці пакарання юнака чакала 8-гадовая служба у расійскім войску. Салдат-штрафнік ваяваў да Каўказе і нават даслужыўся да афіцэрскага звання. Але пры першай жа магчымасці, якая прадставілася ў 1859-м годзе, Людвік Нарбут пайшоў у адстаўку і праз некалькі месяцаў вярнуўся на радзіму.

У 1863-м годзе быў прызначаны на пасаду вайсковага начальніка Лідскага павета

Людвік Нарбут. 

Людвік Нарбут. 

«На пачатку лютага 1863 года Людвік у родным маёнтку Шаўры атрымаў з Вільні загад аб прызначэнні яго вайсковым начальнікам Лідскага павета. На праводзіны сабралася ўся вялікая сям’я Нарбутаў. Людвік быў узброены рэвальверам і старой каўказскай шабляй. Сястра Тэадора ўручыла яму вышыты сваімі рукамі баявы сцяг-харугву з «Пагоняй». Паўстанцкага камандзіра багаславілі бацькі, абняла маладая жонка, якая не здолела стрымаць слёз, і Людвік разам з братам Баляславам і шасцю аднадумцамі развітаўся з мірным жыццём», — пісаў гісторык Уладзімір Арлоў.

«Праз месяц аддзел Нарбута вырас з васьмі да 80 ваяроў і працягваў хутка папаўняцца. Поплеч са шляхтай у ім гераічна змагалася з карнікамі шмат навакольных сялян-касінераў».

Атрымаў ад паўстанцкага кіраўніцтва званне палкоўніка

30 красавіка Віленскі паўстанцкі камітэт прысвоіў Нарбуту званне палкоўніка паўстанцкіх войск.

Віленскі генерал-губернатар прызначыў за галаву Нарбута буйную грашовую ўзнагароду 

«11 красавіка адбыўся бой каля в. Лубічы Каняўскай воласні Лідскага павета. Сустрэліся паўстанцы Нарбута і 2 роты лейб-гвардыі Паўлаўскага палка з 36 казакамі Данскога палка пад камандаю капітана Цімафеева. Рухаючыся часам па пояс у вадзе, карнікі ўсё ж вымусілі паўстанцаў адступіць. Яны адышлі з цэльнай стральбой па праціўніку і выкарыстоўваючы мясцовасць. Страты іх: 1 забіты, 5 паранена, расійскіх салдат забіта - 2, паранена - 53. Пасля гэгага бою генерал-губернатар Назімаў прызначыў за галаву Нарбута вялікую цану, а расійскія салдаты празвалі яго ведзьмаром», — пісаў гісторык Вячаслаў Швед.

Людвік Нарбут – «Выразнік духу і гераізму эпохі»

Нашыя сучаснікі высока ацэньваюць ролю Людвіка Нарбута ў справе вызвалення радзімы.

Аўтар кнігі «Нарбут» А. Яліцкі пісаў:

«Каліноўскі — найвялікшы з нашых рэвалюцыянераў — выразнік грамадскай думкі паўстання ў такой жа меры, як Нарбут быў выразнікам духу і гераізму эпохі...».

Перад смерцю прамовіў: «Як соладка памерці за Айчыну…»

На пачатку траўня 1863-га ў Дубіцкім лесе Людвік, Нарбут прыняў свой апошні бой. 

«Паўстанцкі лагер быў у Дубіцкім лесе над ракой Котрай. Цішыню травеньскага леса парушалі адно птушыныя спевы. Аднак гэты спакой быў падманным. Здраднік ужо падводзіў да лагера расейскіх карнікаў. Ім удалося напасці на нашых ваяроў знянацку. Людвік загадаў адступаць у дзве лініі: адна адстрэльвалася, другая тым часам перабягала і залягала. Але камандзіра паранілі. Паплечнікі падхапілі Нарбута на рукі і панеслі, ды выратаваць ужо не змаглі, бо другая куля прынесла смяротную рану. Развітваючыся з гэтым светам, Людвік прамовіў: «Як соладка памерці за Айчыну…», — пісаў Уладзімір Арлоў.

Людвік Нарбут быў пахаваны каля Дубіцкага касцёла. Аднак Мураўёў-Вешальнік распарадзіўся касцёл разбурыць, а магілы зраўняць з зямлёй

«Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 год, спаў у труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго «дамавіну», як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: «Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі»

 — пісала ў сваёй кнізе Альжбэта Табеньска, што забяспечвала харчаваннем паўстанцкія атрады, якія змагаліся ў раёне Ліды.

Сям’я Людвіка Нарбута пасля здушэння паўстання была рэпрэсаваная

Як пісаў краязнаўца Леанід Лаўрэш, Мацi Людвiка, Крысцiна, афiцыйна абвiнавачаная ў «няправiльным выхаваннi» сваiх дзяцей, была арыштаваная палкоўнiкам Алхазавым, якi кiраваў ператрусам маёнтка, i, «хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы», яна была вывезеная на суд у Вiльню, адразу пасля суда трапiла ў турэмную лякарню, а пасля яе была адпраўленая па этапе ў Сiбiр. Пяць гадоў знаходзiлася ў Пензенскай губернi. Потым спадарыні Крысціне было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна i памерла 16 лiпеня 1899 г.

Брат Людвiка — славуты ўдзельнік паўстання Баляслаў Нарбут — далучыўся да змагання пасля гiмназii. Ён быў арыштаваны ў Друскенiках. Ваенны суд у Гродне прысудзiў яго да смерцi, аднак з прычыны непаўналецця (яму было 17 гадоў), прысуд змянiлi на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амнiстыi вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем i памёр у 1889 годзе.

Iншы брат Людвiка, Францiшак, пасля заканчэння дваранскага iнстытута ў Вiльнi вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта. За ўдзел у падпольнай арганiзацыi ў 1861 годзе быў арыштаваны i быў змушаны хавацца ад пераследу за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганiзаванай эмiгрантамi ў Італіі, вярнуўся дадому i ваяваў у атрадзе Лангевiча, дзе атрымаў званне капiтана. Пасля паразы паўстання эмiграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыi ў 1892 годзе.

Сястра Тэадора, удава службоўца Манчунскага, брала чынны ўдзел у паўстаннi. Вiленская следчая камiсiя пасля заканчэння следства пастанавiла: «Удава Тэадора Манчунская з дома Нарбутаў - вiнаватая у тым, што брала чынны ўдзел у фармаваннi партыi яе брата Людвiка Нарбута, даставiла ў Шаўры 2 гарматы, порах i волава i намовiла 2 афiцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручнiка Нiкалаi i iншага, прозвiшча якога невядома. Аднак Манчунская ўцякла невядома куды, таму… аддаць яе пад суд завочна…». Спадарыня Тэадора сапраўды здолела збегчы, спачатку хавалася ў Гродне, потым жыла ў Парыжы. На пачатку 1920-х польскi выдаў сястры Людвіка Нарбута пенсiю за ўдзел у паўстанні i ўзнагародзiў ордэнам «Адраджэнне Польшчы». Памерла Тэадора ў 1925-м годзе ў Кракаве.