«Чорны чалавек на зялёнай канапе». Да дня народзінаў Уладзіміра Арлова

Сёння дзень народзінаў адзначае слынны беларускі пісьменнік і паэт, гісторык, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій Уладзімір Арлоў. Рэдакцыя "Новага Часу" віншуе спадара Уладзіміра і прапануе вам з гэтай нагоды фрагменты з яго аповесці "Чорны чалавек на зялёнай канапе".

uladzimer_arlou_logo_1.jpg


1
Вы, пэўна ж, чулі выслоўе Habent sua fata libelli, а ў перакладзе з лаціны – Кнігі маюць свой лёс... Яно належыць сучасніку Марка Аўрэлія старажытнарымскаму граматыку Тэрэнцыяну Маўру і насамрэч мае ці то свядома – калі казаць пра саміх аўтараў кніг – ці то проста, праз адвечную чалавечую ляноту, прызабыты і амаль згублены ў стагоддзях працяг: адпаведна таму, як іх прымае чытач.
2 Колькі гадоў таму я прыехаў у родны горад, каб нарэшце напісаць аповесць, якая нібыта даўно выспела і прасілася на волю, але класціся на паперу ў сталіцы – з самых розных, як уяўлялася, неістотных прычын кшталту позняй вясны, лёгкага абвастрэння піеланефрыту або дажджлівага чэрвеня – катэгарычна адмаўлялася. Можна сказаць, што яна, яшчэ не перакладзеная на словы аповесць, нагадвала спакуслівы залацістабокі, з румянцам яблык, якому, тым не менш, хочацца даць трошкі часу, каб ён за пару пагодлівых дзён стаўся наліўным і паказаў бы ў глыбіні жывога светлага бурштыну цёмныя кропелькі зярнятак, дзе запісаныя таемныя сэнсы, датычныя і гэтага плода, і яблыні, і цэлага саду.
У выніку было вырашана – пагатоў на небе нарэшце трывала атабарылася сонца – скарыстацца ад’ездам сястры ў адпачынак і, як ужо не раз бывала, ператварыць у кабінет адзін з пакояў ейнай вялікай чатырохпакаёвай кватэры, што засталася нам у спадчыну ад бацькоў на трэцім паверсе пяціпавярховіка з зацішным зялёным дваром, спакой якога, праўда, цяпер парушала аўтапаркоўка каля суседняга гатэля.
Дом з аднаго боку стаіць блізка ад Дзвіны, а з другога – ад ляснога возера. Такім чынам, у перапынках паміж працай я мог не толькі выпраўляцца на бястлумную праходку, але і дасхочу плаваць, выбіраючы, залежна ад настрою, раку з моцнай пругкаю плынню або азёрны спакой у атачэнні ялін і хвояў.
3
Першы ж дзень на самоце, засведчыў, што інтуіцыя не падманула: увечары паўтузіна спісаных і скрэмзаных старонак легла са стала на падваконне. Тут трэба патлумачыць, што я старамодна пішу пачатковы варыянт ад рукі асадкай і адно потым прысаджваюся да кампутара. Мой светлы драўляны стол месціўся пры акне ў таксама светлым сонечным пакоі, куды трапляеш з доўгага і прасторнага калідора, што адначасова служыць і вітальняй. Злева ад стала роўнядзь зеленаватай сцяны займаюць ясеневыя кніжныя шафы з некалькімі паліцамі нашых дзіцячых кніг, што робіць пакой асабліва прытульным. Калі сядаеш за стол, за спінай апынаецца зялёная велюравая канапа з трыма падушкамі. Туды, на канапу, падчас маіх прыездаў звычайна перасялялася сястра, саступаючы мне шырокі ложак у колішняй бацькоўскай спальні, што ў канцы калідора направа.
4
Тэрэнцыян Маўр, а разам з ім і вядомы афарызм засталіся ў гісторыі дзякуючы вершаванаму трактату «Пра літары, склады і метры Гарацыя». Імя аўтара сведчыць пра паходжанне з рымскай правінцыі Маўрытаніі, абшар якой сённяшнія навукоўцы называюць краінамі Вялікага Магрыбу. Іначай кажучы, Тэрэнцыян быў цемнаскурым маўрам, або, па-нашаму, мурынам.
5
Кожны літаратар ведае: сумовіцца з аркушам паперы, што палохае цнатлівай нерушшу, або з маніторам кампутара, які асабіста мяне напачатку злёгку жахае, бо, дзякуючы вочку відэакамеры, падаецца амаль жывой істотай, – занятак не з самых лёгкіх. Таму, сказаўшы, што працаваў з насалодаю і не зважаў на гадзіннік, я апынуўся б далекавата ад ісціны. Я не забыўся ні разагрэць пакінуты сястрой на першы выпадак абед, ні спусціцца да паштовай скрыні, ні – дзеля моцнай чорнай гарбаты з цытрынай, мёдам і тэленавінамі на канале Euronews – патануць тры разы ў сваім улюбёным скураным фатэлі ў гасцёўні.
Але тое, што адзін з калегаў называў неспадзяванкаю душы, а другі – больш квяціста і нясціпла – пошумам анёльскіх крылаў, усё ж здарылася. Пасля гарбаты а пятай адчуванне часу неўпрыкмет знікла. Нягледзячы на цудоўнае надвор’е і падрыхтаваныя ручнік з плаўкамі, я забыўся і пра паход на Дзвіну, і пра вячэру, на якую сястра пакінула, відаць, з намёкам – маўляў, не размаўляй, а пішы – вараны цялячы язык.  
Аднак не буду ідэалізаваць сябе: пра вячэру я ўспомніў. Адчувалася, што яшчэ здатны з разгону напісаць старонку-паўтары новага раздзела, якія ўжо бачыў перад сабой, прычым менавіта так – старонку і ладны хвост на наступнай – ды абмежаваўся тым, што зрабіў накід з падкрэсленымі словамі-ключыкамі, якія заўтра мусілі адамкнуць абзацы і цэлыя старонкі.
Прыстоіўшы каля кніжных шафаў, я з удзячнасцю правёў рукой па карэньчыках выданняў на трох верхніх паліцах, дзе заслужана адпачывала чытанае-перачытанае ў дзяцінстве. Пальцы прайшліся па ружовых тамах Вальтэра Скота і блакітных Аляксандра Грына, затрымаліся на чорных, як і належыць, томіках Эдгара По…
У зборы твораў Фенімора Купера адной малахітавай кнігі не хапала: яе нахабна, ледзьве не на вачах, сцягнуў некалі, схаваўшы за пазуху, мой аднакласнік, апантаны гульнямі ў індзейцаў, сярод якіх ён зваўся братам Вялікае Вуха. Аднакласнік даўно жыў у Амерыцы і трымаў недзе на мяжы з Канадай рэстаран. Магчыма, усміхнуўся я, такому лёсу паспрыяў якраз скрадзены том, і купераўскія матывы гучаць у інтэр’еры ягонай харчова-пітной установы. Мо і сама тая кніга знайшла пачэснае месца паміж аўтэнтычнымі тамагаўкамі і, трэба спадзявацца, несапраўднымі скальпамі бледнатварых ворагаў. Цікава, які ў Вялікага Вуха спіс страваў? Ці знойдзецца штосьці з таго, чым кармілі нас маці ў дзяцінстве? Напрыклад, класічны дэсерт – халодная вараная бульба з бруснічным сочывам?
Урэшце думкі пра ежу скіравалі мяне на кухню, уваход у якую знаходзіўся цераз калідор і трохі наўскос ад кабінета. За вакном апусцілася на горад мяккае і ўтульнае ліпеньскае сутонне, і па двары, павольна запаўняючы сабою ўсе закуткі, плыла цішыня. У абладзе ціхай радасці ад таго, што ведаю, як узяцца за тэкст заўтра, я меўся аздобіць вячэру келіхам-другім прывезенага з сабой чылійскага шыразу.
6
Там, на кухні, разглядваючы вінную этыкетку, я і адчуў, што ў кватэры прысутны хтосьці яшчэ. Раптоўнае адкрыццё змусіла перахапіць неадкаркаваную пляшку за рыльца. Пасля кароткага роздуму я перакінуў гэтую зброю ў левую руку, у правай сціснуў самы вялікі кухонны нож і асцярожна ступіў у калідор.  
Першае павярхоўнае абследаванне кватэры не прынесла ніякіх вынікаў. Надзейныя дубальтовыя дзверы на лесвічную пляцоўку былі на моцнай металёвай засаўцы. Пластыкавыя вокны прачыненыя зверху, і ў іх, апрача мух і камароў, маглі заляцець хіба што матылёк і, пры моцнай ахвоце, верабей.
Але адчуванне чужой прысутнасці не пакідала, а рабілася мацнейшым. Яно прымусіла рассунуць у спальні дзверцы шафы-купэ і перабраць вешакі з сестрынымі сукенкамі, каб упэўніцца, што за імі або ў іх саміх ніхто не затаіўся. Зазірнуўшы дзеля прыліку пад ложак і напалохаўшы порсткага павучка, я з парога зноў уважліва абвёў позіркам гасцёўню. Упэўніўся, што нікога няма ні ў кабінеце, ні ў маленькім пакоі паміж спальняй ды кухняй, які некалі служыў у бацькоў спальняю для гасцей. У вітальні я падміргнуў расхваляванаму чалавеку ў вялікім авальным люстры. Чалавек з люстра міргнуў у адказ, тым самым сведчачы, што з ягонай прасторы ў маю ніхто пакуль што не патрапіў. Праінспектаваўшы прыбіральню з лазенкай, я вярнуўся да круглага кухоннага стала і ўсё ж вырашыў – перадусім дзеля супакаення – выпіць келіх віна. Перапрацаваўся, паспрабаваў я ўголас растлумачыць свой стан, ды атрымалася зусім непераканаўча.
Корак з пляшкі выйшаў так звонка, нібы шніпар быў у руках у некага іншага. Нервы... Яно, можа, і не дзіва, калі ўзяць пад увагу, што ты пішаш.
Мая аповесць, умоўна кажучы, прысвячалася самнамбулам. Спярша гэта былі трое дарослых – Настаўнік, Залаціставалосая і Кіяскёрка, а таксама двое падлеткаў – Гімнастка-васьмікласніца ды крыху старэйшы за яе хлапчук, ад імя якога і распавядалася гэтая гісторыя. Ён быў адзіны, хто, прачнуўшыся, усё памятаў, таму што раней бачыў адбытае і на яве. Яны збіраліся з розных канцоў горада на даху недабудаванага закінутага гатэля і танчылі пад зоркамі, каб пасталець, згубіцца ў вялікім свеце і зноў – каму пашанцуе – сустрэцца ў маўклівым паўночным танцы ў памяць пра тых, хто танчыць на дахах ужо ў тагасветных гарадах. Разам з людзьмі ад самага пачатку танчыла Котка – нібыта звычайная трохколерная бела-чорна-рудая рыска, аднак з дзівосна доўгім хвастом, які, перакінуты на спінку, даставаў да вушак.
Шыраз трапіўся сапраўдны – густы, цёмна-фіялетавага колеру, букет, як і ўласціва гэтаму віну, бліжэйшы не да садавіны, а да спецыяў, з выразнымі смакавымі адценнямі шакаладу і чорнага перцу. Адмыслоўцы, згадалася мне, нездарма называць шыраз віном пачуццёвым ці нават непрыстойным.
Ды падмануць сябе не ўдалося: думкі пра віно існавалі самі сабой, а ўся істота наструнена прыслухоўвалася да кватэры, прымушаючы ўнутраны зрок зноў, пачаўшы ад спальні, сканаваць пакой за пакоем.
Праз колькі імгненняў келіх з віном ледзь не выпаў з рукі. Цяпер я ўжо напэўна ведаў: хтосьці ў кабінеце. Прысутнасць гэтага кагосьці лакалізавалася на зялёнай велюравай канапе. Вольна адкінуўшыся на падушкі і паклаўшы нага на нагу, на канапе сядзеў… абсалютна чорны чалавек.
7
Каб авалодаць сабой, я зрабіў глыток, затым другі і трэці. Шыраз цалкам страціў нядаўнія ўласцівасці, перайначыўшыся ў шараговае пітво айчыннай фірмы «Ambassador», якая з аднолькавай сыравіны паспяхова вырабляла амаль што ўсе на свеце віны. Я механічна дапіў келіх і падняўся. Сказаўшы, што дзейнічаў рашуча, я нахабна б схлусіў. Праўдзівым было б іншае слова – зацкавана. Аднак я зрабіў некалькі крокаў, выйшаў у калідор і, таймуючы сэрца, асцярожна зірнуў у прачыненыя дзверы майго часовага кабінета. Як і чакалася, там нікога не было. І разам з тым ён, бясспрэчна, знаходзіўся ў гэты момант на канапе.
Зноў апынуўшыся на кухні, я зразумеў, што здолеў разгледзець яго лепей. Першы раз здалося, быццам Чорны чалавек голы, але на ім выявілася нешта накшталт цёмнаатрамантавага, з лёгкім серабрыстым адлівам трыко. На нагах ён меў чорныя, нізкія і пляскатыя пантофлі з даўгімі, загнутымі ўгару мыскамі. Такі абутак можна ўбачыць на палотнах старых майстроў ва ўборах прыдворных блазнаў, хоць мой няпрошаны госць выдаваў на каго заўгодна, але не на блазна. З тае прычыны, што ён сядзеў, рост вусцішнага візітанта заставаўся нявызначаным, і пра яго мне наканавана было даведацца адно праз два тыдні.
Спадабаўшыся самому сабе, я даволі спакойна выпіў другі келіх шыразу. Рука не трымцела, віно вярнула сабе смакавыя якасці і прыемна паколвала язык.
Чорны чалавек, які рабіўся невідочным, калі я зазіраў у кабінет, і матэрыялізоўваўся, як толькі я адводзіў пагляд, ані не нагадваў абліччам мурына – ні класічнага жыхара экватарыяльнай Афрыкі, ні чарнаскурага амерыканца. Не выдаваў ён – тут, мяркую, са мною пагадзіўся б і Тэрэнцыян Маўр – і на жыхара Магрыбу, дзе мне калісьці пашчасціла тыдзень павандраваць і нават выключыць з гульні двух скарпіёнаў. Еўрапейскія рысы твару, у меру высокі лоб, прамы, з няўлоўнаю гарбінкаю нос. Валасы кароткія,
 але не ў дробныя кудзеркі, як руно, а – густы падрослы вожык і такая самая кароткая кучаравая бародка. Вызначыць колер вачэй у прыцемку не ўдалося, але яны падаліся агатавымі, не, лепей сказаць, чорнаслівовымі.
8
   Выратавальную, як выглядала спачатку, думку – затэлефанаваць некаму з сяброў і, вымысліўшы праўдападобную прычыну, папрасіцца нанач – я цвёрда пастанавіў не разглядаць. Па-першае, час набліжаўся да поўначы. Па-другое, хатні тэлефон стаяў на паліцы ў кабінеце, і тамсама, на стале побач з рукапісам, я пакінуў мабілку. Па-трэцяе, госць, хоць і ствараў у кватэры напружанне, відавочна не ўяўляў сабой непасрэднай пагрозы. Апрача таго, кожны з нас знойдзе ў памяці, прынамсі, адно здарэнне, якое аніяк немагчыма вытлумачыць у звыклай сістэме матэрыялістычных каардынатаў.
Карацей, ад намеру сысці да сяброў, на недалёкі адчынены ўначы аўтавакзал або проста на лавачку ў парку каля ракі, бо ноч была аксамітава цёплай, я адмовіўся. І не без палёгкі. Едучы да сястры, я пастанавіў унікаць сустрэч са знаёмымі, каб не парушыць неабходнай адзіноты. Дый адваротны варыянт – сыход з дому – стаўся б маладушнымі ўцёкамі. Хто ведае, што атрымалася б у выніку. Напрыклад, ці не была б кватэра, калі я вярнуся, зачыненая на засаўку зсярэдзіны?
Дзеля смеласці я выцадзіў новы келіх віна, а тады досыць бадзёра накіраваўся ў спальню, дзе, зачыніўшы дзверы, прылёг на неразасланы ложак і вымкнуў святло. Адчуванне ягонай прысутнасці не пакідала. Круцячыся на ложку, што зрабіўся страшэнна мулкім, не раўнуючы, як у матрац нехта падступна насыпаў жвіру, а падушку наладаваў пілавіннем, я ўспомніў пра маміны вяртанні.
Пасля пахавання мамы сястра штоночы прачыналася роўна ў дваццаць хвілін на трэцюю ад таго, што адчувала несумнеўнае маміна з’яўленне. Яна тады спала ў маім цяперашнім кабінеце, бо мама прамовіла апошнія словы якраз там, дзе я зараз варочаўся з боку на бок, страціўшы ўсякі спадзеў знайсці зручнае месца. У сваю сённяшнюю спальню сястра перасялілася толькі пасля ўгодкаў мамінай смерці.
Мама заўсёды вярталася сюды, у пакой, дзе развіталася з намі, затым, паводле слоў сястры, выходзіла ў гасцёўню і доўга стаяла там каля вакна, гледзячы ў яго праз свае акуляры з чарапахавай аправай, але ніколі не пераступала парог вітальні. Першыя дні сястра баялася, ды неўзабаве прывыкла, аднак да трэцяе гадзіны ночы – пакуль мама не развітвалася з роднымі сценамі – ляжала без сну. Але ў адну з начэй не прачнулася, і мама з яе паслясмерцця больш ніколі не завітвала.
З візітамі мамы было збольшага зразумела. Яна, пакуль канчаткова не знайшла сабе месца ў новых, таемных для нас сферах, прыходзіла дамоў. Адкуль жа і чаму акурат у нашай кватэры з’явіўся Чорны чалавек? Што ў яго за мэты? З якой такой прычыны ён абраў менавіта кабінет? З сумам падумалася, што мара вярнуцца дахаты з новай аповесцю ма́е высокія шанцы пайсці дымам.
9
Трэба, аднак, было неяк датрываць да раніцы. Мой лёгкі хмельны кураж тым часам стаўся ўспамінам, але задача выглядала цалкам рэальнай, паколькі Чорны чалавек не дэманстраваў варожых намераў.
Я падняўся і выйшаў у калідор. Зачыніў дзверы ў гасцёўню, зрабіў тое самае з усімі астатнімі, акрамя дзвярэй кабінета і кухні, да якіх не рызыкнуў набліжацца. Пасля, зачыніўшыся ў спальні, разаслаў ложак, разнасцежыў вакно, што выходзіла на паркоўку пры гатэлі, і лёг. Позняй парою паркоўка, на жаль, азвалася не ўтульнымі зямнымі гукамі, якіх прагла знерваваная душа, а густой глыбокай цішынёю.
Каб заснуць, я паспрабаваў вынайдзены ў гады студэнцтва досыць дзейсны спосаб: у адваротным парадку, ад апошняга да першага, згадваць імёны нашых вялікіх князёў і каралёў. Звычайна ўжо недзе на сярэдзіне, прыкладна на Жыгімонце Аўгусце або на ягоным бацьку Жыгімонце Старым, жанатым з італійкаю Бонай Сфорца, думкі пачыналі блытацца ў прадчуванні блізкай дрымоты, і астатнія манархі маглі адно прысніца.
Гэтым разам мае намаганні скончыліся тунна. Аўгусцейшыя асобы, пакінуўшы старадаўнія партрэты і няроўна пашыхтаваўшыся, кпліва зіркалі на бяссонніка, а Бона з Барбараю Радзівіл нечакана аб’ядналіся ў непрыхавана здзеклівым смеху.
Дапамога з’явілася, адкуль я яе не чакаў. У начной вусцішы натхнёна зазвінеў і спікіраваў на мяне камар. Ён падаўся стварэннем бясконца зямным, блізкім і родным. Беспаспяховае, але шчаслівае змаганне з камаром і дазволіла заснуць.
Я не назваў бы сон спакойным і ціхамірным. У ім мроілася, што я ўскокваю ад рыпення дзвярэй, і вачам адкрываецца іхні пусты прахон, які, між тым, зусім не пусты. Па-сапраўднаму глыбока заснуць удалося тады, калі ў вакно разам з радасным званком самага ранняга трамвая папрасіўся світанак.
10
Раніца падаравала развітанне з тэатрам сціхотных ценяў. Дапамог і кароткі начны дождж, што пакінуў мокрыя газоны ды лужынкі на падсохлым асфальце, якія павінны былі вось-вось дазвання знікнуць разам з рэшткамі трывогі. Яшчэ лежачы ў ложку, я мог бы прысягнуць, што больш у кватэры нікога няма.
Паснедаўшы аўсянкай, я з кубкам гарбаты і сліўкай у шакаладзе за шчакой смела зайшоў у кабінет. На сонечнай стальніцы, як і на зялёнай канапе, нічога – калі не лічыць, што разрадзіўся сотавы тэлефон, – не перайначылася. Акурат затэлефанавала з санаторыя сястра. Мы паразмаўлялі на звычайныя ў такіх выпадках тэмы, і я лёгка развітаўся з прамільгнулым жаданнем запытацца штосьці накшталт: Ці не заўважала ты калі-небудзь у пакоі з кнігамі нечага дзіўнаватага?
Словы-ключыкі пачалі пераўвасабляцца ў сказы і абзацы раней, чым я сеў за стол. Учорашнія прыгоды надзіва не заміналі, а – прынамсі, хацелася так думаць – абвастрыўшы пачуцці, спрыялі руцэ з асадкай. Нечаканы візітант зараз успрымаўся чымсьці сугучным маім таксама начным героям, маленькая сябрына якіх удзень распадалася на незнаёмых між сабою чужых людзей.
Нядаўняя прысутнасць Чорнага чалавека ніяк не адчувалася ці, можа, выявілася ў тым, што я зноў, але ўжо асэнсавана, не пайшоў купацца. Урупіўшыся ў тэкст, я проста забыўся на начнога госця, але, калі за вакном зашарэла, у душы зварухнуўся неспакой. Чорны чалавек зараз не выглядаў плёнам гульні ўяўлення, якое ўчора на знак падзякі ці пакарання за нешта намалявала тую невераемна жывую карціну – ажно да адметна загнутых мыскоў блазенскіх пантофляў.
І надышоў момант, калі ўва мне прагучаў выразны загад ставіць на сёння кропку, іначай у кабінеце можа зрабіцца зацесна. Без панікі адступаючы на кухню, я не забыў прыхапіць мабілку, халаднаватая пластыкавая рыбінка якой прыкметна дадавала ўпэўненасці.
11
Чорны чалавек з’явіўся той самай парою. Праўда, цяпер ён сядзеў на канапе не закінуўшы нага на нагу, а роўна, з пакладзенымі на калені рукамі. Яго сур’ёзная і ўадначас мірная пастава спадабалася мне значна болей, хоць, зрэшты, што тут магло асабліва падабацца?
Удзень я з дому не выходзіў, таму вячэра была падобнай да ўчорашняй як дзве кроплі вады. Праўдзівей – не вады, а віна, бо разам з рэшткамі халоднага языка чакаў недапіты шыраз. Зрабілася ясна, як божы дзень, што Чорны чалавек – наведнік невыпадковы, і датычна яго трэба выбудаваць адпаведную лінію паводзін. Няхай, вырашыў я, гэта будзе палітыка асцярожнага нейтралітэту з магчымымі дыпламатычнымі кантактамі.
Калі б Чорны чалавек паседжваў на канапе і раней, сястра неадменна б папярэдзіла мяне і без лішніх роспытаў. Адсюль вынікала, што ягонае з’яўленне звязанае якраз з маім прыездам і, відаць, з тым, чым я займаюся.
Перад сном я зачыніўся ў спальні і паспрабаваў чытаць захопленага з дому Марка Аўрэлія. Утульны томік разгарнуўся на кнізе сёмай: Усё матэрыяльнае вельмі хутка знікае ў сусветнай сутнасці… І памяць пра ўсё не менш хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасці. Не сказаць, каб сентэнцыя надта б спрыяла добрым снам. Я перагарнуў некалькі старонак. Уяві, што ты памёр, што жыў толькі да гэтага моманту... Дачытаўшы да канца, я быў узнагароджаны: а час, што табе застаўся, успрымай як дадзены звыш адмеранага і жыві ў ім згодна з прыродай.
Я нечакана супакоіўся: жыві ў ім, жыві ў імі на мяжы явы і сну працягнуў: жыві ў ім… пры ім… за ім… над ім… ім… Думкі блыталіся, ды, адплываючы ў сон, я паспеў згадаць дасціпна заўважанае калісьці, што імператар Марк Аўрэлій стаўся адно выпадковасцю, якая напаткала філосафа з тым самым імем. Прысніцца можаце абодва, запрасіў я, аднак з Маркам Аўрэліем у тую ноч спаткаўся хтосьці больш шанцоўны.
12
Штораніцы, папіваючы першы кубак наймацнейшай за цэлы дзень гарбаты, я перачытваў напісанае напярэдадні і вяртаўся да сваіх танцораў. А мо гэта яны вярталіся да мяне, і я па чарзе нейкай часткаю істоты ператвараўся ў аднаго ці ў адну з іх, не мінаючы і Коткі. Каб перанесціся ў іхні свет, часам я нават пачынаў танчыць, робячы зусім маленькія, адпаведныя памерам кабінета, колы. Нарэшце хтосьці з маіх нябачных, але ўсё больш адчувальных партнёраў дакранаўся мне да рукі або да пляча. Гэта і служыла знакам таго, што вяртанне здзейснілася. На колькі гадзін я забываў і пра Чорнага чалавека, і, калі шанцавала, пра ўсё астатняе.
13
Травеньская ноч была цёплай і чуйнай. Шчыльныя аблокі захінулі месяц і зоркі, аднак, ратуючы наваколле ад цямрэчы, злёгку свяціліся самі. Як звычайна, мы збіраліся па адным, але Залацістая з Коткай заўсёды чакалі астатніх каля квадратнага люка, усё роўна як і не пакідалі даха з мінулага разу.
Тонка праспявала нябачная страла, і ўслед за ёю недзе ўзляцела рука таямнічага дырыжора. Узляцела і застыла ў найвышэйшай кропцы, каб праз няўлоўнае імгненне даць сігнал музыкам…
Мы паспелі прайсці некалькі колаў, мяняючы хуткасць ды накірунак і пакрысе напаўняючы танец усё большай энергіяй, як раптам нас зрабілася не шасцёра, а сямёра.
У паветры ціха прашамацелі крылы, і на плячук Гімнасткі апусцілася дзіўная начная птушка, падобная да грака, але з двума ярка-зялёнымі пералівістымі пёрамі на баках і такой самай аблямоўкаю чорнай шыі. Трэцяе пяро – доўгае і вузкае, спакойнага салатавага колеру – трымала ў дзюбе. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што гэта не пяро, а стрэлка аеру.
Як выглядала, ні Гімнастка, ні хто-небудзь яшчэ з танцораў, апроч мяне, не заўважыў нябеснай госці. Адно Котка наструнілася і наставіла поўсць так, што стала добра відаць ейная абсалютна круглая ружовая плямка-пячатка, выпаленая некім ці нечым на падчарэўцы справа. Але праз хвілю нашая чатырохногая танцорка ўжо ўсім сваім выглядам паказвала, што ніякае небяспекі яна не адчула.
Птушка не замінала танцу, і ён ні на момант не перапыняўся – ні тады, калі мы мяняліся месцамі, ні тады, калі, працятыя сціхотнай самотаю, браліся за рукі. Толькі перад тым, як бы на нечы загад, мы павінны былі абняць адно аднаго за плечы, зрабіўшы нашае кола зусім вузкім, птушка паднялася ў паветра. Трымаючыся накірунку агульнага руху і не выпускаючы аеравай сцяблінкі, яна пачала лётаць над намі нізкімі кругамі – як быццам таксама брала ўдзел у танцы.
Калі невідочныя музыкі, нібы папярэджваючы нас пра небяспеку, зайгралі зусім ціха і мы яшчэ раз узяліся за рукі, каб далей танчыць, заплюшчыўшы вочы, птушка зноў апусцілася на плячо Гімнасткі. Няўжо наша зялёнапёрая госця наперад ведала, што цяпер яна найбольш патрэбная менавіта дзяўчынцы, што на сваіх цёплых спружыністых ступачках найчасцей датанцоўвала да самага краю.
Птушка заставалася з намі да той хвіліны, калі напрыканцы мы ўскінулі рукі да зорак...