Пётр Кузняцоў: Расія, Беларусь, М'янма — вельмі сумніўны патэнцыял для стварэння альтэрнатыўнай цывілізацыі
На цырымонію развітання з каралевай Лізаветай запрасілі ўсе краіны. Вось усе. Акрамя Расіі, Беларусі і — бонусам — М'янмы. Нават Іран запрасілі, піша ў сваім тэлеграм-канале «Такія справы» Пётр Кузняцоў.

— Калі хтосьці яшчэ сумняваецца, што мы жывём у эпоху змены эпох — самы час перастаць сумнявацца.
Гарбачоў памёр — усе сказалі «сышла эпоха». Каралева пайшла ў іншы свет — яшчэ адна такая ж гісторыя. Але гэта яшчэ, аказваецца, не ўсё.
Часы, калі Паўночная Карэя лічылася эталонам ізаляванай дзяржавы, таксама, відаць, сышлі — рэйтынгі абнаўляюцца. Чым не падстава сказаць, што скончылася яшчэ адна эпоха?
Тут на цырымонію развітання з Лізаветай запрасілі ўсе краіны. Вось усе. Акрамя Расіі, Беларусі і — бонусам — М'янмы. Нават Іран запрасілі, хай і на ўзроўні паслоў, мы ж наогул «па-за ўзроўнем» аказаліся. Такія справы.

Апошнім часам, у сувязі з ашаламляльнымі падзеямі на фронце, у расійскай прапагандзе ўсё шырэй ужываецца месэдж: «Мы ваюем адны супраць NАТО і ўсяго Захаду, а Украіна — ну, так сабе». Месэдж чаканы, таму што зручны — для апраўданняў.
Насамрэч ваюе, вядома, Украіна і ўкраінцы. Але частка праўды ў тым, што іх падтрымала вельмі шмат краін і народаў. Сапраўды, вельмі шмат — амаль увесь свет як такі і ўжо сапраўды ўвесь цывілізаваны свет.
Таму што гэта таксама — прыкмета змены часоў, эпох, дамінуючых каштоўнасцей і парадыгмаў.
ХХ стагоддзе было, мабыць, апошнім, калі людзям яшчэ хацелася жыць па праве сілы. Пасля Другой сусветнай вайны, вядома, трэнд змяніўся, але, будзем шчырыя, і да канца мінулага стагоддзя, і ў пачатку гэтага далёка не заўсёды анёламі былі і заходнія краіны і саюзы.
Аднак цяпер сітуацыя выглядае крыху інакш. Гэта наогул не адкрыццё — не ўсе на Захадзе хочуць падтрымліваць Украіну. Паглядзіце, як Германію і нямецкіх чыноўнікаў ламае ад гэтай неабходнасці, ды і не толькі іх.
Але трэба…. Але даводзіцца падтрымліваць, таму што інакш не зразумеюць ні ўласныя народы, ні іншыя краіны — партнёры і саюзнікі. Таму што сённяшні свет — ён ужо іншы, і як бы хто ні ставіўся да Украіны, украінскай тэмы і праблемы, сам расклад, у якім хтосьці спрабуе знішчыць яе толькі па праве сілы, вырашае ўсё. І ў гэтым свет адзіны.
Змяняюцца людзі, змяняюцца часы, змяняюцца эпохі і каштоўнасці. У той ці іншай ступені гэта даходзіць да ўсіх: да Шольца — хутчэй, да Кім Чэн Ына — павольней, але ўсё ж...
Вельмі мала засталося тых, да каго не даходзіць наогул. Настолькі мала, што свет лічыць магчымым дэманстратыўна іх ігнараваць.
Расія, Беларусь, М'янма — вельмі сумніўны патэнцыял для будаўніцтва альтэрнатыўнай цывілізацыі ва ўсіх сэнсах і з усіх пунктаў гледжання.
Значыць, раней ці пазней (хутчэй раней) эпохі зменяцца і тут.