СМІ: прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і М'янмы не запрасілі на пахаванне Лізаветы II

Дзяржаўнае пахаванне брытанскай каралевы Лізаветы II 19 верасня пройдзе без удзелу прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і М'янмы — Вялікабрытанія не выслала ім запрашэнні, паведамляюць заходнія СМІ.

photo_2022_09_12_18_25_13.jpg


Расія засталася без запрашэння на пахаванне Лізаветы II праз уварванне ва Украіну, а Беларусь і М'янма — за падтрымку дзеянняў Масквы. У дачыненні да М'янмы таксама дзейнічаюць заходнія санкцыі праз леташні дзяржаўны пераварот у краіне, адзначае Reuters.

Акрамя таго, Іран будзе прадстаўлены на цырымоніі толькі на ўзроўні пасла.

Чакаецца, што развітацца з манархам прыедуць каля 500 высокапастаўленых палітыкаў з усіх краін свету. Пахаванне называюць найбуйнейшым дыпламатычным сходам, якія праводзіліся ў Вялікабрытаніі за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў, піша ВВС.

Раней СМІ паведамлялі пра тое, што запрошаным на пахаванне гасцям рэкамендуюць не карыстацца прыватным транспартам — іх будуць развозіць спецыяльныя аўтобусы. Выключэнне будзе зроблена для прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з-за меркаванняў бяспекі.

Кіраўнікі дзяржаў змогуць узяць на пахаванне яшчэ аднаго чалавека.

Нагадаем, і Аляксандр Лукашэнка, і Уладзімір Пуцін выказалі спачуванні ў сувязі са смерцю Лізаветы II. Праўда, як і ў выпадку са смерцю Міхаіла Гарбачова, Аляксандр Лукашэнка зрабіў гэта ледзь не пазней за ўсіх.

У панядзелак лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская наведала брытанскую амбасаду ў Вільні і пакінула запіс у кнізе спачуванняў з нагоды смерці каралевы Лізаветы II. 9 верасня, на наступны дзень пасля смерці каралевы, Ціханоўская таксама выказала спачуванні каралеўскай сямʼі.

Лізавета II памерла 8 верасня ва ўзросце 96 гадоў. У Вялікабрытаніі пачалася дзесяцідзённая жалоба. Пахаванне каралевы пройдзе 19 верасня — гэты дзень у краіне абвясцілі выхадным.