Кампрамат на караля. Дасье ў карыкатурах

10 верасня прынц Чарльз афіцыйна стаў каралём Карлам ІІІ. Ён чакаў гэтага аж 70 гадоў, і зразумела, што за такі доўгі час паспеў засвяціцца ў шэрагу скандалаў.

prince_charles_ireland_4.jpg


Калі Чарлі было ўсяго 14 гадоў, яго і аднакласнікаў адвялі ў вясковы паб, дзе прынц замовіў вішнёвы брэндзі. На няшчасце для спадчынніка прастола, у пабе прысутнічаў рэпарцёр бульварнай газеты, які зрабіў здымак. Нягледзячы на ​​тое, што Букінгемскі палац спачатку адмаўляў гэтыя паведамленні, неўзабаве праўда выйшла вонкі. Пасля гэтага каралева Лізавета яшчэ мацней стала кантраляваць паводзіны сына і працягнула гэта рабіць нават калі ён пасталеў. Безумоўна, мастакі не прайшлі міма такой забаўнай схемы выхавання.

1_599.png

Наступны скандал меў месца ў 1981-м падчас абвяшчэння пра шлюб Чарльза з Дзіянай. Адзін з журналістаў, які прысутнічаў на мерапрыемстве, зазначыў, што прынц і яго выбранніца выглядаюць вельмі закаханымі. Дзіяна тут жа сціпла пацвердзіла: «Так, абсалютна», а Чарльз у гэтую ж хвіліну дадаў: «У кожнага свая інтэрпрэтацыя». Дзіяна выглядала вельмі збянтэжанай такім неадназначным тлумачэннем свайго будучага мужа, што тут жа адзначылі прэса і публіка. Той каментар з'явіўся прадвеснікам будучага расколу ў каралеўскай сям'і, які стане тэмай для шматлікіх карыкатур.

2_553.jpg

У 1992 году ў прэсу патрапіў аўдыязапіс асабістай гутаркі Чарльза з яго сяброўкай Камілай Паркер-Боўлз. Шасціхвілінны запіс утрымліваў абмеркаванне вельмі інтымных момантаў, і таму яго публікацыя выклікала эфект узарванай бомбы. Удар па рэпутацыі прынца Чарльза быў настолькі моцны, што больш за 50% брытанцаў палічылі яго нявартым быць спадкаемцам кароны.
Чарльз працягваў настойваць, што яны з Камілай проста сябры, якія ва ўсім адно аднаго падтрымліваюць. Зрэшты, гэта быў яўны падман. Пасля смерці Дзіяны Чарльз і Каміла, нарэшце, сталі мужам і жонкай у 2005 годзе. Шлюб старых арыстакратаў выклікаў шмат забаўных каментароў. На гэтым малюнку дзяўчынка, назіраючы за вяселлем Чарльза і Камілы, кажа, што калі яна будзе ў сталым веку, то таксама стане прынцэсай.

3_489.jpg

Зрэшты, той 2005 ужо цяперашні кароль запомніць надоўга. Перш, чым ажаніцца з Камілай, прынц Чарльз разам з прынцамі Уільямам і Гары накіраваўся на швейцарскі гарналыжны курорт. Тады ж прэса злавіла Чарльза на, страшна сказаць, абразе журналіста. Мікрафоны ўлавілі скаргу прынца на журналіста Нікаласа Уітчэла. Яго высокасць сказаў: «Чорт вазьмі, я цярпець не магу гэтага чалавека». Мусіць, у нас падобны пасаж аднаго з кіраўнікоў дзяржавы ўсе бы праігнаравалі, аднак у Англіі гэта выклікала сапраўдны скандал. Прычым такога маштабу, што Чарльз і Каміла задумаліся аб пераносе вяселля. Пра гэта размаўляюць персанажы карыкатуры.

4_458.jpg

Апошні скандал з удзелам Чарльза меў месца адносна нядаўна. У 2021 годзе нечакана высветлілася, што выканаўчы дырэктар дабрачыннага фонду прынца Prince's Foundation мяняе дзяржаўныя ўзнагароды і брытанскае грамадзянства на буйныя ахвяраванні. Так, адзін з арабскіх шэйхаў, які шмат гадоў спрабаваў стаць брытанскім падданым, атрымаў Ордэн Брытанскай імперыі, што магло аблегчыць працэдуру атрымання грамадзянства. Вядома, прадстаўнікі Чарльза адмаўлялі дачыненне прынца да ашуканскіх дзеянняў. Аднак гэта гісторыя ўсё роўна падмачыла рэпутацыю Чарльза. Прэса актыўна высмейвала спадчынніка прастола, які любіць арабскія грошы.

5_424.png


Трэба прызнаць, што прынц Чарльз, а цяпер ужо кароль Карл ІІІ, — не самы скандальны прадстаўнік у сямействе Віндзор. Прынцэсу Ганну аштрафавалі за тое, што яе сабака ўкусіў дзяцей. Прынц Гары быў вымушаны прынесці публічныя прабачэнні пасля таго, як на вечарыне насіў павязку са свастыкай. Герцаг Ёркскі трапіў у цэнтр сексуальнага скандалу з удзелам актрысы Вірджыніі Робертс.
Аднак наўрад гэта фінал. Каралеўскі статус гарантуе дадатковую цікавасць журналістаў да персоны. Так, журналісты могуць зноў пачаць расследаваць старыя чуткі пра тое, што ў Чарльза і Камілы ёсць незаконнанароджанае дзіця.  
Ну, а пакуль віншуем брытанцаў з новым манархам. Праўда, некаторыя мастакі выяўляюць новага караля досыць забаўна.

6_310.jpg