Новая хваля COVID-19 — зноў пад грыфам «сакрэтна»

«У Беларусі рэгіструецца невялікі рост захворвання на ВРІ (вострыя рэспіраторныя інфекцыі), грып і кавід, аднак тэмп прыросту ў два разы ніжэйшы, чым увосень 2021 года», — сказаў 14 верасня міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Аднак улады не публікуюць ніводнай лічбы.

9da301595f4e62b7d76a2ba9961f1cec.jpg


На запыт пра дакладныя лічбы па свежых захворваннях на кавід Мінздароўя дало кароткі адказ: «Ніякіх няма».

І гэта адпавядае палітыцы «адкрытасці» даных па COVID-19, якую абвясціла міністэрства ў траўні. Тады ведамства паведаміла, што больш не будзе кожны дзень публікаваць справаздачы па росце захворванняў на COVID-19, колькасці памерлых і гэтак далей: «У сувязі з тым, што ў краіне рэгіструецца невялікая колькасць пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, Міністэрства аховы здароўя з 11 мая будзе абнаўляць статыстычныя даныя 1 раз на месяц — штомесяц першага чысла».

Апошняя справаздача была ў ліпені: згодна з ёй, за май-чэрвень зафіксавалі больш за 11 тысяч выпадкаў. Ні ў жніўні, ні ў верасні чыноўнікі статыстыку не называлі.

Кантроль над сітуацыяй з COVID-19, які хоча трансляваць міністр аховы здароўя, на сёння публічна не падмацаваны ніводнай лічбай. Мы не ведаем ні колькасці захварэлых, ні колькасці цяжкіх выпадкаў, ні тым больш пра смерці ад кароны (у Літве, напрыклад, зафіксавана 9 смяротных выпадкаў ад кароны ў верасні).

У краінах-суседзях другі тыдзень фіксуецца рост колькасці зарэгістраваных выпадкаў інфіцыравання COVID-19, а таксама смяротных выпадкаў.


У некаторых паліклініках у дзень фіксуюць па 40 новых выпадкаў кавіду

У адной з мінскіх паліклінік расказваюць, што днямі была нарада наконт каранавіруса. «Сказалі браць больш мазкоў, — дзеліцца тэрапеўт. — Бяром іх у тых, у каго ёсць падазрэнне на карону, у цяжарных і пажылых. Асноўныя сімптомы цяперашняга штама — тэмпература і боль у горле».

Доктар заўважае, што раней яны рабілі мазкі часцей, бо за выяўленыя выпадкі кавіду медыкі мелі даплаты. Цяпер, калі даплат няма, выяўленыя выпадкі мала на што ўплываюць.

У некаторых мінскіх паліклініках у дзень фіксуюць каля 30-40 новых выпадкаў COVID-19 (у разгар зімовай хвалі станоўчых тэстаў было ў 4 разы больш). Паступовы рост захворвання адзначаюць з пачатку верасня.

«Калі ў жніўні ў нас на аддзяленне было ад пары да 10 візітаў на дом да пацыентаў з тэмпературай (гэта не абавязкова карона), то цяпер па 20—30 на дзень. Але гэта істотна менш, чым у папярэднюю хвалю — тады ў канцы студзеня было па 60—80 такіх візітаў на аддзяленне».

front.jpg


У гэтага штама няма такога сімптому, як страта нюху

Доктарка Алена працуе ў адным з прыватных медычных цэнтраў Мінска. Напрыканцы жніўня па ўнутраным рашэнні тут вярнулі масачны рэжым і тэмпературны маніторынг. На ўмовах ананімнасці доктарка расказала, як бачыць сітуацыю вакол COVID-19 са свайго працоўнага месца.

«Верасень сам па сабе месяц, калі ідзе рост: пасля лета дзеці збіраюцца ў калектывы — і пачынаецца.

Прыватныя медыцынскія цэнтры, як мой, не маюць права займацца лекаваннем каранавіруснай інфекцыі, і калі ёсць пацверджаны тэстам выпадак, то мы накіроўваем пацыента далечвацца ў паліклініку па месцы жыхарства», — кажа лекарка.

«Трэба разумець, што ў Беларусі цяпер кавідам можа быць усё. Дактарам дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без лабараторнага пацвярджэння. Таму мала хто здае тэсты і нешта даследуе».


Ці лёгка адрозніць каранавірусную інфекцыю ад грыпу ці ВРІ без тэсту?

«Сімптомы гэтых захворванняў падобныя, і без лабараторных даследаванняў на 100% быць упэўненай цяжка, — кажа Алена. — Калі ідзе хваля захворвання, нам кажуць, што не варта ўсіх адпраўляць на аналізы, а дыягназ трэба ставіць па клініцы захворвання. Тое ж і з каронай. У гэтага штама няма такога сімптому, як страта нюху. Моцны боль у горле ёсць, высокая тэмпература таксама, але не ва ўсіх. Як пацыенты расказваюць, гэтая хваля пераносіцца лягчэй за іншыя».

Доктарка мяркуе, што па вялікім рахунку наяўнасць лабараторнага тэсту на методыку лекавання ніяк не ўплывае. Сур’ёзнай ізаляцыі, як тое раней было, ужо няма. Таму ў беларускіх рэаліях, з пункту гледжання дактароў і пацыентаў, сэнс рабіць тэсты губляецца.

Пры гэтым доктарка дадае, што каранавірус — высокакантагіёзная інфекцыя, заразная, таму пажадана вытрымліваць самаізаляцыю пры магчымасці.


Прыватным выпадкам падзялілася магіляўчанка Сафія, якая ў верасні захварэла на COVID-19 другі раз. Жанчына працуе ў дзяржустанове, вядзе прыём грамадзян: «У пятніцу я была на прыёме. А ў суботу ўжо адчула сябе блага: была тэмпература, моцны боль у горле. На панядзелак я выклікала доктарку з паліклінікі. Яна выпісала схему лячэння, паставіла дыягназ ВРІ. Але ў мяне старэнькія бацькі, і я не хачу рызыкаваць іх жыццём. Я патлумачыла доктарцы сітуацыю і папрасілася на тэст».

Пра пазітыўны вынік тэсту Сафія даведалася на наступны дзень, атрымала прадпісанне на самаізаляцыю. Пасля яна наведвала паліклініку, каб перапісаць дыягназ з ВРІ на карону. Па яе словах, да аднаго доктара сядзела 15 пацыентаў.

Нагадаем, што ў мінулую хвалю кавіду, якая была ўзімку, статыстыка Мінздароўя ў асобныя дні даходзіла да 8 тысяч новых выпадкаў. У верасень летась колькасць новых афіцыйных выпадкаў у разгар хвалі складала амаль 2 тысячы.

Паводле «Нашай Н*вы»