МУС назвала экстрэмістамі адразу 79 чалавек. Сярод іх — аўтар Вікіпедыі і блогерка, якая ўжо выйшла на волю

МУС Беларусі абнавіла спіс «грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У ім з'явіліся 79 новых прозвішчаў, а агульная колькасць склала 700 чалавек.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Пра гэта піша «З*ркало».
Большасць новых «экстрэмістаў» былі асуджаны па «пратэсным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса. Сярод іх — сацыёлаг, метадолаг, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская, асуджаная да 2,5 гадоў «хіміі», і вядомы актывіст і папулярызатар свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.org Марк Бернштэйн, які адбывае 3 гады «хатняй хіміі».
У пералік «экстрэмістаў» таксама ўнеслі YouTube-блогерку Вольгу Такарчук, якую, акрамя «грубага парушэння грамадскага парадку», прызналі вінаватай таксама ў паклёпе і абразе суддзі і асудзілі да 1,6 года калоніі агульнага рэжыму. У чэрвені 2022 года яна выйшла на волю, аднак у спісе МУС дагэтуль значыцца як асоба, якая адбывае пакаранне.

«Экстрэмістам» таксама названы Арцём Анішчук, які адбывае пакаранне і неаднаразова заяўляў пра катаванні з боку адміністрацыі калоніі № 15.

А раней у пералік «экстрэмістаў» быў унесены Дзмітрый Дудойць: гэта адбылося 30 верасня 2022 года — амаль праз 10 месяцаў пасля смерці мужчыны, які 5 студзеня скончыў жыццё самагубствам.

Цяпер у спіс «грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», уключаны 700 чалавек.
На працягу пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці ім будзе забаронена займацца «абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу». Таксама беларускія органы будуць кантраляваць фінансавыя аперацыі былых асуджаных па «экстрэмісцкіх» справах.