Філосафа-палітвязня Уладзіміра Мацкевіча этапавалі ў калонію
Уладзіміра Мацкевіча этапавалі ў папраўчую калонію № 17 у Шклове.
Палітзняволенага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за «Марш Народнага Ультыматуму» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за платформу «Сход», а таксама па ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
За кратамі філосафа трымаюць ужо амаль 14 месяцаў. Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года пасля вобшуку ў доме ў межах крымінальнай справы і выставілі абвінавачванне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Уладзімір Мацкевіч трымаў 3 лютага 2022 года галадоўку, а з 15 лютага — «сухую галадоўку». Увечары 16 лютага стала вядома, што вязень завяршыў галадоўку. Паводле ягоных слоў, якія перадаў адвакат, «справа зрушылася з мёртвай кропкі».
Разгляд справы Уладзіміра Мацкевіча пачаўся 9 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 23 чэрвеня мысляра прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Мацкевіча этапавалі ў папраўчую калонію № 17.
Дасылаць лісты філосафу цяпер трэба на новы адрас: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Уладзіміру Уладзіміравічу Мацкевічу.