Самыя гучныя галадоўкі ў незалежнай Беларусі
Ужо 14 дзён працягваецца галадоўка Уладзіміра Мацкевіча ў СІЗА№1, і пайшоў трэці дзень як філосаф адмовіўся ад вады. «Новы Час» згадаў самыя буйныя галадоўкі ў гісторыі Беларусі пачынаючы з 1990-х гадоў.
1992. Пратэст шахцёраўШахцёры салігорскага «Беларуськалія» і цяпер страйкуюць, заклікаючы правесці сумленныя выбары і спыніць палітычныя рэпрэсіі. А 12 сакавіка 1992 года яны абвясцілі бестэрміновы страйк з патрабаваннем павышэння тарыфных ставак і заблакавалі чыгуначныя шляхі, каб не дапусціць адгрузкі тавараў з «Беларуськалія». 30 сакавіка восем чалавек распачалі галадоўку. Улада не рэагавала. У Салігорску адбыўся мітынг, на які выйшла 12 тысяч чалавек, і на якім было прынята рашэнне – ісці ў сталіцу пешшу, каб давесці патрабаванні да ўраду.Праз 4 дні шахцёры дайшлі да Мінска, на мітынгу ў падтрымку іх патрабаванняў прысутнічала 50 тысяч чалавек. У выніку заробкі шахцёраў былі павялічаны ў 3,4 раза, а таксама пашыраны пакет сацыяльных ільготаў.
1995. Пачатак дыктатуры ў Беларусі
11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў апазіцыі БНФ абвясцілі галадоўку ў Авальнай зале з пратэстам супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму аб адмене бел-чырвона-белага-сцяга і герба «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.
У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты былі збітыя спецназаўцамі і выкінутыя з будынка парламента. Шмат якія палітыкі лічаць менавіта гэтую дату пачаткам дыктатуры ў Беларусі. Менавіта пасля разгону дэпутатаў Васіль Быкаў сказаў: «Краінай кіруе хунта». Рэферэндум адбыўся праз месяц і ўсе прапановы Лукашэнкі былі падтрыманыя.
1996. Першыя палітвязні
Сябры БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юрый Хадыка – першыя беларускія палітвязні постсавецкага перыяду. Іх арыштавалі вясной 1996 года пасля буйных вясновых акцыяў апазіцыі і сутыкненняў дэманстрантаў з міліцыяй, і абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў. На знак пратэсту палітыкі галадалі 21 дзень у СІЗА на Валадарскага, апошнія тры дні Сіўчык правёў у рэанімацыі. 17 траўня яны былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, крымінальную справу спынілі праз некалькі гадоў.
2004. Дэпутаты – за дэмакратызацыю выбараў
Трое дэпутатаў апазіцыйнай фракцыі «Рэспубліка» галадалі з патрабаваннем дэмакратызаваць выбарчы працэс. Выбары 2004 года сталі апошнімі, калі ў парламенце прысутнічалі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці.
2005. Сяргей Скрабец
Былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца арыштавалі і асудзілі на 2,5 года па абвінавачанні ў вымыванні крэдыту з дзяржавы. Скрабец быў змешчаны ў Брэсцкі ізалятар, дзе распачаў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі абвінавачання. Вязень галадаў амаль 40 дзён, у выніку галадоўкі ўмовы яго ўтрымання былі палепшаныя.
2005. Маладафронтаўцы
Сябры «Маладога фронту» ў Жодзіне галадалі больш за два тыдні, пратэстуючы супраць выключэння сябра арганізацыі з навучальнай установы. Ужо праз год маладафронтаўцы пачалі галадоўку ў Салігорску, да якой паступова далучаліся актывісты арганізацыі па ўсёй краіне. У выніку галадала каля чатырох дзясяткаў чалавек, акцыя цягнулася тры тыдні. Патрабаванні выкананыя не былі, але галадоўка мела дастаткова шырокі розгалас, бо сярод яе ўдзельнікаў было шмат няпоўнагадовых.
2005. Нязломны Аўтуховіч
Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які цяпер зноў арыштаваны ў межах крымінальнай справы, галадаў падчас двух сваіх папярэдніх арыштаў. Першая галадоўка, у 2005 годзе, была найбольш цяжкай, працяглай і выніковай – вязень не еў 74 дні і страціў 40 кг вагі. Ён дамагаўся вызвалення, але ўлады адпусцілі яго пад хатні арышт. Пасля Мікалай атрымаў 3,5 года калоніі, але быў датэрмінова вызвалены пасля ціску з боку ЗША.
2006. Пратэст пратэстантаў
Пратэстанцкія вернікі з царквы «Новае жыццё» галадалі ў кастрычніку 2006-га. Галадоўка працягнулася каля месяца, патрабаваннем было захаваць будынак царквы. Непасрэдна сама галадоўка вынікаў не дала – суд стаў на бок Мінгарвыканкама. У 2010 годзе мелася адбыцца прымусовае высяленне вернікаў з будынка. Але раптоўна адміністрацыя Маскоўскага раёна адмовілася ад будынка, і вернікі захавалі сваю царкву.
2006. Замест прэзідэнцтва — турма
Аляксандр Казулін быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2006 годзе. Адразу пасля выбараў яго арыштавалі і асудзіліна 5,5 года калоніі. У віцебскай калоніі ён галадаў 53 дні, патрабуючы разгляду беларускага пытання на Радзе Бяспекі ААН. Тады прадстаўнік ЗША ў ААН сапраўды спрабаваў узняць тэму парушэння правоў чалавека ў Беларусі, але прапанова была заблакаваная Расіяй.
2009. Зноў Аўтуховіч
Другі раз Мікалая Аўтуховіча затрымалі і абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта (дарэчы, цяпер Мікалаю прад’яўляюць такое ж злачынства). 90 дзён вязня трымалі ў СІЗА, не выстаўляючы абвінавачвання, гэты час ён адмаўляўся ад ежы. У тым жа годзе Аўтуховіч успароў сабе жывот на знак пратэсту супраць дзеянняў турэмнай адміністрацыі.
У знак салідарнасці з Мікалаем Аўтоховічам бестэрміновую галадоўку абвясцілі палітычныя дзеячы і грамадскія актывісты. Усяго ў галадоўцы ўдзельнічалі 32 чалавека, пяцёра з іх — сябры «Маладога Фронта» Наста Палажанка (Дашкевіч), Андрэй Цянюта, Мікола Дземідзенка, Арцём Дубскі — увесь час знаходзіліся на Управе БНФ. Удзельнікі галадоўкі спынілі яе пасля звароту да іх беларускіх палітыкаў.
2011. Чалавек-сцяг
Многія памятаюць віцебскага актывіста Сяргея Каваленку. Ён аб’явіў галадоўку 20 снежня 2011 года на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» – умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй елцы ў 2010 годзе. Галадаваць актывіст спыніў у сакавіку 2012 года, за час галадоўкі ён згубіў каля 30 кг вагі. Яго неаднаразова спрабавалі прымусова карміць і ў выніку змясцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Каваленка атрымаў 2 гады калоніі, але быў датэрмінова вызвалены пасля прашэння на імя кіраўніка Беларусі.
2014. Прафсаюзы
Сябры прафсаюзаў галадалі ў Беларусі ў лістападзе 2014 года праз ціск, які аказвалі на іх улады. Пасля 9-дзённай галадоўкі чатырох сябраў Свабоднага прафсаюзу ўлады ніяк не адрэагавалі на іх патрабаванні. У 2013 годзе ў Мазыры таксама галадавалі сябры прафсаюзу і гэтак жа безвынікова.
2018. Маці – 328
Зусім нядаўна, у красавіку 2018 года, маці асуджаных па «наркатычным» 328 артыкуле Крымінальнага кодэкса адмовіліся ад ежы, патрабуючы сустрэчы з Лукашэнкам і змякчэння пакаранняў. Галадоўку спынілі пасля таго, як з жанчынамі сустрэлася кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава і паабяцала вырашыць пытанне. Неўзабаве некаторыя часткі 328 артыкула, сапраўды, змякчылі, але не ўсе патрабаванні жанчын былі выкананыя.
2020. Ігар Лосік
Адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» і фрылансера-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў. Лосік актыўна асвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.
25 снежня меўся завершыцца гранічны тэрмін ягонага ўтрымання пад вартай. Але незадоўга да гэтага яму выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). На знак пратэсту Ігар 15 снежня 2020 года абвясціў галадоўку, якая доўжылася да 25 студзеня 2021 года. Ігар Лосік не прымаў ежу 42 дні.