Як справы ў швейцаркі Наталлі Хершэ, што сарвала з амапаўца балаклаву
Ураджэнка Беларусі, цяпер – грамадзянка Швейцарыі, Наталля Хершэ, асуджаная на два з паловай гады за тое, што сарвала балаклаву з амапаўца, ад 19 да 25 студзеня трымала галадоўку. На гэты крок жанчына наважылася, бо з пачатку года да яе перастала даходзіць карэспандэнцыя. Пра галадоўку Наталлі, умовы ўтрымання і хуткі разгляд апеляцыі «Белсат» паразмаўляў з братам швейцаркі Генадзем Касьянам.
Галадоўка як пратэст супраць парушэння правоў
Мужчына распавёў, што рашэнне сястры адмовіцца ад ежы стала для яго нечаканасцю і спачатку вельмі засмуціла.
У чацвер 21 студзеня спадар Касьян павёз для Наталлі ў СІЗА традыцыйную перадачу, у якой было «шмат розных прадуктаў, а таксама дзесяць кілаграмаў фруктаў».
– Я спачатку доўга чакаў, пакуль прымуць перадачу, мне сказалі, што прыйдзе афіцэр, што ўжо мяне ўсхвалявала: думаў, што ж здарылася? – распавядае Генадзь. – Прыйшоў нейкі маёр і паказаў мне заяву ад Наталлі ад 19 студзеня, што яна адмаўляецца ад перадач і пасылак з прадуктамі. Я бачыў, што заява сапраўды напісана ейнай рукой, стаяў ейны подпіс.
Паводле Генадзя, маёр яму нічога не патлумачыў, а на пытанне, што з Наталляй, сказаў, што ўсё добра. Брат швейцаркі вельмі ўсхваляваўся, патэлефанаваў адвакатцы. Яна адразу прыехала да Наталлі, і праз яе Генадзь даведаўся, што сястра з 19 студзеня абвесціла галадоўку на знак нязгоды з тым, што да яе не даходзіць карэспандэнцыя. Адначасова, зазначае Генадзь, і ад Наталлі ніхто не атрымліваў лістоў. Жанчына напісала афіцыйную заяву, у якой патлумачыла, што яе галадоўка – пратэст супраць парушэння ейнага права на ліставанне.
Паводле спадара Касьяна, заява Наталлі падзейнічала адразу – ужо 19 студзеня ёй прынеслі 14 лістоў, 20 студзеня – яшчэ 12, і 21-га – два разы па шэсць лістоў прыносілі. Таксама сяброўка Наталлі ўжо атрымала два лісты ад яе.
Галадоўка можа быць адзіным крокам, каб выказаць пратэст за кратамі
Акрамя таго, жанчыну перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі. Хоць адначасова там шматлюдна – цяпер восем жанчын, а ўвогуле камера разлічана на дзесяць асобаў. Наталля распавядае, што ў яе вельмі добрыя сукамерніцы – швейцарка апынулася ў кампаніі з заснавальніцай «Прэс-клубу» Юліяй Слуцкай.
Наталля Хершэ спыніла галадоўку ў панядзелак 25 студзеня. Генадзь ужо падрыхтаваў для сястры перадачу, якую панясе ў сераду, 27 студзеня.
Спадар Касьян лічыць, што галадоўка сястры была ва ўмовах зняволення, мо, і адзіным магчымым крокам, каб паказаць сваю нязгоду, пратэст супраць парушэнняў правоў.
– Спачатку я вельмі хваляваўся за сястру, спужаўся за яе. Але потым пагадзіўся, што гэта быў слушны крок, – кажа Генадзь. – Адначасова мяне вельмі цешыць, што яна скончыла галадоўку. Паказаць сваю пазіцыю важна, але адначасова ўсё гэта не варта таго, каб знішчаць свой арганізм. Як медык, я разумею, да якіх наступстваў можа прывесці галадоўка.
Спадар Касьян таксама ўсцешаны, што галадоўку спыніў Ігар Лосік.
– Я вельмі разумею Ігара, але адначасова вельмі рады, што ён усё ж скончыў галадоўку. Не трэба нішчыць сваё здароўе, – кажа Генадзь. – Хоць гэта прыклад волі і стойкасці чалавека, які згадзіўся аддаць сваё жыццё ў барацьбе з беззаконнем, гэта гераічны ўчынак.
Кодэкс не прадугледжвае шматразовыя сустрэчы для асобаў пад вартай
Генадзь распавядае, што Наталля не скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Сяброўкі выпісалі ёй часопіс «Наша гісторыя», газету «Новы Час» – так Наталля спраўляецца з інфармацыйным вакуумам. У той жа час Генадзь не можа перадаць кнігі для сястры – не прымаюць. Мужчына накіроўваў пытанне на гэты конт у адрас кіраўніцтва СІЗА-1, і атрымаў адказ, што асобы, якія знаходзяцца пад вартай, маюць права карыстацца літаратурай толькі з мясцовай бібліятэкі, а таксама набытай адміністрацыяй СІЗА ў гандлёвай сетцы.
Не даюць дазвол Генадзю і на спатканне з сястрой. Мужчына на пачатку студзеня падаваў у суд Савецкага раёна г.Менску заяву на сустрэчу, але яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што адно спатканне ў снежні ўжо было, а УПК Беларусі не прадугледжвае шматразовыя сустрэчы з асобамі пад вартай.
Адначасова Генадзя радуе, што ў адвакаткі няма перашкодаў для камунікацыі з Наталляй.
Жанчыну рэгулярна – прыкладна кожныя два тыдні – наведвае пасол Швейцарыі, яму выдзяляюць гадзіну для сустрэчы з Наталляй.
16 лютага а 10-й гадзіне ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Наталлі Хершэ на прысуд.
Таксама да 16 лютага Супольнасць беларусаў у Швайцарыі рыхтуе супольную заяву на імя старшыні Мінскага гарадскога суду. Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя «Libereco – партнёрства за правы чалавека» таксама рыхтуе заяву аб тым, што прысуд Наталлі парушае два артыкулы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: арт. 9 – адвольнае затрыманне, арт. 21 – права на мірныя сходы.
Наталля Хершэ – беларуска са швейцарскім грамадзянствам, была затрыманая ў Менску 19 верасня падчас «Бліскучага маршу» жанчын. Калі жанчыну цягнулі ў аўтазак, яна паспрабавала зняць з сілавіка балаклаву. З-за гэтага на Наталлю завялі крымінальную справу па арт. 363 КК РБ – супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў з ужываннем гвалту. 7 снежня суд Савецкага раёну г.Мінска пакараў швейцарку 2,5 гадамі зняволення ў калоніі. Цяпер Наталля Хершэ знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарцы ў Мінску.
Ганна Ганчар, belsat.eu