Адміністрацыя калоніі «забараніла» публікаваць лісты Максіма Знака
Сваякі палітвязня Максіма Знака стварылі тэлеграм-канал «Неверагодныя лісты». У ім публікаваліся вершы, разважанні і апавяданні з лістоў Максіма цягам некалькі месяцаў, паведамляюць праваабаронцы. Так было да ўчорашняга дня.
Сваякі палітвязня Максіма Знака стварылі тэлеграм-канал «Неверагодныя лісты». У ім публікаваліся вершы, разважанні і апавяданні з лістоў Максіма цягам некалькі месяцаў.
Бацька Максіма публікаваў урыўкі з лістоў палітвязня, якія могуць быць цікавымі камусьці яшчэ, таму што ні ад каго, акрамя родных, Максім Знак у калоніі не атрымлівае ніякіх лістоў. «Паказваем, што чалавек нармальным застаўся. І чым мне па тэлефоне адказваць, мне прасцей напісаць гэтыя дзесяць радкоў з яго ліста: дзе ён разважае, нейкая думка цікавая, можа, кніга нейкая трапілася цікавая, як ён бавіць час. Людзі таксама цікавяцца, што ён там робіць. Ён піша пра фізічныя практыкаванні, пра ёгу, пра нямецкую мову».
Бацька распавядаў, што ў СІЗА Максім ліставаўся больш чым з тысячай чалавек і атрымаў больш за 7000 лістоў, але ў калоніі раптам усё ліставанне спынілася.
А 13 кастрычніка ў тэлеграм-канале з'явіўся пост пра тое, што публікацыя лістоў спыняецца. Прычына — допісы не падабаюцца адміністрацыі Віцебскай калоніі № 3.
Нагадаем, палітзняволеных Максіма Знака і Марыю Калеснікаву абвінавачвалі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.
6 верасня суддзя Сяргей Епіхаў асудзіў Максіма Знака да 10 гадоў калоніі. Згодна з прысудам, Максім Знак можа выйсці на волю ў студзені 2030 года.
Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН прызнала, што пазбаўленне волі Максіма Знака праведзенае з парушэннем артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з'яўляецца адвольным. Максім Знак павінен быць неадкладна вызвалены, яму павінна быць выплачана кампенсацыя, гаворыцца ў заяве працоўнай групы. Ліст аб гэтым накіраваны ўладам Беларусі 21 траўня 2022 года.