Палітвязня Алеся Пушкіна звезлі ў гродзенскую турму
Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна этапавалі на строгі рэжым у гродзенскую турму, паведамляюць праваабаронцы.
Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 («Наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобаў») і арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на
выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця» 19
сакавіка, партрэта ўдзельніка антысавецкага супраціву пасля Другой сусветнай вайны Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся
Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з
бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні».
30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў
калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі № 22 у жніўні пакарала мастака пяццю месяцамі ў ПКТ.
11 лістапада суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч
пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года.