Хронікі палітычных рэпрэсій 3 снежня

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў чарговы раз папоўнілі, дадалі тэлеграм-каналы, чаты і нават старонку ў Instagram, дзе два гады не з'яўляліся новыя запісы!

_minsk_zima_studzen_sneh_bczb_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__logo.jpg

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі: Telegram-каналы «Девятовка», «Чёрная книга Койданова — чат», «Орша для жизни»; Instagram-старонка «bela.rus.2020»; Telegram-чаты «Гродно Ольшанка», «Гродно Девятовка», «Соседи Колбасино».

Справу «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені, будуць разглядаць у закрытым рэжыме.

5 снежня ў Мінскім абласным судзе пачнецца суд над  Віталём Мельнікам. Яму інкрымінуюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу: акт тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК); наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў зносін у мэтах учынення акта тэрарызму (ч. 4 арт. 309 КК); абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК);  незаконныя набыццё і захоўванне агнястрэльнай зброі, у тым ліку ўчыненыя паўторна (ч. 2 і ч. 3 арт. 295 КК).

Палітзняволеную Алену Лазарчык трымаюць у карцары.

Праваабаронцам стала вядома, што Алена будзе знаходзіцца там да 4 снежня. Калі яе змясцілі ў карцар і колькі часу там правяла — дакладна невядома.

Паведамляецца, што Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Алене Лазарчык — скаргу на яго падаваў пракурор, была верагоднасць, што прысуд могуць узмацніць.

Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.


Мастака-палітвязня Алеся Пушкіна этапавалі ў гродзенскую турму.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алеся Пушкіна з 22 лістапада перавялі ў гродзенскую турму № 1 на строгі рэжым.

Нагадаем, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада пастанавіў перавесці мастака на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года.

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК і ч. 3 арт. 130 КК. 25 сакавіка Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі №22 у жніўні пакарала Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ.


Прысуд экс-палітвязню Іллі Міронаву, які адсядзеў больш за год за кратамі, пракурор збіраецца абскардзіць.

Ілля атрымаў па пошце ліст з суду. Гледзячы па ўсім, пракурорка Ірына Курбацкая лічыць прысуд Іллі занадта мяккім і патрабуе перагляду справы.

Іллю Міронава затрымалі ў верасні 2021 года па «справе Зельцара». 24 кастрычніка 2022 года Іллю асудзілі да 1,5 года калоніі і штрафу ў 200 базавых велічыняў. Паколькі палітвязень больш за год знаходзіўся ў СІЗА — яго пастанавілі вызваліць у залі суда.