Пасля Макея. Хто будзе перамаўляцца наконт беларускіх палітвязняў?

Пытанні наконт «гандлю» беларускімі палітвязнямі актуалізавалася пасля смерці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Раней ён мог кулуарна дамаўляцца з Захадам наконт зняцця санкцый у абмен на вызваленне людзей. Цяпер такой фігуры няма.

img_2820_logo_1.jpg


DW задаецца пытаннем, што можа прымусіць улады ў Мінску вызваліць палітзняволеных, хто можа пачаць такія перамовы, і ў абмен на што могуць вызваляць людзей.

Флейтыстка Марыя Калеснікава, якая нядаўна стала ганаровым прафесарам зальцбургскага Моцартэума, трапіла ў рэанімацыю. Яе прывезлі туды са штрафнога ізалятара Гомельскай жаночай калоніі — малюсенькай халоднай камеры, дзе няма ні матрацаў, ні коўдраў. Праваабаронца Наста Лойка адбывае пяты за восень арышт тэрмінам 15 сутак. Падчас аднаго з судоў па яе справе стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі выкарыстоўвалі супраць Лойкі электрашокер і пакідалі на 8 гадзін без адзення на вуліцы.

Крымінальная справа нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага нядаўна была перададзеная ў суд. Ёсць шанц убачыць праваабаронцы на працэсе ў клетцы для падсудных якраз тады, калі ў Швецыі яму павінны будуць уручыць Нобелеўскую прэмію міру, — 10 снежня.

Што можа прымусіць беларускія ўлады пачаць працэс вызвалення палітвязняў і іншых асуджаных за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якіх у краіне ўжо тысячы? На што Мінск можа абмяняць іх свабоду, ці магчымая сёння такога кшталту ўгода і хто можа стаць у гэтым выпадку пасярэднікам?


«Спробы былі»

«Наколькі мне вядома, беларускія ўлады пасля пачатку вайны ва Украіне і нават да вайны спрабавалі даведацца ў еўрапейскіх і амерыканскіх дыпламатаў, колькі трэба было б адпусціць палітвязняў, каб былі знятыя нейкія санкцыі», — кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Паводле яго інфармацыі, падымаліся пытанні адмены калійнага эмбарга (самага адчувальнага для Мінска) — каб заходнія дыпламаты пераканалі Літву зняць забарону на транзіт угнаенняў праз порт Клайпеды. На пытанне, што яшчэ ў гэтай сувязі мае асаблівую каштоўнасць для беларускіх уладаў, Шрайбман адказвае: «Трэба глядзець на ключавыя параметры беларускага экспарту».

Дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова так тлумачыць логіку ўрада Беларусі: «У яго фокусе буйныя дзяржпрадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі. Вядома, улады ў першую чаргу будуць думаць пра дзве асноўныя экспартныя пазіцыі — гэта калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты». Прычым, са слоў Барнуковай, сітуацыя з нафтапрадуктамі не такая крытычная, як з каліем: «Нешта ўдаецца пастаўляць у абыход санкцый, нешта забірае ўнутраны рынак».


Надзея на Літву?

Самыя сур'ёзныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўводзіліся Захадам не праз падаўленне пратэстаў 2020 года, а праз прымусовую пасадку ў Мінску самалёта авіякампаніі Ryanair, праз сітуацыю з мігрантамі на мяжы з краінамі ЕС і саўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны.

Кацярына Барнукова адзначае, што трэба дакладна разумець, на што Захад гатовы пайсці, здымаючы частку санкцый з РБ: «Па калію існуе аргумент пра неабходнасць падтрымання рынку харчавання ва ўсім свеце, неабходнасць зніжэння сусветных коштаў на ўгнаенні. Тут, мне здаецца, у абодвух бакоў інтарэсы сыходзяцца».

Але ці гатовы сёння хто-небудзь лабіраваць зняцце санкцый з Мінска? «Тэарэтычна гэта могуць быць Літоўскія чыгункі, бізнесоўцы, звязаныя з Клайпедскім портам, адміністрацыя порта, таксама, напэўна, разнастайныя міжнародныя арганізацыі кшталту ААН, занепакоеныя коштамі на прадукты харчавання ў свеце, на якія ўплываюць праблемы з пастаўкамі ўгнаенняў», — пералічвае Арцём Шрайбман.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што жаданне пакараць Лукашэнку і нежаданне з ім супрацоўнічаць цяпер у Літве настолькі высокае, што «нічога не працуе»: «А пакуль, здаецца, што без Літвы праблема не развязваецца».


Тупіковая сітуацыя

«Я так разумею, што бакі не могуць нават уступіць у нармальныя перамовы і тым больш дамовіцца аб “абменным курсе”», — адзначае Шрайбман. Ён лічыць, што Лукашэнка не гатовы на маштабную амністыю да таго, як не атрымае дакладных гарантый і разумення таго, якія менавіта санкцыі адменяць. Акрамя таго, дадае аналітык, Лукашэнка не гатовы адпускаць усіх або большую частку палітвязняў: «Як я разумею, ён чакае першага кроку ад Захаду. Сітуацыя даволі тупіковая на сённяшні момант».

Гэтак жа ацэньвае бягучае становішча і палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. «Беларускія ўлады чакаюць ад Еўрапейскага Саюза і ЗША занадта шмат чаго — каб адразу знялі і калійныя санкцыі, і нафтавыя, на што тыя пайсці не могуць. І, наадварот, Захад чакаў бы ад Беларусі нейкіх істотных крокаў — абмежавання ўдзелу ў ваенным канфлікце ва Украіне, істотнага зніжэння колькасці палітвязняў. А беларускія ўлады не гатовыя гэта даць», — канстатуе Ягораў.


«У канчатковым рахунку будуць вырашаць без нас»

Пры гэтым ён мяркуе, што тэму перамоваў з нагоды вызвалення палітвязняў можна было б падымаць. Хоць і папярэджвае: калі б гэта публічна пачалі рабіць дэмсілы, то апынуліся б пад шквалам крытыкі.

«Але мне здаецца, што ім варта было б абмяркоўваць такога роду рашэнні, не абмяжоўваючыся пазіцыяй “мы настойваем на строгім санкцыйным рэжыме”. Гэта толькі адна опцыя палітычных паводзінаў, і яна дэманструе, што мы цягам двух гадоў не можам дамагчыся значных саступак з боку рэжыму. Таму павінны разглядаць і другія, і трэція опцыі, якія могуць быць больш эфектыўнымі для развязання задачы вызвалення палітвязняў», — тлумачыць Ягораў.

Ён лічыць, што калі палітычныя структуры, якія прадстаўляюць дэмакратычную Беларусь, нічога не будуць рабіць у дадзеным кантэксце, то знойдуцца тыя, хто будзе вырашаць гэтае пытанне без іх: «А значыць, у канчатковым рахунку, без нас (беларусаў. — Рэд.), без уліку нашых інтарэсаў».

DW адправіла запыт у беларускае прадстаўніцтва ААН, каб высветліць, ці прысутнічае тэма вызвалення палітвязняў на парадку дня арганізацыі і ці гатовая яна стаць пасярэднікам у дадзеным выпадку. У атрыманым адказе гаворыцца, што офіс пастаяннага каардынатара ААН неаднаразова ўздымаў тэмы, звязаныя з затрыманнямі і турэмнымі зняволеннямі, «звяртаючыся да прадстаўнікоў урада праз устаноўленыя каналы сувязі». І хоць прадстаўніцтва ў Мінску не мае паўнамоцтваў афіцыйнага пасярэдніка ў гэтым пытанні, «ААН у Беларусі па-ранейшаму гатовая аказваць падтрымку і заахвочвае дыялог паміж усімі зацікаўленымі бакамі ў краіне».


Якая пазыцыя дэмсілаў?

Рэжым свядома абраў эскалацыю, не збіраецца гандлявацца і абменьваць вызваленне палітвязняў на скасаванне заходніх санкцый, перакананы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Ён сцвярджае, што дэмсілы пастаянна вядуць перамовы па вызваленні палітвязняў: «Калі вы бачыце нейкія рэлізы пра тое, як сустракаюцца лукашэнкаўскія чыноўнікі з Генеральным сакратаром ААН або заходнімі палітыкамі, то, паверце, палітвязні — гэта першая тэма, пра якую яны кажуць, у тым ліку па нашай просьбе».

У першую чаргу, працягвае Вячорка, павінны быць вызваленыя ўсе, хто знаходзіцца ў цяжкім фізічным стане — у гэтым спісе больш за 25 чалавек: «І ААН, і асобныя дыпламаты, якія знаходзяцца ў Мінску, гэтыя пытанні ўздымалі. Другое патрабаванне — гэта вызваленне тых, хто прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітвязнямі. Вядома, мы дапускаем, што вызваленне можа быць партыямі, але мы лічым няправільным здымаць якія-небудзь санкцыі, пакуль не вызваленыя ўсе».

Андрэй Ягораў тым часам нагадвае, што «рацыянальнага гандлю» — напрыклад, у выглядзе дарожнай карты — з беларускімі ўладамі з нагоды палітычных зняволеных не было ніколі. Хоць, згаджаецца палітолаг, сітуацыя сёння такая, што беларусы «скінуліся б самі, калі б можна было выкупіць усіх, нават разумеючы, што могуць пасадзіць наступных». «Іншая справа, што ўладаў гэтая схема таксама не задавальняе, яны не ўпэўненыя ва ўласным кантролі над краінай», — зазначыў палітолаг.

Пераклад НЧ