«У нас няма рычагоў, каб адкрыць турмы»: Ціханоўская — пра дзейнасць АПК
Чаго ўдалося дабіцца Аб'яднанаму пераходнаму кабінету дэмакратычных сіл Беларусі за 4 месяцы сваёй дзейнасці і што зрабіць не атрымалася — пра гэта на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Варшаве 2 снежня, расказалі чальцы АПК.
Распрацавана сістэма дапамогі беларусам-удзельнікам вайны ва Украіне, створаны інструменты для «дэакупацыі» Беларусі ад войскаў РФ — прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета, створанага лідаркай дэмсіл Святланай Ціханоўскай, расказалі пра тое, што зроблена за чатыры месяцы яго існавання, піша «DW». Прэс-канферэнцыя з іх удзелам прайшла ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве ў пятніцу, 2 снежня.
Кабінет створаны Святланай Ціханоўскай па выніках канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла 8-9 жніўня 2022 года. Тады было заяўлена, што гэта «калектыўны выканаўчы орган» дэмакратычных сіл, які павінен «абараняць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі і забяспечыць транзіт ад дыктатуры да дэмакратыі».
Механізмаў для вызвалення палітвязняў няма
Прадстаўнікі Аб'яднанага кабінета выйшлі да журналістаў пасля закрытай сустрэчы, якая доўжылася некалькі гадзін, і дзе, паводле слоў Святланы Ціханоўскай, разглядалася стратэгія для Беларусі, якую апазіцыя мае намер у будучыні прадставіць самім беларусам.
У сваю чаргу намеснік Ціханоўскай у кабінеце Павел Латушка адзначыў, што галоўная мэта гэтай структуры — «дэакупацыя» Беларусі ад расійскіх узброеных сіл. Для гэтага прадстаўнікі кабінета маюць намер працягваць, у тым ліку праз эканамічныя і персанальныя санкцыі, ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
У той жа час яны прызнаюць, што, нягледзячы на ціск, не бачаць міжнародных механізмаў, якія дапамаглі б вызваліць беларускіх палітвязняў. «У нас няма рычагоў, каб адкрыць турмы», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Таксама, паводле яе слоў, праз вайну ва Украіне вельмі складана вярнуць увагу міжнароднай грамадскасці да гэтай тэмы. «Кожны раз даводзіцца тлумачыць: гэта наш боль, вы не можаце не прыцягваць увагу да Беларусі, да становішча нашых людзей», — прызналася Ціханоўская.
Вайсковая частка для беларускіх добраахвотнікаў з'явіцца ва Украіне
Шэраг пытанняў, якімі займаўся на працягу чатырох месяцаў Аб'яднаны пераходны кабінет, тычыўся вайны ва Украіне і ўдзелу ў ёй беларускіх добраахвотнікаў. Як расказаў прадстаўнік па пытаннях абароны і нацбяспекі Валерый Сахашчык, практычна ўдалося рэалізаваць сістэму дапамогі беларусам-удзельнікам вайны ва Украіне, у прыватнасці, ёсць дамоўленасці са шпіталем у Варшаве, які будзе аказваць ім дапамогу на сістэмнай аснове.
Таксама Сахашчык заявіў пра стварэнне ва Украіне новай вайсковай часткі: «Мы дамовіліся з украінскімі ўладамі, і ўжо створаная асобная вайсковая частка, агульная для ўсіх беларусаў, якія ваююць за Украіну». Падчас прэс-канферэнцыі ён звярнуўся да дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча і іншых беларускіх вайскоўцаў і запрасіў іх да перамоў.
«Хачу нагадаць, што ад вашых дзеянняў залежаць жыцці вялікай колькасці людзей. Усе войны заканчваюцца перамовамі. Я запрашаю вас пачаць гэтыя перамовы. Змены абавязкова адбудуцца, але яны будуць альбо складанымі і крывавымі, альбо цывілізаванымі», — заявіў Валерый Сахашчык.
Ці будуць у беларусаў зялёныя калідоры ў выпадку абвяшчэння мабілізацыі?
Між тым для сілавога сцэнару рыхтуюцца ўдзельнікі мабілізацыйнага плана апазіцыі «Перамога» і групы беларусаў за мяжой, паведаміў прадстаўнік сілавога блока Аляксандр Азараў. У выпадку ж абвяшчэння ў Беларусі мабілізацыі кабінет як адзін са сцэнарыяў разглядае магчымасць стварэння зялёных калідораў для беларусаў, праз якія яны маглі б пакінуць краіну, але для гэтага патрэбная згода еўрапейскіх партнёраў.
Паводле слоў прадстаўніка па замежных справах Валерыя Кавалеўскага, кантакты з еўрапейскімі партнёрамі пашыраюцца, у бліжэйшы час будзе адкрыта дыпламатычнае прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі, акрамя таго, прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай і кабінета ёсць у Празе, Таліне і Кіеве.
Што тычыцца далейшага існавання самога Аб'яднанага пераходнага кабінета, то ў якім выглядзе яно працягнецца, стане вядома праз два месяцы — тады структура прадставіць вынікі сваёй дзейнасці рэфармаванай Каардынацыйнай Радзе беларускай апазіцыі, якая павінна альбо зацвердзіць прадстаўнікоў Кабінета, альбо выказаць сваю незадаволенасць.