Пратэсты даюць плён. У Іране лібералізуюць закон аб нашэнні хіджаба і скасавалі паліцыю нораваў

Улады Ірана пераглядаюць закон аб абавязковым нашэнні хіджаба для жанчын. Пра гэта заявіў генеральны пракурор краіны Махамад Джафар Мантазэры, піша The Guardian.

5104.webp

Апроч гэтага, паведамляецца пра скасаванне ў краіне паліцыі нораваў — спецыяльнай структуры, якая сачыла за выкананнем іранцамі «рэлігійных нормаў і грамадскай маралі» ў адпаведнасці з нормамі шарыяту.

Такія рашэнні — вынік пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне ўжо цягам двух месяцаў і звязаныя з жаночым дрэс-кодам. Па словах Мантазэры, парламент і судовыя органы Ірана ўжо працуюць над гэтым пытаннем. Характэрна, што яны знаходзяцца пад амаль поўным кантролем кансерватараў. Прэзідэнт Ірана Ібрахім Раісі раней заяўляў, што рэспубліканскія і ісламскія асновы краіны замацаваныя ў Канстытуцыі, аднак ёсць «гнуткія» спосабы іх рэалізацыі.

Хіджаб стаў абавязковым элементам дрэс-кода для жанчын Ірана ў красавіку 1983 года, праз чатыры гады пасля Ісламскай рэвалюцыі. 16 верасня 2022 года ў краіне пачаліся пратэсты, звязаныя з забойствам паліцыяй нораваў 22-гадовай актывісткі Махсы Аміні, арыштаванай нібыта за парушэнне закона аб нашэнні Хіджаба. У выніку іх многія іранкі таксама перасталі насіць яго. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў, што падчас пратэстаў былі арыштаваныя 14 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей.

Іран прызнаў, што падчас пратэстаў загінулі каля 200 чалавек, і звярнуўся да Расіі па дапамогу ў падаўленні народнага паўстання. Ён папрасіў даць тэхніку для барацьбы з пратэстамі, а таксама накіраваць дарадцаў для навучання. Даныя ўладаў Ірана адрозніваюцца ад інфармацыі праваабаронцаў: па словах апошніх, падчас пратэстаў загінулі каля 460 чалавек.