284-ты дзень вайны ва Украіне. У ISW распавялі, навошта ў Мінск прылятаў Шайгу

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) заявілі, што кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу прыязджаў у Мінск, верагодна, для таго, каб аказаць ціск на Рэспубліку Беларусь у сітуацыі з падтрымкай РБ вайны Расеі супраць Украіны. Масква зацікаўлена ў «больш канструктыўным супрацоўніцтве» з беларускай дзяржавай. 

filestoragetemp_131.jpg



Украінскія сілы выйшлі на ўсходні (левы) бераг ракі Днепр насупраць горада Херсон. Украінскае добраахвотніцкае падраздзяленне спецыяльнай паветранай выведкі «Карлсан» 3 снежня размясціла кадры, на якіх украінскія вайскоўцы перасякаюць раку Днепр на лодках і падымаюць украінскі сцяг на вежы ля берага.

*****
Тэмпы вядзення баявых дзеянняў ва Украіне будуць зніжаны ў бліжэйшыя месяцы. Пра гэта заявіла дырэктарка Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Хэйнс. У гэты перыяд украінскія і расейскія вайскоўцы паспрабуюць перааснасціць і папоўніць запасы для падрыхтоўкі да контрнаступу вясной.
«У нас ёсць дастатковы скептыцызм адносна таго, ці будуць расейцы насамрэч гатовыя гэта зрабіць. Я думаю, што ўкраінцы ў гэты перыяд часу больш аптымістычныя», — заявіла Хэйнс.
Таксама Хэйнс заявіла ў інтэрв'ю NBC News, што расейскія войскі ва Украіне марнуюць боепрыпасы хутчэй, чым абаронная прамысловасць краіны здольная іх вырабляць.
*****Але ISW мяркуе, што наадварот з надыходам халадоў умовы на Данбасе становяцца больш спрыяльнымі для павелічэння тэмпаў ваенных аперацый.
Паводле ацэнак ISW, агульны тэмп аперацый, верагодна, паскорыцца ў бліжэйшыя тыдні, паколькі пастаянныя халады дазваляюць зямлі прамярзаць па ўсім перыметры ваенных дзеянняў, асабліва на ўсходзе Украіны.
Эксперты інстытута лічаць, што ні расійскія, ні ўкраінскія вайскоўцы не прыпыняць наступальныя аперацыі зімой — аптымальны час для вайны з удзелам механізаваных падраздзяленняў.
****ЗША хочуць перашкодзіць пастаўкам зброі з Ірана ў Расію, паведамляе Bloomberg.
Іран ужо, па сутнасці, стаў саўдзельнікам вайны Расіі супраць Украіны, перадаўшы РФ свае дроны-камікадзэ. Расея хоча таксама купіць у Ірана балістычныя ракеты. Таму ЗША цяпер шукаюць разнастайныя спосабы перашкодзіць гэтаму, паведамляе выданне са спасылкай на Спецыяльнага амбасадара ЗША па Іране Роберта Малі.
Галоўнай мэтай Вашынгтона з'яўляецца «зрыў, тармажэнне і санкцыйны ціск» датычна ўсіх пагадненняў Ірана і РФ па пастаўках зброі. Калі ж Тэгеран перадасць Расіі ракеты ці дапаможа будаваць ваенныя вытворчыя магутнасці, то ён «парушыць новую мяжу».
****
Кампанія Siemens прапануе размясціць у Украіне тры плывучыя электрастанцыі. Нямецкая кампанія звярнулася да ўрада Украіны з прапановай аб размяшчэнні сваіх плывучых электрастанцый у акваторыі Адэсы, Мікалаева і Ізмаіла.
Прапануецца размясціць станцыі магутнасцю 150-300 МВт. Для вытворчасці электраэнергіі на такіх судах спальваюць звадкаваны прыродны газ, мазут або біядызель.
*****
Працягваецца абстрэл украінскіх тэрыторый. Ноччу былі чутныя выбухі ў Запарожжы, у Запарожскай вобласці, Глухаве Сумскай вобласці, Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці.
Інфармацыю аб выбухах пацвердзілі кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Рэзнічэнка, кіраўнік Запарожскай вобласці Аляксандр Старух.
******
Генштаб УСУ паведамляе, што расійскія акупанты працягваюць рабаваць мясцовае насельніцтва.
Так, з крамаў у Новай Кахоўцы яны вывозяць увесь тавар і абсталяванне, уключаючы маразільныя камеры і касавыя апараты. У Нованікалаеўцы Запарожскай вобласці 2 снежня каля сотні акупантаў пачалі правяраць у мясцовых жыхароў дакументы, а таксама адбіраць асабістыя каштоўныя рэчы і бытавую тэхніку.
У Генштабе дадалі, што ў іншых акупаваных населеных пунктах Херсонскай вобласці акупанты прымушаюць людзей аддаваць дзяцей у школы з расейскай вучэбнай праграмай. У выпадку адмовы пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.