Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 19 снежня

Галоўныя навіны краіны за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Праз больш чым сто дзён за кратамі выйшаў на волю святар Уладзімір Багамольнікаў. Яго перавялі пад хатні арышт і ўзялі падпіску аб нявыездзе. Багамольнікаў правёў на Акрэсціна сем адміністрацыйных арыштаў запар. Вядома, што за кратамі святар трымаў галадоўку і перахварэў на кавід.

У Мінску пачаўся яшчэ адзін завочны суд — гэтым разам на лаве падсудных адсутнічаюць Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін. Ім інкрымінаваны заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) супраць Рэспублікі Беларусь. Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя ў жніўні 2020 года стварылі не зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб'яднанне «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці». Праз яго і праз СМІ «распаўсюджваліся загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія мелі месца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад і пасля выбараў прэзідэнта».

У Слоніме сілавікі затрымалі вядомага журналіста, краязнаўца і пісьменніка Сяргея Чыгрына. Яго абвінавацілі ў рэпосце «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прысудзілі 7 сутак арышту. Калегі звязваюць затрыманне Чыгрына з яго ранейшай працай у недзяржаўных медыя.

28 снежня ў Гомелі пачнецца працэс супраць былой адміністратаркі пратэсных чатаў Таццяны Курылінай, якую абвінавачваюць па некалькіх крымінальных артыкулах. У пачатку года яна выступіла на дзяржаўным тэлебачанні нібыта пасля добраахвотнага вяртання ў Беларусь у спадзеве «загладзіць сваю віну». Цяпер 49-гадовую Курыліну абвінавачваюць па 12 крымінальных «пратэсных» артыкулах, сярод якіх — абвінавачанні ў «закліках да санкцый» (арт. 361), «распальванні варожасці» (арт. 130) і «паклёпе на Лукашэнку» (арт. 367).

Следчы камітэт Беларусі распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Валерыя Цапкалы. Яго абвінавацілі па 12 крымінальных артыкулах, у тым ліку за «атрыманне хабару», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», «заклікі да тэрарызму». Максімальная санкцыя сярод гэтых артыкулаў — 15 гадоў пазбаўлення волі.

ГУБАЗіК затрымаў сям'ю фатографаў Паўла і Варвару Мядзведзевых, якія вярнуліся ў Беларусь на лячэнне. З імі знялі «пакаяльнае відэа», у якім сказана, што маладыя людзі затрыманы за «ўдзел у пратэстах 2020 года», «дзейнасць у складзе дыяспар» і «негатыўныя каментары ў Інтэрнэце».

Паводле даных праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1436 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1717 чалавек. З іх 205 жанчын і 6 непаўнагадовых, 14 чалавек былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.