«Статкевіч для мяне — глыба, а ня коцік». У Варшаве адкрылася выстава Вольгі Якубоўскай

16 сьнежня ў Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай. Вольга расказала «Сваб*дзе», ці цяжка займацца творчасьцю падчас вайны і рэпрэсіяў, пра кантакты з палітвязьнямі, а таксама далейшыя пляны.

02490000_0aff_0242_9b1d_08dae1b73deb_w1023_r1_s.webp


«Бывае, у інтэрнэце чытаеш і разумееш, што ты павінен гэта намаляваць»

Выстава Якубоўскай у Музэі вольнай Беларусі складаецца з рэпрадукцыяў і арыгіналаў.

«Выставу рэпрадукцыяў зрабілі мае сябры з Познані, гэта іхная заслуга. Тады людзі ўбачылі карціны і захацелі, каб выстава адбылася ў Варшаве. Увогуле ўпершыню я выстаўлялася ў Рызе, расказвала латышам пра тое, што ў нас адбываецца ў Беларусі. Былі спрэчкі, дыскусіі, але было цікава», — дзеліцца мастачка.

Адна з сэрый карцін Вольгі прысьвечаная беларускім палітвязьням. Са многімі зь іх яна і цяпер падтрымлівае сувязь.

«Гэта працягваецца больш за два гады. Я малюю нашых герояў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Або тых, каго выпускаюць і забіраюць зноў. Напрыклад, мая праца «Пішыце лісты палітвязьням». Ільлю Міронава першы раз пасадзілі, калі ён быў у майцы з прынтом гэтай маёй працы. Ільлю то выпускаюць, то ён зноў вяртаецца за краты, — апавядае мастачка. — Шмат тут хлопцаў і дзяўчат, пачынаючы ад Максіма Знака, Натальлі Дулінай, якіх я малявала».

Сюжэты карцін зьяўляюцца па-рознаму, расказвае Вольга. Мастачка гаворыць, што фізычна ня можа намаляваць усіх, хто цяпер сядзіць.

«Не магу сказаць, што я кагосьці канкрэтнага выбіраю і малюю. Бывае, у інтэрнэце адкрываеш старонку, чытаеш і разумееш, што ты павінен гэта намаляваць. Часам, наадварот, я вельмі доўга шукаю сюжэт, — прызнаецца Вольга. — Напрыклад, Мікалая Статкевіча я вельмі доўга не магла намаляваць, бо ён для мяне глыба, а ня коцік. Было складана, але мне вельмі хацелася ўключыць яго ў сэрыю. І я ня ведала, як мне гэта зрабіць. І я ўбачыла цытату дзяўчынкі, якая пісала яму ліст: „Вось вы ў нас такі мужны, сапраўдны леў“. І я такая: „Ну вось жа! Леў!“»

fb258123.png


«Трэба нейкім чынам гэты жах перапрацаваць у тое, што дапаможа людзям»

Маляваць нешта сьветлае падчас вайны і рэпрэсіяў вельмі цяжка, кажа мастачка.

«Калі я чытаю навіны, я магу проста галасіць. Вось проста цяпер я адчуваю, што ня ведаю, што мне зрабіць, проста разрыў. Але потым я сяджу і разумею: „Ну добра, я вось цяпер уся такая расплакалася. І каму ад гэтага добра? Нікому“. Бо дапамагчы камусьці з гэтым нэгатывам не атрымаецца, будзе толькі горш. Адпаведна, табе трэба нейкім чынам гэты жах перапрацаваць у тое, што дапаможа людзям. Калі паглядзець на гісторыю, то ты разумееш, што няма ніводнай дыктатуры, якая б жыла вечна, тым больш у цэнтры Эўропы».

Цяпер ідзе барацьба дабра і зла, лічыць Вольга.

«Яна пачалася ў нас у Беларусі, калі ўсё зразумела было тым, хто выходзіў на вуліцы, калі ты проста павінен прыняць рашэньне, на чыім ты баку. І рашэньне прыходзіла вельмі лёгка, бо ты ўсё жыцьцё жыў паводле нармальных чалавечых прынцыпаў. Але ўсе з 10 запаведзяў былі патаптаныя. Той, хто выбраў сьветлае, пацярпеў. Складана цяпер застацца чалавекам у тых умовах, у якіх людзі жывуць у Беларусі, бо там усё перакулена з ног на галаву, чорнае называецца белым, а белае — чорным. Я мару, што ў гэтых умовах людзі змогуць захаваць чалавечую годнасьць, жыцьцёвыя агульначалавечыя прынцыпы», — кажа мастачка.

0000_1_2.jpg


«Акрамя анёлаў у мяне нічога не малявалася»

Адна з сэрый карцін Вольгі Якубоўскай прысьвечаная Ўкраіне. Яна расказвае, што пасьля 24 лютага адчувала ў асноўным боль і страх, было шмат сьлёз.

«Я зноў апынулася ў жніўні 2020-га, калі адчуваеш бездапаможнасьць, не разумееш, як гэта наагул магчыма. Людзі, якія непасрэдна не сутыкнуліся з гэтым жахам, фізычна адмаўляюцца верыць таму, што адбываецца. Апускаюцца рукі, і ты не разумееш, што табе рабіць, — кажа Вольга. — У такія моманты нічога, акрамя анёлаў, у мяне не малявалася, таму я малявала, як яны абараняюць украінскую зямлю. Вельмі хачу, каб ва Ўкраіне скончылася вайна, каб яна была свабоднай, шчасьлівай і квітнеючай дзяржавай».

На выставу варта ісьці па эмоцыі, каб успомніць падзеі, якія адбываліся ў 2020-м, кажа Вольга.

«Чалавек, які выходзіў тады на пратэсты і падыхаў паветрам свабоды, больш ня можа па-іншаму сябе паводзіць, па-іншаму жыць. Тыя, хто хочуць атрымаць станоўчыя эмоцыі, прыходзьце! Будзе добра і радасна».