Святара Уладзіслава Багамольнікава не вызвалілі пасля 100 сутак арышту. Супраць яго распачалі крымінальную справу

Супраць Уладзіслава Багамольнікава распачата крымінальная справа — за нібыта «ўдзел у масавых беспарадках». Ён быў прызнаны палітвязнем.

915b358c_6a4f_4db7_9a1d_220367e9c41c_1.jpg

Справа супраць святара была распачата паводле «народнага» 342 артыкула Крымінальнага кодэкса РБ  — за нібыта ўдзел у масавых беспарадках, ён затрыманы ў якасці падазраванага, паведамляе «Хрысціянская візія».

Святар так і не выйшаў на свабоду пасля адбыцця сёмага арышту, тэрмін якога заканчваўся сёння. Усяго з 31 жніўня ён правёў на Акрэсціна 100 сутак.

Умовы ўтрымання за кратамі можна разглядаць як катаванні: у перапоўненай камеры, без доступу да медыцынскай дапамогі, без перадач і карэспандэнцыі.

У айца Уладзіслава моцны кашаль, які не праходзіць яшчэ з яго першага арышту, калі ён хварэў на кавід.

Літаратуразнаўца Сяргей Гаранін, які правёў 10 сутак на Акрэсціна ў адной камеры з айцом Уладзіславам, распавядаў, што святара там папросту забіваюць:  

«Акрэсціна — гэта не турма, а ЦВП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за ўсе іншыя беларускія вязніцы і зоны. Гэта кшталту гаўптвахтаў былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх умоў фізічна не вытрымлiвае. Ён памрэ. Так, я ведаю пра «каруселі». І пра тое, што на Акрэсціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ... Да таго ж, стан здароўя айца Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць...

Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж, ён і галадоўку трымаў...

Уладзіслаў чалавек мужны, і трымаецца ён з годнасцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму ЯНЫ нічога не могуць. Таксама прад'явіць яму па факце нічога нельга. Ну, адслужыў ён ліцію па Рамане Бандарэнку — дык што? Гэта пастарскі абавязак... Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна… Праваслаўнага свяшчэнніка айца Уладзіслава Багамольнiкава забіваюць на Акрэсціна. I я гэтаму сведка! Чуеце? — Сведка!»

Група «Хрысціянская візія» прыняла 1 снежня заяву з нагоды катаванняў, якія ўжываюцца супраць святара ў ЦІП на Акрэсціна.  

«Мы настойваем на неадкладным вызваленні святара Уладзіслава Багамольнікава, яго вяртанні да сям'і і спыненні любых рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да яго самога і яго блізкіх, — гаворыцца ў заяве. — Мы патрабуем незалежнага расследавання, устанаўлення і пакарання асоб, якія прымалі рашэнне аб прымяненні катаванняў у дачыненні да святара Уладзіслава Багамольнікава, а таксама тых, хто такія катаванні ўжываў сваім дзеяннем або бяздзейнасцю».



Уладзіслаў Багамольнікаў — праваслаўны святар і выкладчык філасофіі ў Мінскай духоўнай акадэміі, быў арыштаваны 31 жніўня. З таго часу яго асудзілі да сутак 7 разоў — і не волю не выпусцілі. Агулам ён правёў на Акрэсціна больш за 100 дзён. Але нават за кратамі святар імкнуўся падтрымліваць іншых зняволеных — чытаў лекцыі для сваіх сукамернікаў, духоўна падтрымліваў іншых зняволеных.