Эксперт: Дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным многім не спадабаюцца

У Беларусі з’явіліся самалёты, здольныя несці ядзерную зброю. Беларусь патрэбная ў якасці плацдарма для Расіі. Лукашэнка і Пуцін 19 снежня ў Мінску абмяркоўвалі яўна не ўдзел беларускага войска ў нападзе на Украіну.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Пра што тады ішла гаворка і якія дамоўленасці дасягнутыя? Пагавары з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным.

— Гаворка не ішла пра ўдзел беларускага войска разам з расійскімі войскамі ў нападзе на Украіну. Беларусь мае толькі 11 тысячаў сухапутных сіл, з іх наўрад ці ўдасца выдзеліць на ўкраінскі напрамак больш за 6 тысяч чалавек, таму без мабілізацыі беларускае войска нічога зрабіць не зможа.

Расійскія войскі налічваюць 500 тысяч чалавек, Украіна — 700 тысяч чалавек, а Беларусь — толькі 11 тысяч вайскоўцаў. Гаворка ішла яўна не пра ўдзел беларускіх Узброеных сіл у вайне ва Украіне.

— Тады пра што гаварылі?

— Расія апынулася ў поўнай залежнасці ад Беларусі, і Пуцін фактычна тое прызнаў. Калі ўвялі антырасійскія санкцыі і з Расіі масава сышлі замежныя вытворцы, аказалася, што ў Расіі вельмі многія вытворчасці не працуюць, нават падшыпнікі не могуць рабіць самастойна. У Савецкім Саюзе было больш за дзясятак падшыпнікавых заводаў, у Беларусі быў адзінаццаты, Дзяржаўны падшыпнікавы завод. А падшыпнікі патрэбны паўсюль, у любой тэхніцы, дзе нешта круціцца. Усё прададзена, таму Расіі трэба наноў будаваць свае падшыпнікавыя заводы, а часу няма, бо Расія рыхтуецца да новага наступу.

Той жа “Інтэграл” робіць электронныя схемы, чыпы, неабходныя ў вытворчасці высокадакладнай зброі. Ці спадарожнікавае абсталяванне для аптычнага разведвання зямлі, якое з вышыні ў 500 кіламетраў можа разглядаць аб’екты да 30 сантыметраў. У Расіі бяда з разведвальнымі спадарожнікамі, амерыканцы даўно пераплюнулі расіян.

Мінскі завод калёсных цягачоў выпускае шасі, на якіх размешчаны і “Іскандэры”, і ракетныя комплексы “Ярс”.

Той жа самы электрамеханічны завод, на якім я колісь працаваў, выпускае сістэмы трансфарматары, у тым ліку для шахт, з якіх выпускаюцца ядзерныя ракеты. А гэта толькі адзін невялікі заводзік, а такіх заводзікаў — маса.

Расія плаціць Лукашэнку грошы, каб ён нарасціў вытворчасць тэхнікі, тавараў двайнога прызначэння — усяго таго, што так неабходна для саюзніка. Пуцін практычна прызнаў залежнасць ад Лукашэнкі і пайшоў на вельмі многія саступкі: думаю, будзе і танны газ, будзе і танная нафта, і крэдыты. Галоўнае для Расіі — выйграць час, каб Лукашэнка забяспечыў узбраеннямі і баявой тэхнікай. Па прынцыпу: усё што хочаце, толькі дайце. Беларусь цяпер — палачка-выручалачка для Расіі.

— То бок, ад схемы “нафта у абмен на пацалункі” саюзнікі перайшлі да схемы “усё што заўгодна за прадукцыю для расійскага ВПК”?

— Так, не толькі грошы. Але ёсць рэчы, якія многім не спадабаюцца. Напрыклад, Расія пагадзілася трэніраваць беларускіх лётчыкаў нанясенню ядзерных удараў. Відаць, гаворка ідзе пра самалёты Су24М, якія стаялі ў Глыбокім з 2012 года. Савецкі бамбардзіроўшчык ад пачатку быў ядзерным, але Беларусь спачатку вывела ядзерную зброю з тэрыторыі краіны, а затым вывела і самалёты з баявога прымянення.

Лукашэнка папрасіў Расію мадэрнізаваць гэтыя магутныя самалёты, а беларускіх лётчыкаў навучыць наносіць ядзерныя ўдары. Пастаўленыя на баявое дзяжурства ЗРК С-400 і “Іскандэры” — таксама патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі.

Лукашэнка хоча мець грозны выгляд, каб суседзі і не думалі пасягнуць на ягоную ўладу. Думаю, гэта частка заключанай угоды.

Для Лукашэнкі наступіў зорны час, ён у поўным шакаладзе — навошта яму яшчэ ваяваць? Беларусь патрэбная ў ролі пастаўшчыка прадукцыі ваенна-прамысловага комплексу і ў якасці плацдарма, такога балкона, што навісае і над краінамі Балтыі, і над Польшчай. Можа так здарыцца, што праз паўгода Расія ізноў захоча ўдарыць па заходніх абласцях Украіны — гэта можна зрабіць з тэрыторыі Беларусі. Праўда, без беларускага войска — 6 тысячаў вайскоўцаў нічога не врыашаюць.