Беларускія сацсеткі выбралі слова года — гэта «вайна»

Беларускі праект «Толькі пра мову» назваў галоўнае слова 2022 года для нашай краіны — гэта «вайна». Такі выбар зрабілі карыстальнікі сацсетак разам з камісіяй моваведаў.

20220226181707_1517.jpeg


На наступных радках шорт-ліста — «акупацыя» і «Украіна», там ёсць таксама «добраахвотнік» і «вясна». «Радыё Св*бода», па чыёй ініцыятыве беларускае слова года выбіраюць ужо дзявяты раз, распавяло пра ўвесь спіс.

Галоўнае слова года беларусы выбіраюць з 2014 года. У галасаванні ўдзельнічаюць журналісты, моваведы, а з нядаўняга часу — яшчэ і карыстальнікі сацсетак. На гэты раз каля 4000 чалавек склалі шорт-ліст з 10 галоўных слоў адыходзячага года і выбралі пераможцу.

На першым месцы для беларусаў апынулася слова «вайна»: на думку аўтараў апытання, у 2022-м яго адчуванне і значэнне для беларусаў змяніліся.

Раней выраз «да вайны» азначаў «да 1939 года» (або да 1941-га — у тых, хто мысліў савецкімі катэгорыямі). Цяпер трэба ўдакладняць, каторая вайна маецца на ўвазе, — гаворыцца ў тлумачэнні.

На другім месцы — слова «акупацыя» (разам з «акупант»), якое многія носьбіты беларускай мовы таксама пераасэнсавалі.

На трэцім радку — «Украіна».

На чацвёртай пазіцыі (а карыстальнікі Instagram аддалі яму першае месца) апынулася слова «мова», якое ўпершыню трапіла ў шорт-ліст.

Так вяртаецца да нацыянальна-моўнай ідэнтычнасці пакаленне, «абуджанае» ў 2020-м, — лічаць аўтары.

Па іх словах, часты каментар пад галасаваннем у сацсетках гучыць так: «Вайна»… А хацелася б — «мова».

У дзясятку намінаваных слоў года ўвайшлі таксама «добраахвотнік», «партызан», «змаганне» і «вясна», а яшчэ «суагрэсар» і «Гаюн» — міфалагічны персанаж, які стаў сімвалам маніторынгавай групы, якая адсочвае перамяшчэнне ваеннай тэхнікі РФ.

Сканчаецца шорт-ліст словам «набеліст» — праўда, яно мацней за ўсё прагучала ўжо напрыканцы 2022-га, калі беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобелеўскую прэмію.

А вось якія галоўныя беларускія словы выбіралі ў папярэднія гады:

  • 2014 — вышымайка
  • 2015 — набелістка
  • 2016 — беларусафоб
  • 2017 — дармаед
  • 2018 — БНР
  • 2019 — Каліноўскі
  • 2020 — Жыве!
  • 2021 — чабор

Нагадаем, свае словы года выбіраюць і ў іншых краінах свету. Па версіі анлайн-слоўніка Dictionary.com, гэта woman — «жанчына». Оксфардскі слоўнік англійскай мовы назваў словам 2022 года слэнгавы выраз goblin mode («рэжым гобліна»), тлумачальны слоўнік англійскай мовы «Collins English» — «пермакрызіс», а амерыканскі слоўнік «Merriam-Webster» — «газлайтынг».

Паводле «Л*стэрка»