«Хочаш пабачыць родных — ідзі ваяваць за Расію». Як украінскіх ваеннапалонных вярбуюць у войска Расіі

Праваабаронца Вольга Раманава распавяла, што ўкраінскім ваеннапалонным і зняволеным прапануюць ваяваць за Расію ў абмен на спатканні з роднымі і памілаванне. Расійскім уладам глыбока напляваць на Жэнеўскія канвенцыі. Зрэшты, жах сітуацыі яшчэ і ў тым, што ўсіх умоў здзелкі з расіянамі зняволеныя не ведаюць.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Украінскіх ваеннапалонных, якіх трымаюць у калоніі ў акупаванай Горлаўцы Данецкай вобласці, адпраўляюць на фронт у складзе расійскіх падраздзяленняў. Ці згаджаюцца расійскія зняволеныя ваяваць ва Украіне і які лёс украінскіх ваеннапалонных і грамадзянскіх, якіх на захопленых тэрыторыях такімі лічаць? Пра гэта распавяла «Настоящему времени» дырэктар праваабарончага фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава. Яна сцвярджае, што ваеннапалонным і тым, каго ў Расіі такімі лічаць, прапануюць падпісаць адмову ад абмену — дзеля спаткання з роднымі і памілавання. І калі чалавек падпісвае такую адмову, спатканне сапраўды дазваляюць. Але адразу пасля гэтага яму выдаюць пашпарт грамадзяніна Расіі і тут жа ўручаюць павестку на мабілізацыю.

Ваеннапалонным нават даюць выбар, куды ўступаць: або ў ПВК «Вагнер», або ў ваенізаваныя фарміраванні так званых «ЛНР/ДНР». Па словах Раманавай, за спатканне з блізкімі ваяваць на баку Расіі прапануюць і асуджаным украінскім судом зняволеным з калоній на захопленых тэрыторыях Украіны. Гаворка можа ісці пра некалькі тысяч чалавек.

Аналагічны выбар прапануюць і ўкраінскім грамадзянам, якіх расійскія вайскоўцы фактычна ўзялі ў палон. Гаворка ідзе не толькі пра ваеннапалонных, але і пра захопленых мірных жыхароў. Такіх, па падліках Вольгі Раманавай, некалькі сотняў чалавек. Гэта ўкраінцы, якія не прайшлі так званую фільтрацыю.

Пра тое, што на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласцей працягваецца мабілізацыя, кажа і ўкраінскі Генштаб. У Горлаўцы, паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, павесткі ўручаюць работнікам камунальных прадпрыемстваў, а таксама тым, каму раней давалі адтэрміноўку.

— Раскажыце, як вы даведаліся пра гэтую схему ў калоніі ў Горлаўцы, па якой украінскіх ваеннапалонных адпраўляюць на фронт?

— У нас, натуральна, ёсць інфармацыя з розных зон, у тым ліку з Горлаўкі. Мы, вядома, беражом інфарматара. Нам паведамляюць, што ваеннапалонным і тым, хто да іх па сутнасці прыраўноўваецца (а гэта яшчэ і цывільныя асобы з эпізодамі службы ў АТА і ў ААС), прапануюць напісаць адмову ад абмену дзеля спаткання з роднымі.

Мы, напрыклад, ведаем, што да марпеха з 35-й брыгады, які жыве ў Марыупалі, прыязджалі на спатканне, і ён быў вымушаны падпісаць адмову ад украінскага грамадзянства і ўзяць расійскае. Пасля спаткання палоннаму выдаюць пашпарт Расіі, але працягваюць трымаць у калоніі. І потым яму ўжо ў калоніі ўручаюць мабілізацыйную расійскую павестку і прапануюць на выбар адзін з трох варыянтаў: быць наймітам у ПВК «Вагнер», ісці ў так званы батальён імя Багдана Хмяльніцкага альбо ў «партызанскі атрад Ковпака». Я так разумею, што гэта такія напалову бандыцкія ўтварэнні па прыкладзе сумна знакамітага батальёна «Самалі» пад камандаваннем Гіві. Пасля гэтага чалавека ў калонію ўжо не вяртаюць, а тым, хто застаўся ў калоніі, кажуць, што ён памілаваны і можа ісці на ўсе чатыры бакі. Але гэта не так.

Гэта тое, што адбываецца ў калоніі ў Горлаўцы, у якой утрымліваецца некалькі дзясяткаў зняволеных з месцаў пазбаўлення волі ў Херсонскай вобласці. Іх не ўсіх перавезлі ў Расію, хоць каля дзвюх з паловай тысяч чалавек з Херсонскай вобласці перавозілі. Плюс яшчэ мы ведаем, што з Мікалаеўскай вобласці перавезлі, калі была магчымасць у расійскіх вайскоўцаў вывезці адтуль зняволеных.

— Так, у Мікалаеўскай вобласці была захоплена Снігіроўка.

— У гэтыя тры атрады — ПВК «Вагнер», «дывізію Багдана Хмяльніцкага» і «партызанскі атрад Ковпака» — таксама вярбуюць цывільных, у тым ліку работнікаў камунальных службаў, — мы гэта пацвярджаем.

І адбываецца такая рэч яшчэ ўнутры Расіі. Мы ведаем каля 10 калоній, куды размеркавалі зняволеных з Херсонскай вобласці. Гэта ў асноўным поўдзень Расіі: Стаўрапольскі край, Краснадарскі край, Валгаградская вобласць, ёсць і ва Уладзімірскай вобласці. Там гэтым зняволеным таксама прапануюць узяць расійскае грамадзянства і вербавацца ў ПВК «Вагнер». І ёсць вялікая пагроза. Калі ты не пагаджаешся з такой схемай, то твой прысуд, вынесены на тэрыторыі Украіны ўкраінскімі судамі за злачынства, учыненае на тэрыторыі Украіны, будзе пераглядацца расійскім судом — далёка не ў бок паляпшэння умоў, скарачэння нейкіх тэрмінаў, не. Калі ты адмаўляешся, то ўтрымліваешся асобна, без зносін з расійскімі зняволенымі, так бы мовіць, з расійскімі калегамі. І такія ўмовы не самыя лепшыя.

— А вы разумееце, колькі цяпер людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні, асабліва ваеннапалонных, пагадзілася на гэтую схему? Ці меркаваць пра гэта мы пакуль не можам?

— Не, пакуль не можам. Мы ведаем пра па меншай меры адзінкавыя выпадкі. Гэта пакуль не масавая гісторыя. Я вельмі спадзяюся, што ўкраінцы не будуць ваяваць супраць украінцаў. І да ўсяго іншага я ўсё ж такі хачу заўважыць, што сярод гэтых людзей, перамешчаных гвалтоўна ў Расію, ёсць яшчэ каля 300–400 украінцаў, якія былі змешчаны ў СІЗА ў момант акупацыі. І гэта ў асноўным людзі, якія выступалі на праўкраінскай пазіцыі і змагаліся з акупантамі. І іх становішча, напэўна, самае сур'ёзнае: калі расійскія ўлады высвятляць, за што яны былі схоплены, відавочна, іх будуць судзіць за тэрарызм. Таму, вядома, добра было б, калі б яны пра гэта не даведаліся. Хай лепш людзі кажуць, што яны пераходзілі дарогу ў неналежным месцы, скралі кашалёк або курыцу. Прынамсі, тады будуць нейкія іншыя тэрміны і іншы падыход. А што рабіць?

Плюс да ўсяго мы гаворым яшчэ і пра ўкраінскіх грамадзян, якія не прайшлі фільтрацыю. Гэта таксама вельмі складаны выпадак, паколькі, згодна з Жэнеўскімі канвенцыямі, калі чалавек калісьці служыў шмат гадоў таму ў паліцыі або падпісваў кантракт з «Азовам», з УСУ і не быў вайскоўцам на перыяд пачатку вайны, ён не можа лічыцца ваеннапалонным. Але расійскія ўлады думаюць па-іншаму, ім глыбока напляваць на Жэнеўскія канвенцыі. І тады такія захопленыя грамадзянскія прыраўноўваюцца да ваеннапалонных.

— Калі гэтым ваеннапалонным або тым, хто быў узяты ў палон з цывільных асоб на акупаваных тэрыторыях, прапануюць здзелку «Вы адмаўляецеся ад абмену наўзамен на сустрэчу са сваякамі і памілаванне», умовы гэтай здзелкі агучваюцца адразу? Яны ведаюць, што іх потым адправяць на фронт? Ці пра гэта замоўчваецца — і толькі пасля таго, як адбылася сустрэча, людзі атрымліваюць гэтыя мабілізацыйныя позвы?

— Наогул гэта шантаж. Хочаш убачыць дачку, жонку, маці — ты павінен пагадзіцца на тое, што ты адмаўляешся ад украінскага грамадзянства.

— То-бок, згаджаючыся на гэтую здзелку, яны не ведаюць усіх яе умоў? Ці ведаюць?

— Яны не ведаюць усіх яе ўмоў. Яны не ведаюць, што пасля атрымання расійскага грамадзянства давядзецца ваяваць.

Пераклад «НЧ»