У Лукашэнкі няма адказу на пытанне «што рабіць?»

Раней пасланні кіраўніка краіны да народа і парламента гучалі ўвесну. І было зразумела, чаму яны прысвячаліся — аналізу актуальнай сітуацыі і планам на наступны год. Сёлета Лукашэнка адмовіўся ад такой традыцыі, хаця яго паслання ўвесну сапраўды чакалі — з надзеяй, што ўлада раскажа, як яна будзе змагацца з віруснай навалай і як яна будзе падтрымліваць эканоміку ў час гэтага незвычайнага крызісу.

Фота realt.by

Фота realt.by

Не дачакаліся. У канцы красавіка Лукашэнка патлумачыў: «Сітуацыя з каронапсіхозам, інфекцыямі, ну, а потым абвешчанай пандэміяй, пагадзіцеся, ашаламляльна змяніла сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Вось уявіце прэзідэнта на трыбуне сёння. І што ён можа сказаць?»

Ён бы мог сказаць пра тое, як і чаму насельніцтва аказалася з пандэміяй сам-насам. Ён бы мог абгрунтаваць неўвядзенне каранціну. Ён мог проста патлумачыць народу сітуацыю — бо пасланне ж ён робіць да народа, праўда? Нам не было цікава, як «касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету», мы хацелі даведацца, што ўлада ро­біць, каб захаваць нашы жыцці. Але — не даведаліся. Са словаў кіраўніка дзяржавы было зразумела — яму няма чаго сказаць.

Цяпер пасланне абвешчана на 3 жніўня. Гэтая дата — за шэсць дзён да асноўнага дня выбараў і за дзень да пачатку датэрміновага галасавання. Відавочна, што кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка А.Р. скарыстаецца службовым становішчам і паспрабуе хаця б крышачку ўзняць свой рэйтынг. Каб потым патлумачыць, адкуль у яго ўзнікла 70% ці больш галасоў ад ЦВК. Маўляў, гэта ўсё «чароўная моц паслання», у якое паверылі людзі.

Можна было б пафантазіраваць на тэму прамовы Лукашэнкі ў Авальнай зале. Маўляў, ён скажа: «Я стаміўся, я сыходжу!» — і прызначыць новыя выбары. Але для гэтага яму не трэба пасланне — дастаткова проста зняцца з прэзідэнцкай гонкі на карысць Ціханоўскай. Менш фантастычны з утапічных іншы сцэнар: што ён з высокай трыбуны абвесціць надзвычайнае становішча і перанясе выбары — з надзеяй на тое, што «апазіцыя» звыкла перасварыцца. Але гэта варта было зрабіць раней — асабліва, калі тая ж самая апазіцыя прапаноўвала перанесці выбары з-за COVID-19. Цяпер, перад пачаткам галасавання, будзе відавочна, што правадыр спрабуе захаваць уладу любым чынам — «чапляецца за трон ссінелымі пальцамі».

Таму нас, хутчэй за ўсё, чакае гэткая маштабная прэзентацыя перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А.Р. — той выступ, які павінен быў транслявацца па тэлебачанні ў адведзены кандыдатам час, а не ў парламенце. І думаецца, што мы не пачуем нічога, што мы не чулі раней.

Нам, безумоўна, скажуць, што беларускі народ у 1990-я хадзіў у лапцях і без парткоў. І нам прапануюць выбраць: «Адзін шлях наперад — да захавання стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэння. Іншы шлях назад — да смуты і хаосу “дзевяностых”, бандыцкага капіталізму і дзяльбы ўласнасці, да паслаблення дзяржавы і страты незалежнасці» (з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі 2015 года).

Не абыдзецца і без нараканняў на тых, хто «спрабуе разгайдаць сітуацыю і танчыць пад дудку замежных лялькаводаў». «Наша дзяржава вельмі маладая, і наша незалежнасць не ўсім па душы. Наша зямля і наш здабытак, створаны працай усяго народа, па-ранейшаму вабіць аматараў лёгкай нажывы. Таму перш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана» (з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі 2015 года).

Безумоўна, будзе канстатавана, што «нядобразычліўцы прадракалі нам абвал, крах і хаос. Але мы захавалі прадпрыемствы, калектывы, працоўныя месцы. Дзейнічаюць усе сацыяльныя праграмы» (з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі 2015 года).

Чарговым разам будзе заяўлена пра павышэнне ў наступнай пяцігодцы заробкаў дактарам і настаўнікам удвая (гэта ўжо абяцалася), і ўвогуле, «асноўная задача на бліжэйшыя пяць гадоў — давесці якасць жыцця нашых грамадзян да ўзроўню, параўнальнага з заходнееўрапейскім» (з перадвыбарчых праграм Лукашэнкі 2006 і 2010 гадоў).

І, канешне ж, «непрымірымая барацьба з карупцыяй» (з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі любога года).

Карацей, вазьміце любую перадвыбарчую праграму Лукашэнкі за любы год — і вы нават без паслання будзеце ве­даць, пра што ён скажа. Таму што гэтыя абяцанні не выконваюцца дзесяцігоддзямі, перадвыбарчыя праграмы падобныя адна на адну як блізняткі.

І сёлета наўрад ці будзе нешта новае, таму што ўсё новае патрабуе рэформаў. Прычым, чым больш мы знаходзімся «ў застоі», тым больш карэнныя рэформы патрэбныя: у эканоміцы, у кіраванні, у сацыяльнай сферы ў судовай сістэме. Гэта нечым нагадвае гарбачоўскую «перабудову» пасля брэжнеўскага «застою».

Але правесці гэтыя рэформы так, каб захаваць сённяшнюю сістэму ўлады, немагчыма. Гарбачоўская «перабудова», ініцыяваная «зверху», урэшце знесла КПСС і яе ўладу. Лукашэнка добра вывучыў гэты ўрок — і на рэформы не пагаджаецца ні пад якім соусам.

Але рэформаў ужо патрабуе народ, без іх існаваць немагчыма. І не дзіва, што ў Лукашэнкі няма (і не можа быць) адказу на пытанне «што рабіць?» Толькі абяцаць.