Усебеларускі сеанс групавой тэрапіі
Многія беларускія інтэрнэт-рэсурсы ў сённяшнім пасланні Лукашэнкі звярталі ўвагу не на яго прамову, а на тое, як паводзілі сябе 2,5 тысячы слухачоў, звезеных на гэтае мерапрыемства. І сапраўды, нічога новага Лукашэнка не сказаў, а яго аўдыторыя адкрыта дзяўбла носам. Пытанне: яны сапраўды змагаліся са сном, ці гэта быў сеанс масавага гіпнозу?
Увогуле, цяперашняя прамова Лукашэнкі мала адрознівалася ад таго, што мы чуем на працягу двух дзясяткаў гадоў. Зводзіцца яна да таго, што «злыя ворагі» збіраюцца разбурыць Беларусь і яе дзяржаўнасць (прычым, не даецца адказу, навошта ім гэта, і чаго яны гэтым збіраюцца дасягнуць), а асабіста Лукашэнка і вертыкаль улады ўпэўнена (ці не вельмі) гэтаму гераічна супрацьстаіць. Прычым, пасланне было крута замяшана на фэйках, канспіралагічных тэорыях, вобразах знешніх ворагаў і вельмі сумніўных з пункту гледжання ісціны фактах. Пры гэтым, як звычайна, не было прапанавана нічога новага і ніякай пазітыўнай позвы — толькі заклікі «згуртавацца», «вярнуцца», «зберагчы» і «прымножыць».
Выступ Лукашэнкі можна было б параўнаць з выступам Леаніда Ільіча Брэжнева ў яго апошнія гады — шмат розных слоў, ніякай канкрэтыкі і амаль няма сэнсу. Можна было б, калі б цяпер была тая ж самая сітуацыя, якая была ў СССР часоў таго самага Леаніда Ільіча. Аднак, на вялікі жаль для некаторых, час цяпер іншы нават проста ў тэхналагічным плане. У краіне няма (як каму б гэтага не хацелася) манаполіі на інфармацыю. Тыя часы, калі адзінай крыніцай навін была праграма «Время», а крыніцай аналітыкі — газета «Праўда», канчаткова і даўно адышлі ў нябыт.
Вось напрыклад, Лукашэнка адносна шмат казаў пра рэформы, якія нібыта марылі ажыццявіць яго апаненты на выбарах 2020 года: правесці прыватызацыю і ўсё прадаць, увесці прыватную ўласнасць на зямлю, разваліць эканоміку, звольніць дзясяткі тысячаў чалавек і гэтак далей… У гэтым Лукашэнка абвінавачвае сваіх апанентаў на кожных выбарах. Аднак нават не трэба лезці ў той самы нялюбы Лукашэнку Google, каб узгадаць, што адзінай яго сапраўднай апаненткай на выбарах была Святлана Ціханоўская — толькі яна была зарэгістраваная ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. І ў яе ніякай эканамічнай праграмы не было ўвогуле, за што тады ж, у перыяд выбараў, з яе нямала кпілі.
Уся перадвыбарчая праграма Ціханоўскай складалася роўненька з трох пунктаў: вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і новыя празрыстыя і дэмакратычныя выбары. Усё! Але Лукашэнку ўсё роўна мроіцца «прыватызацыя» і «прыватная ўласнасць».
Ці, скажам, гонар Лукашэнкі за наш асаблівы шлях у барацьбе з COVID-19. Ён яго агучыў у двух словах: «Спакой і вакцынацыя». І заявіў, што ўвесь свет цяпер пайшоў па гэтым шляху, а нас за гэта шпыняе.
Ну, вы, вядома ж, памятаеце мемы пра трактар, козачак і «вірус тут не лётае». Яго словы дагэтуль на вуснах у комікаў, сатырыкаў і карыкатурыстаў, а пра вакцыну ў пачатку 2020 года наогул ніхто нічога не чуў.
І нават прапанова аб пастаўках нафты з ЗША ў пачатку 2020-га, калі ў Беларусі быў чарговы нафтавы канфлікт з Расіяй, цяпер была выстаўленая, як спроба пасварыць Расію і Беларусь. Дзіўна, праўда?
Па кожным агучаным ім пункце можна задаць падобныя пытанні. Але самае галоўнае пытанне ўсё ж — навошта і каму гэта трэба было? Навошта было праведзена гэта даволі беззмястоўнае мерапрыемства? Якія ў яго былі мэты? Які яго вынік?
На жаль, адказы тут палягаюць, напэўна, не ў палітычнай, а хутчэй, у псіхалагічнай плоскасці. Верагодней за ўсё, гэта быў своеасаблівы сеанс масавага гіпнозу і сеанс групавой тэрапіі.
У галовах беларускай улады склалася скажоная карціна свету, дзе яны адныя маюць рацыю, а ўвесь свет — варожы, гэткая паранойя з элементамі маніі пераследу. І час ад часу гэтая карціна свету ўваходзіць у дысананс з навакольнай рэчаіснасцю. Яе перманентна падрываюць як унутраныя (скажам, скандальнае абмеркаванне Канстытуцыі, калі за некаторыя прапановы прыйшлося нават саджаць), так і знешнія (падзеі ў Казахстане) фактары. Але для таго, каб гэтую карціну свету, у якой адна маленькая, але ганарлівая Беларусь, паспяхова перамагае падкопы ворагаў, захоўваць, час ад часу яна павінна «абнаўляцца». Таму што, калі гэтага не рабіць, узнікае тое самае адчуванне дысанансу і няўпэўненасці ў тым, што карціна свету, якая склалася ў галаве, мае хоць бы нейкае дачыненне да рэальнасці.
Цяпер гэтая суб'ектыўная рэальнасць знаходзіцца пад пагрозай: наперадзе рэферэндум, а значыць, узмацняецца ўнутраны стан нявызначанасці. Адсюль — трывожнасць, сумненні, страх. Страх таго, што сітуацыя ацэненая няправільна, і яна выходзіць з-пад кантролю.
Таму важны такі «сеанс групавой тэрапіі»: пераканацца самому, што ў гэтым светаўспрыманні ты не адзін. Пабачыць аднадумцаў, паверыць, што «ўсё добра».
Паказальна, што ў гэтым пасланні, як, дарэчы, і ў папярэдніх, не было прапанавана ніякіх не тое што рэвалюцыйных, а нават больш-менш новых ідэй, ніякіх прапаноў, як нам жыць далей (не лічыць жа за такую дадатковы «медыцынскі» выходны ў годзе?) І нават новая Канстытуцыя была згаданая проста мімаходзь.
Гэта значыць, Лукашэнка не збіраўся сказаць нічога новага, чаго б ён не казаў раней. І гэта зноў жа пераводзіць яго пасланне з разраду палітычных падзей у разрад «сеансу групавой тэрапіі».
Хто зазвычай мае патрэбу ў такой «групавой тэрапіі»? Здагадайцеся.