Святлана Ціханоўская заклікала 9 лютага падтрымаць незалежныя беларускія СМІ

Падтрымаць свабодныя СМІ ў міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю 9 лютага заклікала беларуская лідарка Святлана Ціханоўская.

nb_fyjdcrfz_1000_9cbfbc92b941bc6dde525d2f45c0f4da628e2bf9.jpg


Ціханоўская нагадала, што 9 лютага споўніцца 1,5 года мірнаму пратэсту супраць гвалту, беззаконня і дзяржаўнага тэрору з боку нелегітымнага рэжыму: «У той час як супраціў мільёнаў беларусаў працягваецца ў падполлі ў розных творчых формах, на пярэднім краі барацьбы знаходзяцца незалежныя СМІ. Смелыя журналісты, блогеры і ўплывовыя медыяперсоны працягваюць працу ў краіне і на эміграцыі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і асабістую небяспеку».

Яна нагадала, што «для стварэння інфармацыйнага вакууму ў краіне» летась «рэжым атакаваў многія незалежныя СМІ, у тым ліку рэгіянальныя выданні». Паводле інфармацыі Ціханоўскай, ад лета 2020 года заблакавана больш за 50 медыясайтаў, краіну пакінулі звыш 400 работнікаў СМІ, больш за 40 журналістаў, блогераў, рэдактараў знаходзяцца за кратамі.

«Нам трэба пакінуць Беларусь на парадку дня і праліць святло на дзеянні рэжыму. Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і не даць свету ўбачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусціць», — сказала Ціханоўская.

Мерапрыемствы ў падтрымку беларускіх журналістаў пройдуць у розных краінах 9-13 лютага.

Упершыню дзень салідарнасці з Беларуссю прайшоў 7 лютага 2021 года. За кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за тысячу палітвязняў, яшчэ дзясяткі людзей прэтэндуюць на гэты статус.