СМІ: новы пасол Швейцарыі ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку
Урад Швейцарыі накіроўвае новага пасла Крысціне Хонегер-Залатухін у Беларусь, піша газета Der Bund. У швейцарскім МЗС выданню пацвердзілі, што яна паляціць у Мінск, прыступіць да сваіх абавязкаў у Беларусі «ў бліжэйшыя тыдні» і ўручыць даверчыя граматы «кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпламатыі большасці краін».
Паводле інфармацыі газеты, МЗС таксама разглядае гэта як спосаб дапамагчы палітзняволенай грамадзянцы Беларусі і Швейцарыі Наталлі Хершэ, асуджанай да 2,5 гадоў зняволення за сарваную з амапаўца балаклаву на адным з жаночых маршаў, паведамляе REFORM.by.
«Мы прыйшлі да высновы, што зможам лепш абараняць нашы інтарэсы, маючы на месцы пасла-жанчыну», — сказаў намеснік статс-сакратара МЗС Ёханес Маціасі.
«Гэта абумоўлівае неабходнасць уручэння даверчай граматы. Гэта дасць першую магчымасць наўпрост данесці нашы праблемы да Лукашэнкі», — дадаў ён.