Расійскія вайскоўцы разгарнулі ў Беларусі сістэму кіравання войскамі

Падраздзяленні Усходняй ваеннай акругі (УВА) Расіі, якія ўдзельнічаюць у праверцы сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы, пачалі разгортваць у Беларусі палявыя пункты і арганізавалі адзіную сістэму кіравання войскамі, паведамляюць РИА Новости са спасылкай на Мінабароны РФ.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Спецыялістамі войскаў сувязі арганізавана адзіная сістэма кіравання войскамі. У сістэму кіравання ўвайшлі пункты кіравання прыцягнутых падраздзяленняў, якія знаходзяцца на палігонах», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што на ўсіх пунктах кіравання працуе відэа-канферэнц-сувязь і камандзіры розных ступеняў могуць перадаваць сігналы кіравання ў рэжыме рэальнага часу. Ужо праведзены інжынерныя работы для размяшчэння пунктаў кіравання на мясцовасці, цяпер іх маскіруюць.
Абарону ад паветранага нападзення ўмоўнага саперніка даверылі падраздзяленням СПА. Раней падраздзяленні УВА здзейснілі марш камбінаваным спосабам — чыгуначным транспартам і ў складзе аўтамабільных калон.
Як паведамлялася, «праверка сіл Саюзнай дзяржавы» пройдзе ў два этапы. На першым этапе (да 9 лютага) будуць перадыслакаваны і створаны групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. На другім этапе (з 10 па 20 лютага) пройдуць сумесныя вучэнні «Саюзная рашучасць-2022», у рамках якіх будуць «адпрацаваны пытанні спынення і адбіцця знешняй агрэсіі, а таксама процідзеяння тэрарызму і абароны інтарэсаў Саюзнай дзяржавы».