СК пакінуў без разгляду пытанне аб ацэнцы дзеянняў мігрантаў пры штурме польскай мяжы

Следчы камітэт пакінуў без разгляду пытанне аб ацэнцы дзеянняў мігрантаў пры штурме беларуска-польскай мяжы ў лістападзе мінулага года.

photo_2021_11_16_13_22_56.jpg


Нагадаем, мігранты, якія сабраліся на пункце пропуску «Брузгі», 16 лістапада мінулага года пайшлі ў прамую атаку на польскую мяжу. Яны кідалі ў палякаў камяні, палкі і тратуарную плітку, разбіралі агароджы і ламалі іх з дапамогай бярвення. У адказ польскія сілавікі залівалі іх вадой і слёзацёчным газам. Абвастрэнне працягвалася некалькі гадзін, нагадвае REFORM.by.

МЗС Беларусі заявіла, што гэта палякі справакавалі інцыдэнт і самі кідалі ў мігрантаў камяні. ДПК заявіў, што гэта можна расцэньваць як прамую агрэсію супраць Беларусі. А Следчы камітэт адразу ж распачаў крымінальную справу аб злачынстве супраць бяспекі чалавецтва. Акрамя таго, Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «Прапаганда вайны» (арт. 123 КК) у дачыненні да вышэйшых службовых асоб Польшчы. Польская пракуратура таксама пачала расследаванне гэтага інцыдэнту.

На платформе «Зручны горад» была створана петыцыя, у якой УСК па Гродзенскай вобласці прасілі патлумачыць наступнае:

  • ці будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням мігрантаў з краін Блізкага Усходу, якія 16 лістапада ажыццяўлялі разбор тратуарнай пліткі на памежным пераходзе «Брузгі» — у сувязі з наяўнасцю ў названых дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага, напрыклад, арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь («Хуліганства»)?
  • у выпадку, калі апісаныя вышэй дзеянні УСК па Гродзенскай вобласці палічыць недастатковымі для дачы прававой ацэнкі — прасілі патлумачыць, ці маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць разбор тратуарнай пліткі, выкладзенай на пешаходных шляхах у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, для выкарыстання яе ў гаспадарчых патрэбах? Ці будуць у такім выпадку грамадзяне Рэспублікі Беларусь прыцягвацца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці?

Да звароту прыкладаліся фота лістападаўскіх падзей.

Учора на старонцы петыцыі з'явіўся адказ:

«Зварот прызнаны ананімным і пакінуты без разгляду».

Нагадаем, раней таксама была створана петыцыя з патрабаваннем праверыць законнасць трансляцый таго, што адбывалася ў раёне «Брузгоў», на дзяржТБ. Аўтары лічылі, што гэта парушае закон аб забароне анлайн-трансляцый з несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. У АУС Гродзенскага райвыканкама не выявілі парушэнняў заканадаўства ў асвятленні падзей у прамым эфіры.