Ігар Кізім: Сумна назіраць, як Беларусь раствараецца ў наратывах Крамля
Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся адносна заяваў Лукашэнкі падчас паслання народу і Нацыянальнаму сходу.
«Відавочна, што мой "погляд з боку" будзе тычыцца выключна пытанняў знешняй палітыкі і, перш за ўсё, Украіны. Усё астатняе — ад сацыяльна-эканамічных пытанняў да мадэлі палітычнага ладу Беларусі — гэта выбар беларускіх выбаршчыкаў», — зазначыў Ігар Кізім.
Ён спыніўся на двух агучаных Лукашэнкам пасыла, «якія выклікалі ў мяне некаторае недастатковае разуменне»:
1) «Мы вернем нашу Украіну ва ўлонне нашага славянства»;
2) «апорная» фраза, якая стала часта гучаць з вуснаў беларускіх кіраўнікоў і палітыкаў: Si vis pacem, para bellum — Хочаш міру — рыхтуйся да вайны.
«Па першым пасыле. Не зразумела, хто такія "МЫ". І, у гэтым кантэксце, чаму для кагосьці Украіна "НАША" і калі яна выйшла з "улоння славянства"? Калі "МЫ" — гэта Беларусь, то відавочна, што з беларусамі мы і ёсць тое самае "ўлонне славянства" (дарэчы, і палякі там, і балгары, і славакі і інш.), і нам туды вяртацца не трэба, мы яго не пакідалі. Калі "МЫ" — гэта А. Лукашэнка і У. Пуцін, а "ўлонне НАШАГА славянства" — гэта саюз Беларусі з РФ, то казаць пра Расію як пра "славянскую" дзяржаву хутка наогул будзе складана, а вяртацца ва "ўлонне" (ці, правільней, у саюз), дзе ёсць краіна, якая захапіла ўкраінскі Крым, развязала і працягвае вайну на Данбасе, ахвярамі якой сталі дзясяткі тысяч славян, не захоча яшчэ не адно пакаленне ўкраінцаў. Гэта аксіёма і даказваць тут няма чаго.
Што да міру і вайны. Гэта класіка. Тут цяжка запярэчыць. У Украіны ёсць пэўны, на жаль, горкі досвед у гэтым. Калі б мы рыхтаваліся да вайны, не падпісвалі б Будапешцкі мемарандум, не раззбройваліся б, не верылі б двухбаковы дагавор з РФ і яшчэ шмат іншых "бы", вядома ж, мы цяпер не ваявалі б і не гублялі сваіх салдат, грамадзян і тэрыторыі. Але тут узнікае пытанне: да вайны супраць каго рыхтуецца Беларусь? І калі прааналізаваць апошнія заявы беларускіх вайскоўцаў, то выходзіць, што, у тым ліку, і супраць Украіны, якая (асабліва нацыянальная гвардыя Украіны), паводле іх слоў, стала новай пагрозай з поўдня для беларускай дзяржавы. І таму Беларусь плануе разгарнуць свой ваенны кантынгент на паўднёвым напрамку. Вядома ж, гэта права кожнай дзяржавы. У папярэднім пасце я казаў пра такую "пагрозу". Глупства. Не буду паўтарацца. Але што будуць рабіць тут хуткім часам, у 20-50 км ад мяжы з Украінай, рэгулярныя вайсковыя часткі РФ — гэта пытанне. Нібыта яны прыбылі для сумесных вучэнняў па абароне тэрыторыі Беларусі ад "уварвання" войскаў НАТА з часткі тэрыторыі Украіны, акупаванай НАТА. Гэта не жарт і не "гульня слоў". Гэта агучаная нядаўна на брыфінгу ў Мінабароны РБ "задума" вучэнняў "Саюзная рашучасць-2022", для ўдзелу ў якіх і прыбылі расійскія войскі з Далёкага ўсходу. Я не буду каментаваць "арыгінальнасць" задумы, якая прадугледжвае падзел Украіны на дзве часткі яшчэ да пачатку "ўварвання". Гэта справа вайскоўцаў. Але сумна назіраць, як Беларусь усё больш "раствараецца" ў наратывах і "задумах" Крамля, накіраваных супраць Украіны. Думаю гэта не на карысць беларускаму суверэнітэту і дзяржаўнасці і, тым больш, сяброўству ўкраінскага і беларускага народаў. Бо "задума" Крамля добра вядомая — адрадзіць імперыю. А там не будзе месца для па-сапраўднаму незалежных Украіны і Беларусі. Мяркую, нам пра гэта трэба памятаць».