Сяргей Навумчык: Беларуская рэвалюцыя прайграла

«Разумею, як балюча прызнаваць гэта тым, хто выходзіў на вуліцы беларускіх гарадоў у жніўні 2020 з верай, што да перамогі застаўся адзін крок, нават паўкроку, хто спадзяецца на перамогу беларускай рэвалюцыі, — але ёсць няўмольныя законы палітычных працэсаў», — піша журналіст Сяргей Навумчык.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

І як бы горка гэта не было, але трэба нарэшце паглядзець праўдзе ў вочы і прызнаць: рэвалюцыя 2020 года прайграла.
Але шматтысячныя шэсці — не былі дарэмнымі, бо ніколі не бывае марным уздым чалавечай годнасці. Той глыток свабоды, які атрымалі (асабліва маладыя хлопцы і дзяўчаты) пад Бел-Чырвона-Белымі сцягамі ў сярэдзіне жніўня 20-га, ніколі імі не забудзецца і адыграе сваю ролю ў будучыні — як не забыліся і паўплывалі на грамадства гады Адраджэння і стварэння беларускай дзяржаўнасці пачатку 1990-х.
Але рэвалюцыя-2020 скончылася паразай.
Не хачу цяпер рабіць аналіз прычынаў — на жаль, дазволю сабе гэтае слова — халодны аналіз так пакуль і не зроблены (магчыма і таму, што пакуль няма больш-менш поўнай інфармацыі пра ўсе абставіны). Адзначу толькі дзве бясспрэчныя для мяне прычыны.
Першая — адсутнасць сярод лідараў людзей хаця б з мінімальным палітычным вопытам (за выключэннем двух-трох — на 50 чалавек — у КР, якая фармавалася невядома да гэтага часу кім і па невядомых да гэтага часу крытэрыях. Усе яны — добрыя, паважаныя людзі, але палітыка — гэта такая ж прафесія, як і іншыя. Тое, што я, не ведаючы нотаў, люблю Чайкоўскага, Рахманінава і Шнітке, не падстава запрашаць мяне на працу ў сімфанічны аркестр мінскай філармоніі; хаця пры цяперашняй кадравай палітыцы Мінкульта я б такому не вельмі здзівіўся).


Другая прычына мае канкрэтнае імя: Пуцін. Без падтрымкі Пуціным Лукашэнкі рэвалюцыя мела шанцы выйграць нават пры наяўнасці першай прычыны (прыгадаем, што калі 12-13 жніўня ў некаторых гарадах затрыманых выпускалі з РАУС, у міліцыянтаў дрыжэлі рукі, а ў Гародні мітынг на цэнтральнай плошчы адбываўся пры прамой тэлевізійнай трансляцыі (!).
Аднак куды больш важнай бачыцца неабходнасць вызначыцца зь цяперашняй рэальнасцю.
На тэрыторыю Беларусі ўведзеныя расійскія войскі, кіраўніцтва Мінабароны дзейнічае цалкам па ўзгадненні з расійскім генштабам, Беларусь увязаная ў план стратэгічнага вайсковага ціску на Захад і, канкрэтна, на Украіну.
І калі раней усе 27 гадоў пра акупацыю (у тэрміне «ўнутраная акупацыя») казаў адзін Пазьняк, ды яшчэ Рада БНР нязменна звяртала ўвагу Захаду на адмоўную ролю Масквы, дык сёння, калі, па звестках, на поўдні краіны пачалі будаваць казармы для расійскіх салдат і дамы для сем’яў расійскіх афіцэраў, палітык, які лічыць сябе беларускім палітыкам, але не бачыць імперскую акупацыю (альбо бачыць, але не кажа) — займаецца чым заўгодна, але не палітыкай. А калі і палітыкай — дык не ў інтарэсах Незалежнасці.
Год таму я пісаў, што Пуцін, найхутчэй, не будзе праводзіць уключэнне Беларусі ў склад Расіі адной ці сямю фэдэральнымі акругамі, ён будзе дамагацца поўнага вайсковага кантролю. Для Крамля Беларусь — гэта, найперш, тэрыторыя. Тэрыторыя транзіту ў другую чаргу, а ў першую — ваенны плацдарм на заходнім кірунку. Беларусь ператворыцца ў рэспубліку выгляду 1978 г. : былі Канстытуцыя, герб, сцяг, членства ў ААН (апошняга нават не мела РСФСР), быў нават зафіксаваны суверэнітэт — але ўсё вырашала Масква.
Так яно, фактычна, і адбылося. Увод расійскіх войскаў акрэсліў новую рэальнасць.
Прычым «зачыстка» прасторы, вынішчэнне ўсяго беларускага адбылося рукамі Лукашэнкі — ідэальная сітуацыя для Пуціна. Магу памыляцца (гісторыкі мяне паправяць), але ў агляднай сусветнай мінуўшчыне ўпершыню ператварэнню краіны ў калонію папярэднічала знішчэнне базавага апірышча суверэнітэту — вайсковай самастойнасці — яе вярхоўным галоўнакамандуючым. З-за бяздарнасці галоўнакамандуючых, здаралася, прайгравалі і рабіліся калоніяй ці нават проста часткай краіны-захопніка, а каб ён вось так, усвядомлена, сваімі рукамі — ніколі.
Да 2020 года значная частка дэмакратычна арыентаванага грамадства змагалася з Лукашэнкам. Цяпер змаганне з рэжымам ускладнілася ў дзясяткі разоў, бо гэта, фактычна, змаганне з імперыяй, прычым ва ўмовах, калі ўпершыню за дзясяткі гадоў знішчаныя, выпаленыя дашчэнту практычна ўсе беларускія нацыянальныя арганізацыі, ліквідаваныя ўсе структуры грамадзянскай супольнасці.
Падаецца, што гэтая новая рэальнасць вымагае нейкіх зусім іншых дзеянняў. Якіх — трэба думаць. Думаць у Беларусі і (магчыма, нават у першую чаргу) — у беларускім замежжы.
Але найперш трэба ўсвядоміць рэальнасць.