Паліттэхналогіі ці палітыка?

Добра гэта ці дрэнна, што ў жнівеньскіх пратэстаў не было лідараў (ці, удакладнім, лідара з варыянтамі канкрэтных ПАЛІТЫЧНЫХ дзеянняў)? Ці мог 300-тысячны ў Мінску + 150-тысячны ў рэгіёнах выхад на вуліцы 15-16-17 жніўня мець іншы вынік, чым ён меў? Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале разважае Сяргей Навумчык.

img_0825_2_logo_1.jpg


Ці рэальны было хаця б узяць тэлебачанне і выйсці ў прамы тэлеэфір (у Горадні, нагадаю, мітынг трансляваўся), як у лютым 1990 зрабіў гэта БНФ? Жэсты – сардэчка, кулак, знак «віктары» – вельмі ўдалы піяр ход, пяць балаў, але, магчыма, патрэбна было нешта яшчэ?
У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне. Я разумею, што (на жаль, на вялікі жаль) у сучасным свеце піяр – гэта 90% поспеху. Ведаю, калі глыбокія палітыкі ігнаравалі піяр і цярпелі паразу. Ведаю і адваротнае – калі піяр выносіў прахадзімцаў на самую на вяршыню (праўда, паразу потым цярпела грамадства).
З планам таксама не ўсё проста. На сітуацыю (любую) уплывае безліч фактараў, як суб’ектыўных, гэтак і аб’ектыўных, як унутраных, так і знешніх, некаторыя з іх можна прадбачыць, некаторыя – немагчыма спрагназаваць.
Я толькі ведаю з уласнага палітычнага досведу пачатку 90-х, што любы заклік людзей выйсці на вуліцу павінен мець звыш-мэту. Палітычную мэту. Вельмі канкрэтную. І тыя, хто быў у кіраўніцтве (ці каля кіраўніцтва) БНФ у 90-я, пацвердзяць, што кожная масавая акцыя прапрацоўвалася ў дэталях і ў варыянтах.
Напрыклад, я ніколі не меў дачынення да пытанняў унутрыфронтаўскай бяспекі, але ведаю, што пры кожнай мінскай раённай радзе БНФ была «дружына» з 15-20 хлопцаў, закалённых, скажам гэтак, не толькі ў інтэлектуальных бітвах. Таму на мітынгах і шэсцях правакатары спыняліся вельмі хутка. Ці маглі б нашы хлопцы, у выпадку неабходнасці, супрацьстаяць ОМОНу? Перамога, думаю, была б за ОМОНам, але лёгка яна б ім не далася. І раны, баюся, тыя залізвалі б вельмі доўга. І ў наступны раз падумалі, ці не лепш прыкінуцца хворым. Але, канешне, ніякіх зверстваў да палітычных акцый міліцыя да 1994 не прымяняла – са жніўня 1991 да 1994 у Беларусі не было ніводнага палітычнага затрымання, не кажучы пра зняволеных (вось такія «ліхія дзевяностые»)
Я праектую сітуацыю на жнівень 91-га, калі Апазіцыя БНФ у ВС-12 мела план (прычым з варыянтамі) дзеянняў. Яшчэ ў першы дзень путчу, 19 жніўня, мы запатрабавалі склікання нечарговай сесіі ВС, 22 жніўня яшчэ раз націснулі на Прэзідыўм ВС, старшыня ВС Дземянцей прызначыў сесію, 23 жніўня выйшлі (Пазьняк, Заблоцкі, Голубеў і я) у прамы тэлеэфір, заклікалі людзей сабрацца заўтра раніцай, 24-га, у дзень адкрыцця сесіі сабрацца перад Домам ураду, людзі, пераважна актывісты БНФ, прыйшлі, ціск на дэпутатаў-камуністаў ішоў і з Авальнай залі, і з Плошчы, дэпутаты БНФ настойліва прабівалі сваю павестку (адстаўка кіраўніцтва ВС, роспуск КПБ-КПСС, Незалежнасць), і ўдзень 25 жніўня Дземянцей падаў у адстаўку, а ўвечары дзейнасць КПБ была спыненая і Незалежнасць была абвешчаная.
Што тады не ўдалося – гэта прымусіць ВС распусціцца і прызначыць новыя выбары. Але гэта не ўдалося і ў Украіне, і шмат дзе. Галоўнае – абвясцілі Незалежнасць.
А давайце адкруцім сітуацыю на дні путчу 19-21 жніўня 91-га і ўявім, што ў нас не было б палітычных (менавіта палітычных) дзеянняў – напрыклад, мы не выводзім людзей на Плошчу ўжо 19 жніўня патрабуем склікання нечарговай сесіі. І яна не адбываецца. І Дземянцей застаецца старшынём ВС. І Незалежнасць не абвяшчаецца. І ў верасні Пагоня і Бел-Чырвонва-Белы Сцяг не робіцца дзяржаўным, а Беларусь застаецца – БССР.
Усё роўна былі б Віскулі? Дарагія мае, вы пра што? Якія Віскулі з Дземянцеем? Былы сакратар ЦК КПБ, верны камуніст Дземянцей шмат разоў казаў, што ён бы ніколі не падпісаў ніякага Белавежскага пагаднення, і паверце, тут ён не хлусіў.
Той рэдкі выпадак, калі я веру камуністу.