Беларусь адмяніла частку антысанкцый на тавары з Захаду
Улады Беларусі адмовіліся ад часткі прадуктовых антысанкцый у дачыненні да ЕС, ЗША і іншых краін. Гэта вынікае з пастановы Саўміна № 51 ад 27 студзеня.

Соль болей не пад антысанкцыямі
Змены распаўсюджваюцца на соль і тавары, прызначаныя для
вытворчасці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчавання, біялагічна актыўных
дабавак да ежы, лекавых прэпаратаў, у тым ліку гамеапатычных, вітамінаў,
мінералаў, вітамінна-мінеральных комплексаў, медыцынскіх вырабаў.
Цяпер пры ўвозе тавараў для вытворчасці дзіцячага,
дашкольнага і школьнага харчавання трэба будзе пацвердзіць іх мэтавае
прызначэнне.
Антысанкцыі ўводзіліся з 1 студзеня на паўгода, але,
падобна, нешта пайшло не так.
Разам з тым у спіс санкцыйных краін трапілі Княства
Ліхтэнштэйн і Сербія. Раней там апынуліся ЕС, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія,
Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, Чарнагорыя і Швейцарыя.
Паводле «Еўрарадыё».