NYT: Санкцыі ЗША небяспечныя для Расіі, але таксама і для сусветнай фінансавай сістэмы

Магчымыя санкцыі ЗША супраць Расіі, якія Вашынгтон прыгразіў увесці ў выпадку агрэсіі Масквы супраць Кіева, могуць прывесці да высокай інфляцыі, краху расійскага фондавага рынку і іншых формаў «фінансавай панікі». Пра гэта піша РБК са спасылкай на аналітыкаў The New York Times.

zsza_2.jpg

Аднак абмежаванні прывядуць і да наступстваў для іншых дзяржаў, упэўненыя эксперты. Яны дапускаюць, што «хуткі і суровы» адказ, які паабяцалі амерыканскія ўлады, можа стаць узрушэннем для эканомік развітых краін, асабліва еўрапейскіх, і паставіць пад пагрозу стабільнасць сусветнай фінансавай сістэмы.
Санкцыі, якія абмяжуюць магчымасці экспарту расійскіх нафты і газу, стануць магутнай зброяй супраць расійскай эканомікі і, магчыма, найбольш эфектыўным эканамічным «стрымліваючым фактарам» супраць уварвання ва Украіну, але яны таксама «прычыняць боль» Еўропе і Злучаным Штатам, мяркуюць эксперты. Некаторыя аналітыкі ў гутарцы з NYT дапусцілі, што Расія можа адказаць на санкцыі спыненнем паставак прыроднага газу ў Еўропу ці кібератакамі на амерыканскую і еўрапейскую інфраструктуру.
У тым, што Расія прыме меры ў адказ, у тым ліку з дапамогай хакерскіх нападаў супраць амерыканскіх фінансавых устаноў, упэўнены былы супрацоўнік Дзярждэпартамента ЗША, аналітык Rand Corporation Сэмюэл Чарап. «Мы нападаем на іх буйныя банкі, яны, хутчэй за ўсё, нападуць на нашыя», — заявіў ён.
Па словах Марыі Снегавай, супрацоўніцы Універсітэта Джорджа Вашынгтана, жорсткія меры супраць Расіі прывядуць да змены цэн на нафту і газ, што ў сваю чаргу адаб'ецца на інфляцыі. «Інфляцыя ў ЗША стрымлівае дзеянні адміністрацыі», — заявіла яна, дадаўшы, што яе паказчыкі за апошнія гады дасягнулі «беспрэцэдэнтнага» ўзроўню.
Гаворачы аб наступствах для самой Расіі, былы спецыяліст па санкцыях у Дзярждэпартаменце Эдвард Фішман заявіў, што абмежаванні супраць буйных расійскіх банкаў адаб'юцца на ўсёй эканоміцы краіны і паўплываюць на жыццё расіян. Апытаныя NYT эксперты папярэджваюць, што меры прывядуць да розных наступстваў: ад росту коштаў на прадукты харчавання і адзенне да негатыўнага ўплыву на пенсійныя выплаты і зберажэнні з-за абвалу рубля або расійскіх рынкаў.