А цяпер — дыскатэка! Пасланне Лукашэнкі будзе суправаджацца канцэртам
Заўтрашняе пасланне Лукашэнкі народу і Нацыянальнаму сходу будзе суправаджацца канцэртам. Таксама ён адкажа на пытанні запрошаных.
Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, піша REFORM.by. Паводле яе слоў, пасланне будзе зачытана ў Палацы Рэспублікі. На яго запрошаныя каля 2,5 тысяч чалавек.
«У выніку базавы сцэнар мерапрыемства быў вызначаны наступны: цэнтральная частка — гэта, вядома, само пасланне, а затым — канцэрт, як падарунак для ўсіх запрошаных. Але ёсць яшчэ адзін важны момант. З улікам таго, што запрошана сапраўды вельмі шмат людзей і ўсе яны людзі актыўныя, кіраўнік даў згоду адказаць на пытанні, якія магчыма будуць ва ўдзельнікаў гэтай сустрэчы», — сказала Эйсмант.
Усё гэта будзе транслявацца ў прамым эфіры радыё і тэлебачання.
Нагадаем, так званыя «вялікія размовы» Лукашэнкі з прэсай і запрошанымі звычайна працягваліся да 7-8 гадзін.