«Не дапусцім у свае сэрцы смутак і адчай, але пастараемся стаць святлом свету»

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Праваслаўныя вернікі ўсяго свету сёння святкуюць галоўнае хрысціянскае свята — Уваскрасенне Хрыстова, ці Вялікдзень.

easter_eggs_4875498_1280.jpg


Напярэдадні свята Уваскрэсення Хрыстова мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел звярнуўся з велікодным пасланнем да ўсіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

atv_1585_1.jpg


«Амаль дзве тысячы гадоў Царква славіць Хрыста Ўваскрэслага, спадзяючыся на абяцанае нам усеагульнае ўваскрасенне з мёртвых — бо, паводле слова першавярхоўнага апостала Паўла, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць. Уваскрасенне Хрыстова — невычэрпная крыніца нашай веры, трывалы падмурак нашай надзеі, краевугольны камень нашай любові да Бога і бліжніх. Ідуць стагоддзі, змяняюцца пакаленні, але Святая Царква, не спыняючыся ў руплівасці і палымнеючы духам, з адвагаю сведчыць пра Ўваскрасенне Хрыста Спасіцеля, Які адчыніў браму ў Царства Нябеснае кожнаму, хто імкнецца жыць з Богам, хто, кіруючыся заклікам Божым, ухіляецца ад зла і робіць дабро.
Дарагія браты і сёстры! Мы жывем у свеце, поўным трывог і хваляванняў. Кожны з нас, у меру свайго вопыту, з’яўляецца відавочцам людскіх хвароб, пакут і смерцяў. Мы бачым, што чалавецтва, існуючы ва ўмовах глабалізацыі, сутыкаецца з такімі ж глабальнымі выклікамі, якія нясуць пагрозу здароўю і бяспецы многіх жыхароў планеты Зямля. Але мы, хрысціяне, не павінны паддавацца ніякім страхам, таму што святло Ўваскрасення Хрыстовага праганяе цемру страхаў чалавечых. «Не бойцеся!» — абвясціў Уваскрэслы Спасіцель жанчынам-міраносіцам, а разам з імі — і ўсім нам. Бачачы ў навакольным жыцці праявы зла, не дапусцім у свае сэрцы смутак і адчай, але пастараемся стаць святлом свету, дзеля выканання слоў Нагорнай пропаведзі Сына Божага, і напоўніць добрымі справамі час, дараваны нам Усявышнім Тварцом.
Будзем імкнуцца жыць так, каб быць для нашых бліжніх прыкладам вытрымкі і разважлівасці, стаўпамі веры ў Бога і вернасці Святой Царкве Хрыстовай, праяўляючы да людзей навокал нас памяркоўнасць, спагадлівасць і братэрскую любоў. Будзем насіць цяжары адзін аднаго, як навучае нас апостал Павел, і гэтак выканаем закон Хрыстоў. Гасподзь і Бог наш — гэта Той, Хто, паводле слова прарока Ісаіі, узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы. І наш хрысціянскі шлях у гэтым свеце — гэта шлях бескарыслівай дапамогі бліжнім, шлях прабачэння нанесеных нам крыўд, шлях дзейнай міласэрнасці і ахвярнай любові. Сцяжына гэтая няпростая, але тых, хто крочыць ёю, Сам Гасподзь зробіць спадчыннікамі жыцця вечнага і саўдзельнікамі перамогі над смерцю, выяўленай у Светлым Хрыстовым Уваскрасенні!», —
гаворыцца ў Пасланні.
Віншуем праваслаўных вернікаў з Вялікднём!