Святлана Ціханоўская: Трэба, каб людзі не дазвалялі сябе ашукваць — нават у святочны дзень

Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія сёння святкуюць Вялікдзень. І заклікала нават у свята размаўляць з роднымі і тлумачыць, што адбываецца навокал, бо вайна — ужо побач.

СвятланаЦіханоўская. Фота з яе тэлеграм-канала

СвятланаЦіханоўская. Фота з яе тэлеграм-канала

— З дзяцінства ў мяне, як і ў многіх беларусаў, пра Вялікдзень цёплыя ўспаміны. Гэта святочныя яйкі і паскі, гэта бабуля і дзядуля, якія ўсміхаюцца, гэта ўся сям’я за адным сталом. За гэтым сталом не прынята размаўляць пра ядзерную зброю ці вайну, бо абмяркоўваюць больш датычныя да сям’і рэчы. 

Але справа ў тым, што вайна ўжо побач, а ядзерную зброю хутка могуць размясціць у Беларусі. І цяпер гэта датычыцца ўсіх беларусаў.


І таму трэба размаўляць са сваімі роднымі пра гэта. Тлумачыць бабулям і дзядулям, якія вераць тэлебачанню, што ўсе праблемы Беларусі цяпер не праз тое, што «калектыўны Захад» нападае – а таму што рэагуе на дзеянні Лукашэнкі, які захапіў уладу, рэпрэсуе людзей, дазволіў Расіі напасці на Украіну з нашай зямлі. Гэтыя праблемы ідуць менавіта ад яго. Гэта цяжка, але трэба, каб людзі ведалі праўду і не дазвалялі сябе ашукваць — нават у святочны дзень.

І нягледзячы ні на што — са святам вас, беларусы! Хрыстос уваскрос!.