На каву да плябана: як ужывалі напой у колах каталіцкага духавенства

У Вялікім Княстве Літоўскім каву шанавалі. Традыцыя піць каву ў айчынную культуру харчавання ўвайшла на мяжы XVII–XVIII стагоддзя. З часам кава пашыралася сярод станаў і ёй насалоджваліся і ў палацах, і ў плябаніях, і ў засценках… Кава стала культурным кодам.  

04_haradzane_za_kavaj.jpg

Трыумфальны паход кавы

На землі Рэчы Паспалітай кава прыйшла пасля пераможнай Венскай кампаніі 1683 года. У той год туркі ўзялі ў аблогу Вену, але пацярпелі паразу ад саюзных войскаў хрысціянскіх манархаў, якімі камандаваў кароль Ян ІІІ Сабескі. Пераможцы не толькі спынілі асманскую экспансію ў Еўропу, але і захапілі турэцкі абоз. А там — 500 мяхоў з зернем кавы. Для еўрапейскіх ваяроў гэтыя зерні былі невядомыя і не мелі значнасці, але спрытны шляхціц з-пад Львова Францішак Кульчыцкі, які ведаў турэцкую завядзёнку, належным чынам ацаніў трафей. Пан Кульчыцкі прыхапіў мяхі з кавай сабе і адкрыў у Вене першую кавярню.
На мяжы XVII–XVIII стагоддзя ўжыванне кавы стала пашырацца. Распаўсюджваўся напой праз Гданьск, дзе з’явіліся першыя кавярні — кафэнгаўзы, названыя так на нямецкі манер. Росту папулярнасці кавы спрыяў дрэздэнскі двор Саксонскіх курфюрстаў, адкуль у першай палове XVIII стагоддзя паходзілі манархі Рэчы Паспалітай. Кава палюбілася, каву сталі піць усе: у другой палове XVIII стагоддзя не толькі эліта бавілася моцным духмяным напоем, але і просты люд уздымаў філіжанкі з густой насычанай вадкасцю.

Еўрапейская кавярня, XVII стагоддзе

Еўрапейская кавярня, XVII стагоддзе

Кава заваёўвала сэрцы паспалітага панства, яна стала своеасаблівым кодам еўрапейскай культуры. Аўтар XVIII стагоддзя Ежы Кітовіч пісаў: «Кава ад людзей маёмасных перайшла да ўсяго паспольства; лепей могуць абысціся без хлеба, чым без кавы».
Кава была рознай. Канешне, паласавацца годным і якасным гатункам маглі толькі заможныя людзі, бо гэта было не танна. Гараджане маглі выпіць філіжанку кавы з малаком і цукрам усяго за 6 медных грошаў, але і якасць гэтага напою была адпаведнай: у дробку кавы дамешвалі ладную жменю пражанай пшаніцы, замест цукру — цукровую пудру, малако разбаўлялі вадой.
Прыйшла кава і пад сялянскую страху: сяляне пераймалі звычкі шляхты, у тым ліку, піць нейкі дзіўны напой. У вёсках пашырылася кава з жалудоў і жытняя кава. Вядома, гэтыя напоі не мелі нічога агульнага з сапраўднай кавай! Але важны сам факт: культурны маркер традыцыі піць каву — пашыраўся.      

Прыгатаванне кавы туркамі

Прыгатаванне кавы туркамі

З пашырэннем кола спажыўцоў істотна змянялася і манера ўжывання напою: ад першапачатковай традыцыі піць каву без дадаткаў да еўрапейскай завядзёнкі выкарыстоўваць дамешкі — малако, салодкія вяршкі, цукар. Пашырэнне кавы ў побыце натуральным чынам вяло і да пашырэння рэчаў, звязаных з яе прыгатаваннем, спосабам і атмасферай ужывання.

У еўрапейскай кавярні 

У еўрапейскай кавярні 

Ідзём на каву… да ксяндза!  


Каб дасканала адчуць і ўявіць,  якое месца ў даўнім жыцці займала кава, лепш за ўсё разглядзець завядзёнку кававай цырымоніі канкрэтнага дома. Для гэтага выпраўляемся ў Ляхавічы, у плябанію мясцовага каталіцкага святара ў 1820-я гады.
Звалі яго айцец Вінцэнт Супіньскі. Ляхавіцкі плябан быў не шараговым святаром правінцыйнага касцёла, ён быў ксяндзом-канонікам, што значыць — уваходзіў у калегію клірыкаў пры біскупскай катэдры. Таксама Супіньскі займаў пасаду кусташа Мінскай катэдры — гэта той, хто загадваў маёмасцю капітулы, узначальваў Слуцкі дэканат, быў духоўным дэпутатам Галоўнага суда Мінскай губерні. Да ўсяго, Вінцэнт Супіньскі для свайго часу быў чалавекам звыш адукаваным — скончыў Полацкую акадэмію, быў доктарам святой тэалогіі і абодвух праў (свецкага і царкоўнага). Карацей, ляхавіцкі пробашч — прадстаўнік элітарных колаў, чалавек заможны, і ў яго сядзібе добра адчуваўся водар сапраўднай дарагой кавы. Гэта адпавядала яго статусу.  
Але чаму ідзём да ляхавіцкага ксяндза? Справа ў тым, што пасля смерці святара ў кастрычніку 1825 г. быў складзены падрабязны інвентар гаспадарчага і пабытовага начынення ляхавіцкай плябаніі. Прахалодным восеньскім днём 1825 года ў Ляхавічы прыехалі клірыкі Мінскай катэдры і Слуцкага дэканата, мясцовыя шляхціцы, каб апісаць і распарадзіцца маёмасцю спачылага святара. Пажоўклыя аркушы і выцвілы атрамант захаваў пералік усяго, што меў Супіньскі. Сярод шматлікіх рэчаў у дакуменце зафіксаваныя адмысловыя прылады для гатавання і ўжывання кавы. За сухімі словамі інвентару хаваецца традыцыя гатавання і ўжывання кавы ў заможнай плябаніі ксяндза-інтэлектуала.

Як гатавалася кава?



05_peczka_dlja_kavy__mlynok_i_bljaszany_imbryk_na_uzor_hih_stahoddzja.jpg

Печка для кавы, млынок і бляшаны імбрык на ўзор ХІХ стагоддзя

Святарская плябанія змяшчалася каля касцёла ў самым цэнтры горада. Вінцэнт Супіньскі пабудаваў новы дом у 1805 годзе. Гэта была тыповая гарадская сядзіба з вялікім ганкам на слупах, мураванымі прыступкамі, высокім гонтавым дахам над якім узвышаліся коміны. У сядзібе было шэсць жылых пакояў рознага прызначэння, асобная сталовая, гардэроб, буфет ці інакш — крэдэнс. У самой жа сядзібе была і кухня, дзе гатаваліся стравы да стала плябана, а таксама варылася кава.  
На плябанскай кухні, дзе стаяла вялікая печ, сярод шматлікага кухоннага начынення стаяла адмысловая жалезная печка, у якой пражыліся зерні кавы. Вынікае, што ў плябаніі адмыслова закупаліся зерні кавы, а значыць — яна была тут якаснай. Набывалі мяхі з зернем хутчэй за ўсё ў віціннікаў, які па Нёмане дастаўлялі тавары з Круляўца. Усё ж, ад Ляхавічаў да партоў на Нёмане не так далёка.

06_na_maljunku_napaleona_ordy_dobra_baczna_vicina_na_njomane._menavita_imi_dastauljali_zerne_kavy_u_nasz_kraj.jpg

 На малюнку Напалеона Орды добра бачна віціна на Нёмане. Менавіта імі дастаўлялі зерне кавы ў наш край
Пасля пражання гатовыя зерні кавы перамолваліся на жалезным млынку. Цяпер можна было гатаваць напой. Варылася кава ў бляшаных імбрычках, якіх на кухні было чатыры. На жаль, іх аб’ём не адзначаны, але трэба меркаваць, памер імбрычкаў мог быць розным.
Хто займаўся прыгатаваннем кавы — дакументы не акрэсліваюць: ці гэта рабіла звычайная прыслуга, ці была ў плябаніі кавярка — спецыяльная жанчына, якая адказвала за набыццё, прыгатаванне і падачу кавы, на жаль, мы не ведаем.  
Як бачым, у плябаніі кава праходзіла поўны цыкл прыгатавання: ад пражання зерня да разліцця гарачага напою. Цяпер каву можна было падаваць.

Як падавалася кава?

Гатовы гарачы напой да стала падавалі ў адным з чатырох згаданых бляшаных імбрычкаў. У свой час плябан і яго госці разлівалі свежую каву ў адмысловыя філіжанкі.

Кавярка. Кадр з фільма Пан Тадэвуш (А. Вайда). У кадры добра бачны посуд, які б мог быць і на стале плябана

Кавярка. Кадр з фільма Пан Тадэвуш (А. Вайда). У кадры добра бачны посуд, які б мог быць і на стале плябана

Для ўрачыстых выпадкаў для высокіх і шаноўных гасцей выстаўляліся парцалянавыя філіжанкі з залатым абадком і парцалянавым сподкам, якіх у плябана было сем пар. Разам з філіжанкамі кавы гасцям давалі спецыяльныя срэбныя лыжачкі. Адсюль вынікае: за кавай у плябаніі маглі сабрацца да 7 асоб — прадстаўнікоў павятовай знаці і мясцовай свецкай і духоўнай эліты. У плябанію маглі завітаць тутэйшыя шляхціцы: Рэйтаны з Грушаўкі ці Чарноцкія з Начы, каталіцкія і ўніяцкія святары з бліжэйшых парафій ці кляштара… А маглі на каву зайсці і прадстаўнікі ляхавіцкай яўрэйскай грамады, з якімі Супіньскі вёў судовае разбіральніцтва з-за нявыплачаных на карысць касцёла падаткаў.  Напэўна, гасцей саноўнік такога высокага ўзроўню, як Слуцкі дэкан і судовы дэпутат Супіньскі, прымаў часта, водар свежай духмянай кавы не пакідаў сцены плябаніі.
У менш урачыстым выпадку, святар мог піць каву з простай парцалянавай філіжанкі, якіх было дзве. Тут яму кампанію мог скласці вікарны парафіяльны ксёндз, які жыў у плябанскім флігелі, мясцовы арганіст, альбо гараджанін, які завітаў на аўдыенцыю да плябана з духоўнымі ці свецкімі пытаннямі: утрыманнем парафіяльнай школы, рамонту касцёла, стану шпіталя.

Парцялянавая філіжанка з залатым абадком, 1820-я

Парцялянавая філіжанка з залатым абадком, 1820-я

Цалкам праўдападобна, што ў плябаніі каву пілі з дадаткамі — цукрам, які падавалі ў лакіраванай бляшанай цукарніцы, альбо вяршкамі, якія дадавалі адмысловай пазалочанай лыжачкай. Вяршкі ў плябанію прывозілі з уласнага касцельнага фальварку.  

Дзе пілася кава?

Уся цырымонія ўжывання кавы, як у кампаніі гасцей, так і ў самоце, магла адбывацца ў прасторнай плябанскай гасцёўні, куды ад увахода вёў калідор. Там стаяла кафляная печ, а сцены былі аклееныя папяровымі шпалерамі.

Кавярня. На пярэднім плане бачым кавярку з імбрыкам для кавы.jpg

Кавярня. На пярэднім плане бачым кавярку з імбрыкам для кавы.jpg

У плябанскай гасцёўні стаяў акруглы пафарбаваны ў чырвоны колер альховы столік, які мог складвацца, чым быў зручны і для вялікай кампаніі, і маленькай. Калі былі госці, альховы столік пакрывалі галандскім абрусам. Усё ж, гарачы посуд мог сапсаваць бляск каштоўнай мэблі.  
Вакол століка запрошаныя аматары кавы сядалі на альховую канапу з парэнчамі, абцягнутую палатном, альбо на ўтульныя нямецкія альховыя крэслы, пакрытыя марылкай.

Фрагмент карціны Яна Чэслава Манюшкі, дзе бачны раскладны столік у інтэр'еры шляхецкай сядзібы

Фрагмент карціны Яна Чэслава Манюшкі, дзе бачны раскладны столік у інтэр'еры шляхецкай сядзібы

Таксама каля століка, каб не засядзецца і не вычарпаць час і ліміт гасціннасці, стаяў дарагі драўляны гадзіннік з папяровым цыферблатам і курантамі.

Што рабіў плябан за кавай?

Калі не было гасцей, плябан мог таксама насалоджвацца кавай. Як гэта адбывалася — варыянтаў шмат.Каву плябан мог піць за сняданкам, што часцей за ўсё і было, але мог і ў дзённы час як адпачынак ад сваіх вялікіх духоўных і свецкіх спраў, спраў навукі. Тады, седзячы ў гасцёўні альбо ва ўласным кабінеце, за філіжанкай кавы доктар тэалогіі мог насалоджвацца якасным тытуням. У такім выпадку на століку з’яўлялася попельніца, бурштынавы муштук, люлька: парцалянавая альбо ў срэбнай аправе.

Кавярня ў XIX стагоддзі. Час, калі кава і тытунь сталі сябрамі

Кавярня ў XIX стагоддзі. Час, калі кава і тытунь сталі сябрамі

Таксама за кавай плябан мог аддацца асалодзе чытання: ва ўласнай бібліятэцы ксяндза Супіньскага было 415 асобнікаў кніг, сярод іх — «Compendium ferculorum, albo zebranie potraw» — першая польская кулінарная кніга аўтарства кухмістра С. Чарнецкага.
P.S. З тых часоў, як плябан Супіньскі насалоджваўся кавай, мінула амаль два стагоддзі. Сёння ні ад касцёла ў Ляхавічах, ні ад плябаніі не засталося нічога. Пацярпела за гэты час і агульная традыцыя ўжывання кавы. Але, дзеля справядлівасці, яна пакрысе адраджаецца ў гарадах колішняга Вялікага Княства. Кавярня з якасным духмяным напоем розных гатункаў перастае быць рэдкасцю, яна становіцца дадзенасцю. А гэта важна! Кава досыць позна прыйшла ў Рэч Паспалітую, але адносна хутка стала любімым шляхецкім напоем, а з часам — палюбілася ва ўсіх станах, пра яе напісана шмат, яе пілі ў палацах, маёнтках, гарадскіх камяніцах і кавярнях, якія ў XVIII стагоддзі раслі па градах і мястэчках як грыбы. Дый і кола аматараў кавы досыць прадстаўнічае — Тадэвуш Касцюшка і Адам Міцкевіч чаго вартыя! Без перабольшванне будзе сказаць: кава стала сапраўдным нацыянальным напоем, сімвалам, культурным кодам і маркерам цывілізацыі. Калі каву пілі не толькі пры манаршым двары ці ў сталічных салонах, то і ўзровень культуры тут быў адпаведны.