Памятаеце фермера Юрыя Ганцэвіча, якога прапаганда «пасадзіла» за наркотыкі? Ён на волі, а ТБ схлусіла

Гомельскі фермер, якога дзяржаўнае ТБ памылкова «пасадзіла» на 15 гадоў за наркотыкі, на свабодзе. Аказалася, ніякага суда над ім не было, піша «Еўрарадыё».

1gancevich.jpg

У пачатку траўня на Гомельскім тэлебачанні выйшаў сюжэт, з якога можна было зрабіць выснову, што фермер Юрый Ганцэвіч, былы ўдзельнік выбараў і сябар Сяргея Ціханоўскага, прысуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі за незаконны абарот наркотыкаў. У эфіры яго нават паказалі ў «акварыуме» ў зале судовага пасяджэння. Аказалася, што ніякага суда за наркотыкі над ім не было.

У роліку рэгіянальнага тэлеканала 7 траўня паказалі эпізод судовага працэсу над чалавекам, якога асудзілі на 15 гадоў за збыт наркотыкаў. Імя фігуранта не называлася, але ў кадр трапіў Юрый Ганцэвіч, які знаходзіўся ў зале суда ў «акварыуме» для абвінавачаных.

Высветлілася, што відэа было змантаванае. Ніякага працэсу за збыт наркотыкаў над Юрыем не было. Па словах Ганцавіча, у 2020 годзе яго аштрафавалі нібыта за крадзеж з крамы будматэрыялаў. Нядаўняе відэа з сюжэту дзяржтэлебачання аб прысудзе за наркотыкі было знята падчас таго самага суда двухгадовай даўніны.

Гісторыю з ролікам фермер называе «аперацыяй спецслужбаў», закліканай нанесці ўдар па яго рэпутацыі.

— Абылгалі мяне. Я напісаў на ўсіх заявы, у тым ліку на Гомельскае тэлебачанне, — распавёў Ганцэвіч. — Цяпер збіраю ўсе адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і буду рабіць рэпартаж пра тое, што закон працуе толькі для мянтоў і чыноўнікаў, а не для простых людзей, якіх можна абразіць і сапсаваць ім рэпутацыю, абгаварыць.

Юрый Ганцэвіч — фермер і ўладальнік аграсядзібы пад Гомелем. Ён вылучаўся ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2019 года і пазіцыянаваў сябе як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага, завёў блог, на сваіх пікетах ладзіў шоў з козамі. Вясной 2020 года Ганцавічаў абвясціў, што балатуецца ў прэзідэнты, але подпісы не збіраў.