Імкнучыся «разбамбіць Валожын», улады нанеслі ўдар па Драздах
«Бамбіць Варонеж». Адкуль пайшоў гэты выраз і што ён азначае? Пайшло гэта з анекдота, калі расійскія чыноўнікі ў адказ на заходнія санкцыі прапаноўвалі каго-небудзь разбамбіць.
Аказалася, што скідаць бомбы на Рым, Берлін, Лондан ці Вашынгтон нельга: ва ўсіх там альбо дзеці навучаюцца, альбо сваякі жывуць, альбо бізнес. І тады ўзнікла ідэя «бамбіць Варонеж», паколькі там у расійскіх чыноўнікаў ніякіх інтарэсаў няма. А азначае гэты выраз — "адказваць на знешнія выклікі так, каб нанесці шкоду ўласнаму народу".
Вось і Уладзімір Макей, калі казаў пра заходнія санкцыі, заявіў: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі». То-бок, практычна адкрытым тэкстам заявіў: у адказ на заходнія санкцыі ўлады будуць узмацняць рэпрэсіі і тэрарызаваць уласны народ.
Такім чынам, Макей збіраецца «бамбіць Валожын» і распісваецца ва ўласнай прафнепрыдатнасці — бяссіллі ўрэгуляваць канфлікт дыпламатычным спосабам.
Ці варта Макею нагадваць, што санкцыі ўзніклі не проста так, а ў адказ на бязмежжа сілавікоў, неймаверны ціск на незалежную прэсу, польскую меншасць, поўнае зневажанне правоў чалавека і больш чым 350 палітвязняў у Беларусі? Думаю, не. Ён чалавек недурны, што пацвярджаецца яго папярэдняй дыпламатычнай кар’ерай, і сам усё разумее. Але ён не зразумеў — як, увогуле, і ўся ўлада, — толькі аднаго. Таго, што «бамбіць Валожын» ужо не мае сэнсу.
Яшчэ адзін анекдот — з часоў СССР. Калі ў Палітбюро абмяркоўвалі, чаму ў краіне не хапае мяса, адзін з чыноўнікаў сказаў: «Мы ідзём да камунізму сямімільнымі крокамі. Худоба за намі не паспявае». Макей зноў не паспеў за развіццём грамадства ў Беларусі. Бо ён усё яшчэ ўспрымае «грамадзянскую супольнасць» як «трэці сектар» — няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі па інтарэсах.
Гэтую сетку яшчэ можна разбамбіць. Можна арыштаваць Таццяну Гацура-Яворскую — кіраўніка ініцыятывы «Звяно», можна дапытваць чальцоў незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», можна пазачыняць культурныя прасторы і хабы, можна не даваць гастрольныя пасведчанні на канцэртную дзейнасць. Можна паспрабаваць звесці жыццё ў Беларусі выключна да суботнікаў і «Славянскага базара». Гэта сапраўды будзе ўдар па «трэцім сектары» — але ўжо не па грамадзянскай супольнасці.
Грамадзянская супольнасць цяпер іншая. Грамадзянская супольнасць — гэта дваровыя чаты і ТГ-каналы, узаемадапамога, раённыя маршы і вулічныя канцэрты. Гэта «партызаншчына» — упрыгожванне сваіх раёнаў стужкамі, налепкамі, сцягамі і плакатамі. Гэта «самвыдат», лекцыі ў ZOOM і творчыя каналы ў YouTube. Гэта стварэнне сваёй, непадкантрольнай уладзе прасторы, гэта «Плошча Перамен», «Плошча Марыі Калеснікавай», Каскад і Новая Баравая, дваровыя чаяванні і супольныя святы. І, вядома ж, салідарнасць.
Адзін з прыкладаў «бамбёжкі Валожына» ўжо ў наяўнасці. Улады Беларусі прынялі ў першым чытанні папраўкі да Працоўнага кодэкса, дзе прапісваецца права наймальніка звальняць работнікаў за адміністрацыйныя арышты і заклікі да страйкаў. У адказ на гэта Міжнародная арганізацыя працы (МАП) пачала працэдуру «неадкладнага ўмяшання», якая запускаецца ў надзвычайных абставінах для экстранай рэакцыі на сітуацыю з правамі працоўных.
Здавалася б, што ўладам МАП і іншыя прафсаюзы? Але справа ў тым, што МАП — гэта не прафсаюз, як памылкова прынята лічыць. МАП — гэта спецыялізаваная ўстанова ААН, якая займаецца пытаннямі рэгулявання працоўных адносін.
Цяпер Святлана Ціханоўская праз дзяржавы — непастаянныя чальцы Савета Бяспекі ААН ініцыюе чарговыя слуханні па Беларусі ў тым самым Савеце Бяспекі ААН. Калі да яе далучыцца структура самога ААН — МАП, гэтыя слуханні могуць мець непрыемныя наступствы для беларускай улады. Такім чынам, імкнучыся «разбамбіць Валожын», улады нанеслі ўдар па Драздах.
Улады Беларусі спынілі вяшчанне тэлеканала «Euronews» нібыта «з-за заканчэння тэрміну дзеяння раней выдадзенага дазволу на распаўсюд на тэрыторыі Беларусі». А таксама, зноў па новых правілах, заблакавалі сайт naviny.online — «люстэрка» заблакаванай у жніўні 2020 года інтэрнэт-газеты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН «Беларускія навіны». Можа, у кабінетах Мінінфармацыі думаюць, што гэта застанецца без увагі міжнароднай журналісцкай супольнасці?
Зрэшты, і тут не ў міжнароднай рэакцыі справа. Знішчаючы незалежную прэсу, кіруючыя структуры застаюцца сам-насам з уласнай прапагандай, якая не дае рэальнай карціны свету, а значыць, звужае магчымасць прыняцця адэкватных рашэнняў. У гэтым выпадку «бамбёжка Валожына» зноў прыводзіць да страт улады — не толькі іміджавых, на імідж там даўно наплявалі. Але і да рэальнай немагчымасці прыняцця адэкватных рашэнняў. А значыць, нам зноў варта чакаць крокаў кшталту каманды: «Інфляцыя, стой, раз-два!»
І напрыканцы — парадаксальная, але паказальная навіна са свету спорту. Брэсцкая футбольная каманда «Рух» правяла тры нічыйныя матчы запар. Каб пераламаць сітуацыю, гульцоў адправілі... у адзін з калгасаў Пінскага раёна, прыбіраць камяні з поля. У наступным матчы «Рух» абыграў «Іслач» — 1:0.
Цікава, ці адчулі футбалісты «Руха» сябе ў Паўночнай Карэі? Калі не, варта звазіць іх на збор камянёў яшчэ пару разоў. А вось ці задумаўся хто-небудзь з прафесіяналаў нагамяча, што такі выезд — гэта прамое следства іх маўчання ў жніўні 2020-га і выказванняў, што іх справа — не палітыка, а футбол?
Калі нехта яшчэ кажа: «Я ў палітыку не лезу», — паглядзіце на брэсцкі футбольны клуб. Неўзабаве збіраць камяні на палях Беларусі давядзецца і ім. І гэта не фігуральна.