Тэрарызм як дзяржаўная палітыка

Восенню спаўняецца 100 гадоў з дня ажыццяўлення Кастрычніцкага перавароту ў Расійскай імперыі. Пануючая ў беларускім афіцыёзе версія гісторыі кастрычніка 1917-га мае шмат недакладнасцяў, замоўчванняў і проста ілжывых ацэнак. Раней у савецкіх СМІ іх называлі «белымі плямамі гісторыі». На мой погляд, гэта чорныя плямы.

843462_original.jpg


Як пачыналася савецкая ўлада

У Беларусь савецкая ўлада прыйшла пазней за кастрычнік 1917 года, прычынай таму была Першая сусветная вайна. Праз нашу тэрыторыю праходзіў Заходні фронт, на якім ваявалі каля 1,5 мільёна салдат і афіцэраў. Акрамя салдат у прыфрантавых гарадах і мястэчках Беларусі сканцэнтраваліся ўцекачы з заходніх паветаў, пачалася эпідэмія тыфу і халеры. Каб неяк вырашыць гэтыя праблемы, уцекачоў сталі прымусова накіроўваць углыб Расіі — «за Днепр». Значная частка Беларусі згубіла сваё карэннае насельніцтва.

У кастрычніку 1917 года палітычным і адміністрацыйным цэнтрам Беларусі лічыўся Смаленск. Менавіта з гэтым горадам звязаныя першыя ўражанні беларусаў аб «чырвоным тэроры», з якога пачалося ўсталяванне савецкай улады.

«Чырвоны тэрор» — гэта не пісьменніцкая прыдумка, так у афіцыйным друку называліся першыя мерапрыемствы па ўсталяванні ўлады Саветаў. Гэтыя мерапрыемствы мелі тры асноўныя накірункі — фізічнае вынішчэнне тых, хто аказвае сілавы супраціў савецкай уладзе (дазвалялася расстрэльваць людзей, як напісана ў афіцыйных дакументах, «на месцы»), узяцце закладнікаў, змяшчэнне ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Колькі людзей у Беларусі загінула ў выніку сілавога супраціву ўсталяванню савецкай улады — пытанне, якое не мае адказу дасюль. Дакладных крыніц, якія б утрымлівалі гэтую інфармацыю, пакуль не знойдзена. Існуюць лічбы па Украіне і некаторых частках Расіі, сабраныя Асобнай Камісіяй па расследаванні злачынстваў бальшавікоў, якая знаходзілася пры галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі на поўдні Расіі (так афіцыйна называлася камісія) генерале Калчаку.

d04bd1f64cdaf4f2820cc2ccd88ff600.jpg

Закладнікі

Адной з найбольш балючых для звычайнага насельніцтва формаў «чырвонага тэрору» ў Беларусі было ўзяцце закладнікаў і іх расстрэлы. Закладнікі былі, калі можна так сказаць, афіцыйныя і неафіцыйныя. Першыя фіксаваліся ў тагачасным справаводстве карных органаў і спецслужбаў, другія — не праходзілі ніякай рэгістрацыі, прозвішчы іх засталіся невядомыя. Частка з іх была адпушчаная, частка загінула — часам, без пахавання і бясследна.

17 снежня 1918 года быў распаўсюджаны цыркулярны ліст ВЧК (устойлівыя абрэвіятуры ў тэксце дадзеныя так, як іх успрымалі жыхары тагачаснай Беларусі), загад №208 за подпісам Фелікса Дзяржынскага, дзе гаворка ішла пра новае для людзей паняцце — закладнікаў. Згодна дакументу, закладнікамі з’яўляліся прадстаўнікі мірнага насельніцтва, якія павінны былі адказваць (да расстрэлу) за ўзброены супраціў усталяванню Савецкай улады.

У дакуменце тлумачылася: «Ёсць тры пытанні, у якіх чэкісты часам грэшныя, і якія таму неабходна ўдакладніць. Гэта закладнікі, спецыялісты і арыштаваныя наогул. Што такое закладнік? Гэта — палонны член той грамады ці той арганізацыі, якая з намі змагаецца, прычым такі член, які мае нейкую каштоўнасць, якім гэты праціўнік даражыць і які можа служыць залогам таго, што праціўнік дзеля яго не загубіць, не расстраляе нашага палоннага таварыша. З гэтага вы зразумееце, што ў закладнікі варта браць толькі тых людзей, якія маюць вагу ў вачах контррэвалюцыянераў. За якога-небудзь вясковага настаўніка, лесніка, млынара або дробнага крамніка, ды яшчэ габрэя, праціўнік не заступіцца і нічога не дасць. Яны што шануюць? Высокапастаўленых саноўных асобаў, буйных памешчыкаў, фабрыкантаў, выбітных работнікаў, навукоўцаў, шляхетных сваякоў тых,  хто быў пры ўладзе, і таму падобных. З гэтага асяроддзя і варта абіраць закладнікаў».

Паколькі «каштоўнасць закладніка» (так у тэксце цыркуляра) на месцы бывае цяжка ўстанавіць, рэкамендавалася кансультавацца з Масквой, скласці папярэдні спіс закладнікаў і таксама накіраваць яго ў ВЧК.

Цыркуляр быў напісаны з улікам расійскай сітуацыі часоў грамадзянскай вайны. На тэрыторыі Беларусі хутка настала іншая сітуацыя. У лютым 1919 года пачалася польска-савецкая вайна, і беларускае насельніцтва сталі выкарыстоўваць у якасці закладнікаў для вызвалення вайскоўцаў Чырвонай арміі, якія трапілі ў палон да арміі Пілсудскага.

Пра тое, як дзейнічалі чэкісты па знаходжанні і ўтрыманні афіцыйных закладнікаў на тэрыторыі Беларусі падчас польска-савецкай вайны, можна меркаваць па пратаколах Калегіі ЧК Бел. (так скарочана называлася беларускае падраздзяленне ВЧК) за красавік — чэрвень 1919 года, якія захоўваюцца ў архіве КДБ у Мінску. Пратакол № 4 ад 11 мая 1919 года:

«Слухалі: 1. Узяцце закладнікаў. Абмеркаваўшы ўсебакова пытанне аб меркаваным абмене закладнікамі, пастанавілі: арыштаваць у тэрміновым парадку закладнікамі больш вядомых польскіх грамадзян». Пратакол №8 ад 18 мая: «Па прапанове тав. Багуцкага, якім чынам можна знайсці важных закладнікаў, калегія пастанавіла: прапанаваць тт. Сянюта і Піхоляк у тэрміновым парадку сабраць у старых кнігах былога самакіравання, якія знахо­дзяцца дзе-небудзь у архівах, звесткі пра асобаў, якія займаюць высокае становішча ў колах контррэвалюцыянераў згодна сваёй рухомай маёмасці». У закладніках былі і «5–6 равінаў».

Трэба адзначыць, што афіцыйныя пратаколы ЧК Беларусі не ўтрымлівалі звестак пра тое, як на самай справе адбывалася ўзяцце закладнікаў. Звычайна абіраліся заможныя хаты, жыхары якіх рабіліся закладнікамі, ці затрымліваліся добра апранутыя людзі на вуліцы, ці паводле паклёпу, ці з асабістай помсты з боку чэкістаў. «Каштоўнымі» з’яўляліся заможныя асобы польскай нацыянальнасці. Нацыянальнасць выяўлялася па рэлігійнай прыналежнасці — калі чалавек хадзіў да касцёлу, яго запісвалі ў палякі.

Шукаць і чытаць кніжкі часу не было. Улік расстраляных неафіцыйных закладнікаў ніхто не рабіў, прозвішчы забітых людзей не занатоўваліся. Пазней у партыйных установах Беларусі на закрытых пасяджэннях разглядалася дзейнасць чэкістаў па такіх расстрэлах, яна была асуджаная.

Калі дакладныя спісы затрыманых закладнікаў накіроўваліся ў Маскву, найбольш «каштоўныя», на думку чэкістаў, закладнікі — у Смаленск.

balszavizm.jpg

Багата каштоўных

На 23 ліпеня 1919 года ў Смаленскіх турмах змяшчалася ўжо больш за 100 закладнікаў з Беларусі. Мясцовыя турмы былі перапоўненыя, новых закладнікаў няма куды было змяшчаць. Каб вырашыць пытанне, што надалей рабіць, была створаная спецыяльная Міжведамасная  камісія, якая складалася з трох прадстаўнікоў органаў савецкай улады — губернскага аддзела юстыцыі Ільіна, сакрэтнага аддзелу губернскай ЧК Якімава і губернскага Рэўтрыбунала нам. загадчыка карным пададдзела Гемпфлера. Камісія павінна была «вызначыць, хто са знаходзячыхся ў месцах зняволення гор. Смаленска закладнікаў адпавядае гэтаму прызначэнню, хто з іх безумоўна павінен заставацца ў зняволенні і каму мера стрымання можа быць змененая».

Члены Камісіі разгледзелі «вельмі малазмястоўныя дакументальныя звесткі аб зняволеных», апыталі саміх зняволеных. У выніку вырашана было пакінуць пад вартай 55 чалавек. Аднаго (Шытко С.Ф.) адправіць у канцлагер Мінска, чатырох — у ЧК Бел. у Мінск, двух — у Барысаў пад асабістую адказнасць Камітэта Барысаўскай арганізацыі Камуністычнай партыі, вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе былі 34 чалавекі, адпушчаныя дадому — 16. Пад вартай была пакінутая і Ідалія Антонаўна Доўнар-Запольская — як магчымая жонка вядомага навукоўца Мітрафана Доўнар-Запольскага, якому ў маі 1919 года прапанавалі пасаду міністра фінансаў ва ўрадзе БНР — «да высвятлення пра мужа».

«Тавар для абмену»

7 ліпеня 1919 года для ўдакладнення «колькасці і палажэння польскіх закладнікаў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення», у Смаленск з Масквы прыбыў прадстаўнік наркамата па справах нацыянальнасцяў Вайцяхоўскі Ю.А. з адпаведным мандатам. Дэталёва абследаваўшы становішча закладнікаў, ён не пагадзіўся з рашэннем камісіі, і ў сваёй дакладной запісцы даў характарыстыку закладнікам і іх утрыманню. Ён напісаў наступнае.

Жанчыны і мужчыны — закладнікі ўтрымліваліся ў розных турмах. Да закладнікаў адносіліся асобы польскай нацыянальнасці, у асноўным дваране, з вышэйшай адукацыяй, вядомыя ў Беларусі і Польшчы. «Асабліва каштоўнымі» лічыліся закладнікі «з сувязямі ў Польшчы» — сваякамі, знаёмымі, сябрамі. «Не варта выпускаць з уліку, што закладнік — гэта тавар для абмену, таму ён павінен быць добрай якасці», — адзначаў Ю. Вайцяхоўскі. Аднак утрыманне закладнікаў у Смаленску ніяк не спрыяла падняццю іх «якасці».

Вайцяхоўскі зазначыў, што ў закладнікі людзі траплялі не з улікам асабістай каштоўнасці, а з помсты, асабістых сварак. Шмат было старых, хворых. У якасці прыкладу ён зазначыў, што ў закладнікі трапіў В. Л. Іваноўскі, вядомы хімік, адзін з лепшых спецыялістаў у Расіі па сушцы пладоў і гародніны, перакананы беларус.

Мужчыны на ўтрыманне ў турме «не жаліліся», яны працавалі на агародах і ім дазвалялі штодня атрымліваць перадачы з волі. Жанчыны ўтрымліваліся ў горшых умовах — перадачы ім дазвалялася атрымліваць толькі 2 разы на тыдзень, і малако (асноўны прадукт перадачы) псавалася, таму яго перадавалі мала. Пад вокнамі турмы знаходзілася адкрытая яма, куды кожную ноч вылівалі адкіды і фекаліі. Камеры перапоўненыя, медычная дапамога адсутнічала. Меліся выпадкі захворвання тыфам. Пасля таго, як месца пасля хворага вызвалялася, новага закладніка клалі на матрац без усялякай дэзінфекцыі. Бялізна, падушкі адсутнічалі.

image_content_6155772_20170226165126.jpg

* * *

Сёння без закладнікаў не абыходзіцца ні адзін фільм пра тэрарыстаў ці проста бандытаў. Гэтая з’ява асуджаная чалавецтвам як найгоршае злачынства. Але і сёння браць людзей у закладнікі вельмі папулярная фішка ўладаў, толькі форма змянілася…