Амаль 900 подпісаў за адкрыццё архіваў і рэабілітацыю рэпрэсаваных
Петыцыя, якая з’явілася ў інтэрнэце 23 жніўня, сабрала амаль 900 подпісаў з патрабаваннем адкрыць архівы, звязаныя са сталінскімі рэпрэсіямі.
Збор подпісаў ініцыяваў аргкамітэт форуму «Бальшавіцкі тэрор. Права на ўстанаўленне ісціны» на сайце "Зручны горад" (petitions.by).
Аўтары петыцыі высунулі наступныя патрабаванні:
- Зняць грыфы сакрэтнасці з усіх змешчаных на захоўванне ў Беларусі дакументаў за 1917-1953 гады.
- Перадаць з ведамасных у адкрытыя дзяржаўныя архівы ўсе архіўна-следчыя справы на рэпрэсаваных у 1920-1970-я гады. Забяспечыць свабодны доступ да ўсіх дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні больш за 75 гадоў, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам не могуць падпадаць пад абмежаванне як таямніца асабістага жыцця.
- Забяспечыць свабодны доступ (у тым ліку і праз інтэрнэт) да базы дадзеных «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі», якая знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, бо наяўная ў ёй інфармацыя не падпадае ні пад якія законныя абмежаванні.
- Усталяваць і назваць усе існуючыя ў Беларусі месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр рэпрэсіяў
- Пазначыць гэтыя месцы, усталяваць вакол іх адпаведныя ахоўныя зоны, назваць імёны пахаваных там ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і прыняць усе меры па ўвекавечанні іх памяці.
- Правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю сотняў тысяч грамадзянаў: раскулачаных, ваеннапалонных, замежных грамадзянаў і г.д. Пры адсутнасці інфармацыі пра месцы адбыцця пакарання, а таксама высланых у адміністрацыйным парадку ў розныя рэгіёны СССР, звярнуцца на дзяржаўным узроўні да кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі і Казахстана з просьбай, каб кампетэнтнымі органамі быў праведзены пошук і складзеныя пайменныя спісы ўсіх рэпрэсаваных грамадзянаў БССР. Пры адсутнасці ў Беларусі звестак пра месцы расстрэлаў і пахаванняў, уключаючы Курапаты, на дзяржаўным узроўні звярнуцца да кіраўніцтва РФ, каб адпаведны пошук быў праведзены ў архівах ФСБ і МУС РФ.
- Прызнаць адмаўленне сталінскіх рэпрэсіяў, іх апраўданне і прапаганду сталінізму, у залежнасці ад цяжару, адмiнiстрацыйным цi крымінальным злачынствам, для чаго ўнесці адпаведныя змены ў адпаведныя Кодэксы.