Дзень чорнай стужкі

Ці можна ставіць знак роўнасці паміж камунізмам і фашызмам?

photo_verybig_23489.jpg

Амаль незаўважна прайшло 23 жніўня — Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Дзень, у які быў падпісаны славуты пакт Молатава — Рыбентропа, шмат для каго застаецца спрэчным.

Для мяне асаблівай розніцы паміж дзвюма рэжымамі не назіраецца. Так, Нацысцкая Германія ідэалагічна сцвярджала «вяршэнства арыйскай расы» над іншымі народамі. Тое, што зараз мы называем распальваннем нацыянальнай варожасці. Але ці быў лепшы за Германію сталінскі рэжым?

Наўрад ці. Што было ў СССР? Гегемонія працоўнага класу? Масавыя «чысткі» па прыкмеце сацыяльнага паходжання і паводле маёмаснага становішча? Першымі пад удар рэпрэсіяў траплялі заможныя людзі — так званыя «кулакі» і іншыя. То бок, гэта было распальваннем варожасці па сацыяльнай прыкмеце.

І першае, і другое зараз забаронена беларускім заканадаўствам, ідзе ў адной звязцы, у адным артыкуле Крымінальнага кодэксу. Зараз, у наш век пануючай талерантнасці, шчыра сказаць, не бачна розніцы паміж варожасцю па нацыянальнай альбо сацыяльнай прыкмеце, па рэлігійнай ці якой іншай варожасці. І тое, і тое — аднолькава варожасць. Таму з гэтага пункту гледжання савецкі і нацысцкі рэжымы не адрозніваліся.

І там, і там панавала катэгарычнае неўспрыманне альтэрнатыўнай думкі. Калі ты не падзяляў «лінію партыі» (усё роўна, КПСС гэта альбо НСДАП), то шлях цябе чакаў адзін — у лагер. Найбольш таленавітыя дысідэнты траплялі ў савецкія «шарашкі» альбо ў нацысцкія лагеры кшталту «Доры» пад Пенемюндэ, дзе ствараліся ракеты «Фау». Менш запатрабаваным шлях быў адзін — звычайныя баракі і смерць.

Не трэба думаць, што нацысцкія і савецкія лагеры прынцыпова адрозніваліся. Гэта было нават, як бы зараз сказалі, «узаемапранікненне» дзвюх жудасных культураў. Нацысты спакойна выкарыстоўвалі тую «інфраструктуру» і тыя аб’екты, якія ім на савецкай тэрыторыі пакінуў НКУС. Тое ж самае адбывалася і падчас наступу савецкага войска ў Еўропе: «асобыя аддзелы» змяшчаліся ва ўжо пабудаваных нацыстамі лагерах. Не змянялася нічога, апроч кантынгенту.

1151061_154318224772610_879403499_n.jpg

А ці не ўсё роўна, у якім лагеры цябе заб’юць — у савецкім альбо ў нацысцкім?

Некаму ўсё ж шанцавала. Мы ведаем, што з Германіі збегла шмат інтэлігенцыі, але і з СССР не менш. Прычым, беглі на працягу ўсёй гісторыі «прасунутай дзяржавы рабочых і сялян». У каго была такая магчымасць, зразумела.

Не буду казаць пра аднапартыйную сістэму, фактычную забарону прафсаюзаў, на месца якіх прыходзіла «прыкормленая» і цэнтралізаваная арганізацыя, татальны кантроль за ўсімі сферамі жыцця грамадства. Зразумела ж, ніякай свабоды СМІ і свабоды думкі.

Абодва рэжымы былі скіраваныя на экспансіянісцкі захоп суседніх тэрыторый. Па духу яны былі імперыямі, і без гэтага проста не маглі развівацца. Калі з Трэцім рэйхам усё зразумела, то тут мне могуць запярэчыць: ці вёў СССР захопніцкія войны?

Я думаю, што латышы, літоўцы і фіны на гэтае пытанне адкажуць станоўча. Тым больш, што канцэпцый «рэвалюцыйнага пажару», які павінен ахапіць увесь свет, па вялікім рахунку, ніхто не выракаўся.

fashyzm29140801.jpg


Дарэчы, звыклае сёння вызначэнне пра «экспарт дэмакратыі» — усяго толькі пераробленая савецкая канцэпцыя «экспарту рэвалюцыі». А з гэтым экспартам (у адрозненне ад іншага) у СССР заўсёды было ўсё добра.

У чым жа розніца паміж савецкім і нацысцкім рэжымамі? Толькі ў тым, што адзін, у Германіі, вынішчаў чужыя народы, а іншы, савецкі, займаўся вынішчэннем народаў сваіх — чачэнцы, паволжскія немцы, крымскія татары… Выбачайце, зараз такая розніца падаецца прынцыпова не істотнай.

На вялікі жаль, цяпер адбываецца тое ж, што адбывалася заўсёды. Гэта замоўчванне ці прыніжэнне ўзроўню сталінскіх рэпрэсіяў не толькі ў Беларусі, але і наогул. Прычым, пры гэтым часцяком падмяняюць паняцці, калі расповеды пра сталінскія (і ўвогуле савецкія, бо пачаліся яны яшчэ з ленінскіх цыдулак «сабраць кулакоў і расстраляць») рэпрэсіі спыняюцца пад выглядам «ачарнення гісторыі і прыніжэння ролі савецкага народу ў Другой сусветнай вайне».

Тое, што два гэтыя рэжымы сышліся ў крывавай і жорсткай бойцы Другой сусветнай — хутчэй, заканамернасць, чым выпадак. Супрацьлегласці прыцягваюцца, а для фактычна тоесных рэжымаў — у жывых павінен быў застацца толькі адзін. І адзін застаўся, выйграўшы гэтую вайну.

Але ідэалогія СССР і нацыянал-сацыялізму, іх метады дзеяння і існавання не маюць ніякага дачынення да Другой сусветнай вайны. А таму памяць пра рэпрэсіі і жудаснае мінулае ніяк не можа прыніжаць увогуле чыёйсьці ролі ў той вайне.

І таму цалкам слушна, што еўрапейцы абвясцілі дзень падпісання пакту Молатава — Рыбентропа «днём чорнай стужкі» ды днём памяці ахвяраў абодвух рэжымаў. Бо па сутнасці нічым яны не адрозніваліся. Хіба што адзін з іх меў большыя людскія рэсурсы, таму і перамог за кошт аграмаднай колькасці загінулых у той вайне…