«Цяперашняя ўлада — саўдзельніца злачынстваў, бо ўтойвае праўду»
Дзесяць цытатаў з форуму пра бальшавіцкі тэрор.
Сёння адзначаецца Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Менавіта 23 жніўня 1939 года быў падпісаны пакт Молатава — Рыбентропа аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР і сакрэтныя пратаколы, што падзялілі Еўропу на сферу ўплыву двух таталітарных рэжымаў.
У Мінску да гэтага дня быў прымеркаваны форум «Бальшавіцкі тэрор. Права на высвятленне ісціны», у якім узялі ўдзел навукоўцы, даследчыкі, лідары палітычных партый і рухаў, нашчадкі рэпрэсаваных, грамадскія актывісты.
«Нацызм і камунізм з'яўляюцца братамі-блізнятамі»
Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук, даследчык тэмы рэпрэсій, перакананы, што самыя жорсткія злачынствы ХХ стагоддзя ўчынілі два таталітарныя рэжымы: савецкі і нацысцкі:
«Нацызм і камунізм з'яўляюцца братамі-блізнятамі, яны не маглі існаваць адзін без аднаго. Нездарма Сталін дапамагаў Трэцяму рэйху аднаўляць узброеныя сілы. І Гударыян, і іншыя нацысты навучаліся ў СССР. Сталін фактычна рыхтаваў Другую ўсясветную вайну. І хоць Нямеччына і першай напала, Савецкі Саюз стварыў спрыяльныя ўмовы, каб яна гэта зрабіла. Абедзве таталітарныя дзяржавы вінаватыя ў развязванні Другой усясветнай вайны, абедзве дзяржавы ўчынілі злачынствы, якія не падлягаюць тэрміну даўнасці — ваенныя злачынствы супраць чалавецтва.
Калі параўноўваць страты савецкага народу ад сталінскага рэжыму і страты Нямеччыны ад нацысцкага рэжыму, то параўнанне будзе не на карысьць нацызму. У Нямеччыне нацысцкі рэжым рэпрэсаваў каля 1% насельніцтва. У Савецкім Саюзе, у залежнасьці ад рэгіёну, — ад 15 да 30%.
Дзень падпісання пакту Молатава — Рыбентропа — гэта дзень, калі два таталітарныя рэжымы сталі плячо ў плячо. Тады яны знялі свае публічныя маскі — і антыфашвсцкую, і антыкамуністычную, паказалі ўсяму свету, што яны адзіныя ў свай мэце — нянавісці да асноўнага нетаталітарнага свету. З жніўня 1939 году па чэрвень 1941-га Еўропа пакаштавала ўсе жахі вайны: і бамбаванніі, і анэксію тэрыторый, і масавую гібель мірнага насельніцтва. Таму 23 жніўня — гэта сапраўды знакавая, трагічная дата ў гісторыі не толькі Еўропы, але і ўсяго свету».
Архівы закрытыя. Рэпрэсаваных не рэабілітавалі
Дырэктарка Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская лічыць, што тэма сталінскіх рэпрэсій знаходзіцца зараз у цэнтры ўвагі свядомай грамадскасці:
«Але што зрабіла для гэтага дзяржава? Архівы закрытыя. Рэпрэсаваныя паводле палітычных матываў не рэабілітаваныя, спісы гэтых людзей невядомыя, падручнікі перапісаныя — то бок дзяржава не хоча займацца вось гэтай нашай страшнай неаформленай спадчынай.
Месцы масавых расстрэлаў — гэта наша памяць, гэта наша сумленне. Што зрабіла дзяржава для мэмарыялізацыі, захавання гэтых месцаў? Нядаўна мы зноў назіралі драматычную барацьбу за ахоўную зону вакол Курапатаў; моладзь, якая разбіла намёты каля ўрочышча і не дала разгарнуцца будаўнічай тэхніцы. Многіх асудзілі за гэта, прызначылі вялікія штрафы. Гэтым разам улада вымушаная была адступіць. Але што будзе далей?»
120 «курапатаў» па ўсёй Беларусі
Даследчык Ігар Кузняцоў выказаў думку, што на сённяшні дзень устаноўка дзяржавы такая: пагадзіцца, што ў Беларусі ёсць адно месца масавых расстрэлаў — Курапаты:
«Але насамрэч на тэрыторыі Беларусі выяўлена каля 120 месцаў пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (толькі ў Менску такіх месцаў 11).
Усяго ў Беларусі было рэпрэсавана 1 мільён 400 тысяч — 1 мільён 600 тысяч беларусаў. І лічба будзе расці, таму што афіцыйная ўлада лічыць рэпрэсіямі расстрэлы, пазбаўленьне волі, выпраўленчыя працоўныя лагеры і высылку ў адміністрацыйным парадку, якая зарэгістравана дакументальна (хоць дакументальна зафіксавана не больш за 20% тых, хто рэальна быў высланы).
Яшчэ адзін з найважнейшых урокаў, які мы павінны засвоіць з таго часу: з рэпрэсіямі трэба змагацца да таго, як яны набываюць масавы характар. І сучасныя падзеі ў Беларусі пацвярджаюць гэта».
Адкрыць доступ да архіваў!
8 лютага 2005 году на 61-й сесіі камісіі ў правах чалавека ААН быў прыняты абноўлены звод прынцыпаў абароны і заахвочваньня правоў чалавека, каб не было беспакаранасці. У ім шэсць пунктаў:
неад’емнае права на высвятленьне ісціны; абавязак захавання памяці; права пацярпелых на інфармацыю; гарантыя эфектыўнага забеспячэння права на інфармацыю; захады ў захаванні архіваў; захады аблягчэння доступу ў архівы.
У Беларусі таксама ёсць заканадаўства, але як яно выконваецца? Даследчык-архівіст Зміцер Дрозд кажа:
«У нас ёсць Канстытуцыя, артыкул 34 гарантуе права на атрыманне інфармацыі. Ёсць Закон аб архіўнай справе і справаводстве. Артыкул 29: «Доступ да архіўных дакументаў абмяжоўваецца, калі ёсць падстава лічыць, што гэта пацягне за сабой выдаванне дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай і іншай тайны, парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. Абмежаванне доступу да архіўных дакументаў, у якіх змяшчаюцца звесткі, што адносяцца да асабістай таямніцы, вызначаецца на тэрмін 75 гадоў».
Гэта значыць, няма ніякіх падставаў, каб абмежаваць доступ да несакрэтных дакументаў. Сёлета мы будзем адзначаць ужо 80-годдзе «вялікага тэрору». Усе падзеі 1937-1938 гадоў, і нават 1941 года, ужо не падпадаюць ні пад якія абмежаванні. На падставе гэтага і пабудаваная наша рэзалюцыя: адкрыць доступ да архіваў.
У архіў КДБ тэарэтычна можна трапіць, але толькі пры ўмове, калі дакажаш, што ты цікавішся сваім сваяком, падасі процьму дакументаў, што вызначаюць ступень сваяцтва.
Таксама ёсць база звестак рэпрэсаваных, якая налічвае 180 тысяч канкрэтных людзей з прозвішчамі, артыкуламі. База захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Там няма ніякіх таямніц! Гэта людзі, якія ўжо рэабілітаваныя. Але база мае грыф: толькі «для службовага карыстання». Зноў жа, калі ты хочаш нешта даведацца — дакажы дакументальна, што цікавішся родным чалавекам. Гэтая база павінна быць адкрытая для ўсіх».
Архівы КДБ масава знішчалі
Гісторык, даследчыца тэмы сталінскіх рэпрэсій Тацяна Процька ў 1990-1991 гадах працавала ў трох архівах КДБ Беларусі — Цэнтральным, Гомельскім і Гарадзенскім, а таксама ў архіве ФСБ Расіі. Але паглядзець яшчэ раз нават тыя дакументы, з якімі ёй дазволілі азнаёміцца на пачатку 1990-х, больш не ўдалося, хоць яна не адзін раз яшчэ спрабавала трапіць у архівы КДБ:
«У 2013 годзе я атрымала адмову, якая мяне вельмі здзівіла: я ж казала, што не проста хачу папрацаваць, а пераправерыць інфармацыю, звесткі, якія бачыла раней. Я назвала канкрэтныя фонды, вопісы, а мне адказалі, што гэтых спраў у архіве няма! Я захоўваю гэты адказ з подпісам намесніка старшыні КДБ Сергіенкі.
Калі я пачала працаваць у архівах КДБ, мне прынеслі вялікія тэчкі, дзе былі акты аб знішчэнні дакументаў. Пасля 1961 году і пасля 1990-га, калі Саюз пачаў распадацца, адбылося масавае знішчэньне дакументаў з архіваў КДБ.
Але справы павінны быць даступныя — прайшло ўжо больш за 75 гадоў. Мы павінны мець гэтую крыніцу, архівы».
Тэрор знішчаў будучыню
75-гадовы Уладзімір Раманоўскі нарадзіўся ў ГУЛАГу ў Магаданскай вобласці. Ягоная маці Валянціна Добрава, настаўніца расійскай мовы і літаратуры, пасля даносу калегі была асуджаная ў 1938 годзе на 7 гадоў лагераў і пяць гадоў пазбаўлення правоў.
Уладзімір Раманоўскі, які стварыў унікальны відэаархіў, кажа, што мае відэазапіс двухгадзіннага інтэрвію са сваёй маці:
«У канцы свайго расповеду пра ўсе жахі і цяжкасці высылкі на Калыму ў 19 гадоў, маці вымаўляе такую фразу, якая рухае ўсімі маімі цяперашнімі дзеяннямі: «Я наогул і не шкадую пра гэтыя гады (гэта як самаапраўданне яе як асобы) — там было так шмат цудоўных людзей: прафэсараў, артыстаў, пісьменнікаў, і я шмат ад іх даведалася і пераняла». Ну і які вынік, што ты даведалася і пераняла? Чалавек стварае сваю будучыню сваім мінулым. І вось гэта скрадзеная савецкай уладай магчымасць — другая галоўная подласць ўлады, акрамя непасрэднага знішчэньня людзей, неабгрунтаваных рэпрэсій. І сам факт утойвання праўды пра гэтыя падзеі сведчыць пра тое, што фактычна цяперашняя ўлада з'яўляецца саўдзельнікам злачынстваў».
«З вялікай сям’і з 11 чалавек выжылі толькі я і маці, астатнія загінулі ў ГУЛАГу»
Зінаіда Тарасевіч таксама нарадзілася ў ГУЛАГу. Яе маці забралі ў 1930-м, выслалі з Беларусі ў Архангельскую вобласць:
«Людзі, якія пацярпелі падчас рэпрэсій, хацелі распавесці, што тады адбывалася, каб іншыя ведалі праўду І з гэтай мэтай, каб нічога не было забыта, маці адважылася там нарадзіць дзіця — каб родныя даведаліся, дзе загінуў род. Маўляў, калі дзіця выжыве, сям’я ў Беларусі даведаецца пра лёс маці. Калі мы вярнуліся сюды, высветлілася, што з вялікай сям’і ў 11 чалавек выжылі толькі я і маці, астатнія загінулі ў ГУЛАГу. Няма каму было распавесці... Таму я хачу, каб каб людзі ўяўлялі, што рабілася ў тыя часы, каб наш народ ведаў усю праўду пра рэпрэсіі».
«Каб мінулае не паўтарылася, патрэбна «прышчэпка»
На думку Тацяны Процькі, дзяржаўная сістэма Беларусі, якая зьяўляецца пераемніцай савецкай сістэмы, не можа існаваць без рэпрэсій:
«Гэтая сістэма мае апраўданне, абгрунтаванне і пераносіцца ў сучасныя рэаліі. І ў сённяшняй рэчаіснасці АМАП ахоўвае парадак, міліцыя ахоўвае парадак, спецслужбы ахоўваюць парадак. Вось гэтая парадыгма, укаранёная ў свядомасць савецкіх людзей, пераносіцца і ў свядомасць сучасных беларусаў. І гэта вельмі небяспечна, мне здаецца. З гэтым трэба змагацца, асабліва тым людзям, якія маюць доступ да моладзевай аўдыторыі».
Абавязковыя адукацыйныя праграмы на тэму рэпрэсій
Кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што ў школах, а таксама ў ВНУ, дзе рыхтуюць міліцыянтаў, супрацоўнікаў іншых спецслужбаў, павінны быць спецыяльныя адукацыйныя праграмы па тэме рэпрэсій. Ён узгадаў, як некалькі месяцаў таму трапіў на экскурсію ў былую турму Штазі ў Берліне:
«Сярод сотняў тысяч наведнікаў, якія прыходзяць у музей 80% — школьнікі. Гэта значыць, што ў Нямеччыне ёсць разуменне, што для маладога пакалення мусяць быць абавязковыя адукацыйныя праграмы на тэму рэпрэсій. Так павінна быць і ў нас.
Але ёсць яшчэ адна мэтавая група: гэта сённяшнія супрацоўнікі спецслужбаў — МУС, КДБ, нават вайскоўцы. Ва ўстановах МУС, КДБ павінны быць абавязковыя спецкурсы — як дзейнічалі іх папярэднікі і, самае галоўнае, — што сталася з імі, бо хваля рэпрэсій закранула не адно пакаленне. Яны павінны разумець, што калі сёння яны згодныя на выкананне злачынных загадаў сфабрыкаваць спачатку адміністрацыйную, а потым і крымінальную справу, незаконна затрымліваць людзей, то некалі прыйдуць і па іх. Павінна быць такая «прышчэпка» — праз адукацыю і асвету».
Патрэбен Інстытут нацыянальнай памяці
Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец кажа, што поўнамаштабнае раскрыцьцё ўсёй праўды пра рэпрэсіі магчыма толькі тады, калі ў Беларусі будзе беларуская ўлада:
«Безумоўна, павінен быць створаны Інстытут нацыянальнай памяці, павінна працаваць прэса, царква, павінны быць казанні ў храмах пра гэта.
Трэба памятаць, што ўвосень гэтага году ўся нечысць чырвоная падымецца, будзе трэсці чырвонымі сцягамі, расказваць, якія цудоўныя былі гэтыя ка́ты, што нішчылі мільёны людзей. І нам з вамі трэба мець адказ. Не проста выходзіць і скрыгатаць зубамі, а рабіць справу, распавядаць пра ахвяры, праводзіць акцыі, удзельнічаць у хвалі пакаяння. Рана ці позна ўся праўда заззяе, і гэты дзень будзе сапраўды адзначацца на дзяржаўным узроўні».
Паводле svaboda.org