Крок да праўды

Днямі кінарэжысёр Аляксей Туровіч запрасіў на прэм’еру сваёй экранізацыі апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак», што адбудзецца 16 верасня а 19.15 у сталічным кінатэатры «Масква».

На здымку — менавіта на гэтым полі паміж Курапатамі (злева) і «Экспабелам» у 1930-я гады праходзіў грунтавы ўчастак «Дарогі смерці», дзе адбываліся падзеі, апісаныя Васілём Быкавым у «Жоўтым пясочку» і ўзгаданыя Лідзіяй Крывіцкай. Падчас талокаў у траўні кветнікамі быў пазначаны пачатак трасы гэтага палявога фрагменту «Дарогі смерці». 

На здымку — менавіта на гэтым полі паміж Курапатамі (злева) і «Экспабелам» у 1930-я гады праходзіў грунтавы ўчастак «Дарогі смерці», дзе адбываліся падзеі, апісаныя Васілём Быкавым у «Жоўтым пясочку» і ўзгаданыя Лідзіяй Крывіцкай. Падчас талокаў у траўні кветнікамі быў пазначаны пачатак трасы гэтага палявога фрагменту «Дарогі смерці». 

Аляксей Туровіч запэўніў, што яму не сорамна за зробленае.

Перачытаў «Жоўты пясочак». Праўда жыцця прозы Быкава, як заўжды, кранае за жывое. Удзячны Васілю Уладзіміравічу і ўсім тым, хто збярог гэтую праўду для нас і нашых нашчадкаў.

Узгадаў сведчанні 82-гадовай мінчанкі Лідзіі Раманаўны Крывіцкай, якая з 1939-га стала жыве ў Зялёным Лузе ля самых Курапатаў і распавяла пра голыя пяткі арыштантаў у кузаве «чорнага варанка»:

«Там, дзе зараз гіпермаркет «BIGZZ», да вайны на ўзгорку стаялі саўгасныя (саўгасу «Зялёны Луг». — М.Г.) бурты з бульбай. І некалі ўдзень вясною адна вясковая жанчынка па мянушцы «Дунька, як пыльным мехам удараная», з гэтых буртоў прыхавала ў полі трохі бульбы, каб забраць яе, калі сцямнее. Прыхавала, бо нечым жа трэба карміць сваіх двух дзетак.

Тым часам крыты зялёным брызентам грузавік, які рухаўся ў Курапаты праз палявую дарогу да Заслаўскай шашы, загруз у нізіне. І трэ было той Дуньцы выйсці на гэтую палутарку! А дзень быў халодны, ветраны. І калі вецер расхінуў брызент, якім быў закрыты кузаў машыны, жанчына схамянулася, бо ўбачыла — вязні басанож, як дровы, голымі пяткамі назад…

Як пабачыла гэта нашая Дунька, як расхвалявалася, як загаласіла! Выскачыў з кабіны энкавэдыст з наганам у руцэ, напаў на гэтую кабету: «Чаго ты сюды ідзеш? Ну, хадзем сюды!» і прыгнуў да яе, а яна ад яго бягом са слязамі: «Чаго вы на мяне крычыце, вы загрузлі, а я вінаватая? Я ж сабе іду на працу». Гэтая неспадзяванка магла скончыцца кепска, бо сведкаў расстрэлаў таксама забівалі. Запужаная Дунька бягом да бурту і жаліцца: «Ну чаго ён да мяне прычапіўся?». А рабочы, які раскрываў бульбяныя бурты, калі даведаўся пра гэтую гісторыю, дык сказаў Дуньцы: «Заўжды ты лезеш, куды не трэба. Добра, што ахоўнік цябе яшчэ не закінуў у кузаў да гэтых босых ног».

Дарэчы, паводле арт. 207 Статуту службы канвойных войскаў НКВД СССР ад 29 верасня 1939 года, падчас руху па грунтоўках на грузавіках вязні павінны рассаджвацца на падлозе кузаву машыны шэрагамі тварам у бок, супрацьлеглы руху. Канваіры па колькасці шэрагаў вязняў павінны былі месціцца на лаўцы ў пярэдняй частцы машыны, а начальнік канвою — каля кіроўцы. Канвой павінен быў забараняць вязням уставаць і паварочваць галаву ў бок руху.

Тым часам «чорны варанок» павёз людзей на расстрэл. А нашы саўгасныя перабіраюць бульбу і чуюць, як з лесу стрэлы даносяцца: «Пок, пок, пок».

Гэтыя ўспаміны спадарыні Лідзіі былі ўпершыню апублікаваныя ў «Новым Часе» 11 лістапада 2016 года. Мяркую, што менавіта такога кшталту сведчанні пра падзеі, якія адбываліся на «Дарозе смерці» паміж сталічнай «Амерыканкай» і Курапатамі, і натхнілі народнага пісьменніка Беларусі на апавяданне пра нашу нацыянальную трагедыю.

Праўда пра яе патроху вяртаецца да нас, бо любы нармальны чалавек жадае сабе і сваім нашчадкам шчасця, якое несумяшчальнае з маной, жахам, гвалтам і непавагай да Чалавека.

Пра вяртанне гістарычнай праўды сведчаць і вынікі апошніх раскопак літоўскіх археолагаў на гары Гедыміна ў Вільні. Будзем спадзявацца, што хутка настане дзень, калі мы зможам не толькі пакласці кветкі да мемарыялу на месцы смяротнага пакарання Зыгмунта Серакоўскага і Кастуся Каліноўскага на віленскім пляцы Лукішкі, але і ўшанаваць памяць нашых нацыянальных герояў на месцы іхнага вечнага спачыну.

А сёння павіншуем Аляксея Туровіча з экранізацыяй Быкаўскага «Жоўтага пясочку» і пажадаем яму як мага хутчэй зрабіць наступны крок да праўды — падрыхтаваць беларускамоўную версію сваёй стужкі. Каб як мага хутчэй Курапаты дагрукаліся да сэрцаў і душаў беларусаў.

Дарэчы, усё больш і больш дзеячаў культуры звяртаюцца да курапацкай тэматыкі. Апроч Васіля Быкава і Аляксей Туровіча, свае працы Курапатам прысвяцілі кампазітар Кім Цесакоў (сімфонія №4), музычны гурт «Дзецюкі» (песня «Сумнае рэгі»), а таксама паэты Валер Максімовіч, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Захарэвіч і Алесь Разанаў, скульптары Анатоль Арцімовіч, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Гэнік Лойка і Алесь Сокалаў, жывапісцы Эдуард Агуновіч, Уладзімер Анішчанка, Вольга Бычко, Лявон Грышук, Мікола Бушчык, Генадзь Драздоў, Алесь Мара, Вольга Мокат, Віктар Мікіта, Георгій Скрыпнічэнка, Кацярына Сумарава, Анатоль Сухан, Алесь Цыркуноў, графікі Алесь Грыгор’еў, Генадзь Мацур, Усевалад Свентахоўскі, Алесь Суша і Алег Усціновіч.