«Чалавек нараджаецца свабодным». Віцебскае графіці з Быкавым набыло канчатковы выгляд

Віцебскі творчы дуэт StreetSkills зрабіў чарговы падарунак гораду: на працягу трох дзён мастакі Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін малявалі на будынку трансфарматарнай падстанцыі партрэт Васіля Быкава. Нарэшце малюнак займеў канчатковы выгляд.

fccee14c_eda1_4df4_b13b_f190ed37a367_w1023_r1_s.jpg


Выява пісьменніка выразна глядзіцца на чырвоным фоне, тут жа з'явілася і ягонае выслоўе «Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным».
Мастацкі аб'ект з'явіўся ў двары дома №7 па Маскоўскім праспекце на месцы іншага графіці віцебскіх мастакоў — партрэта амерыканскага рэпэра Nate Dogg. Ранейшы малюнак зь цягам часу стаў выглядаць непрывабна, і сцяну падстанцыі атынкавалі наноў.
Графіці з Быкавым — працяг анансаванага мастакамі цыклю пра славутых землякоў «Ведай нашых», у які ўвайшло вельмі папулярнае ў віцяблян графіці — партрэт Марка Шагала.
У 2014 годзе група віцебскіх мастакоў з творчай суполкі HoodGraff намалявала партрэт Васіля Быкава на будынку трансфарматарнай падстанцыі ў Мінску. Для хлопцаў гэтая ініцыятыва скончылася штрафамі, а выяву зафарбавалі камунальнікі.
Паводле «Радыё Свабода»